ВЕЛАПРАБЕГ, ПРЫСВЕЧАНЫ 130-ГОДДЗЮ ЯЗЭПА ДРАЗДОВІЧА, ПРАВЯЛІ НА ГЛЫБОЧЧЫНЕ

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Велапрабег “Сцяжынкамі Драздовіча”, прымеркаваны да 130-годдзя з дня нараджэння нашага славутага земляка, арганізавалі для моладзі супрацоўнікі Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея сумесна са спецыялістамі  аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. За два дні ўдзельнікі велапрабегу пераадолелі больш за 100 кіламетраў дарог, па якіх колісь  падарожнічаў  сам “дзядзька Язэп”. Пабывалі ў  мясцінах, якія апісваў у сваім дзённіку мастак. Копію дзённіка, дарэчы, моладзь узяла з сабой.

IMG_2292

А стартаваў велапрабег у Глыбокім з наведвання выставы маляваных дываноў “Дзіва дзіўнае”. Пазнаёміўшыся з творамі глыбоцкіх і шаркаўшчынскіх мастакоў, якія працягваюць сёння традыцыі маляванак, турысты рушылі ў дарогу.

IMG_2357
–Калі распрацоўвалі маршрут велапрабегу, мы не ставілі мэту пазнаёміць вас з творчасцю Язэпа Драздовіча, – адзначыў перад стартам старшы навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Хайноўскі. – Нам хацелася б, каб пабываўшы ў мясцінах, звязаных з імем мастака, вы больш даведаліся пра  яго жыццё і паспрабавалі зразумець яго як асобу, –  неардынарную, творчую, але, на жаль, недаацэненую сучаснікамі. Спадзяюся, што падчас велападарожжа вы адкрыеце для сябе  штосьці новае і з гісторыі нашага краю.

IMG_2330
Маршрут велапрабегу пралягаў праз вялікія і малыя вёскі Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, а таксама праз населеныя пункты, якія, на жаль, ужо зніклі з карты раёна. Падарожнікі пабачылі гарадзішчы ля вёсак Запруддзе і Зубкі, якія апісаў у сваім дзённіку мастак. Спыніліся ля “каменя Драздовіча” (на здымку), пабывалі ў краязнаўчым музеі Залескай школы, у мастацка-этнаграфічным музеі Я. Драздовіча ў Германавічах, Лужкоўскай СШ, наведалі старажытныя праваслаўныя і каталіцкія храмы.

IMG_2340
–Я родам з Шаркаўшчынскага раёна, зараз жыву ў Глыбокім.  Ведаў, канечне, што ёсць такі мастак Язэп Драздовіч. Касмічная тэма ў яго творчасці мне вельмі падабаецца. Але не задумваўся, што гэты чалавек меў такі шматгранны талент, – падзяліўся ўражаннямі адзін з удзельнікаў велапрабегу, супрацоўнік райаддзела Дэпартамента аховы Аляксандр Шрэдар. –  Падарожжа навеяла і іншыя, крыху сумныя думкі. Шкада, што знікаюць, выміраюць пакрысе вёскі і вёсачкі,  дзе калісьці  кіпела жыццё. Разам з імі знікае нейкая частка нашай гісторыі.

IMG_2338
–Што мяне найбольш уразіла? Напэўна, атмасфера тых мясцін, у якіх давялося пабываць. Драздовіч, напрыклад, часта гасцяваў у Летніках у свайго сябра Янкі Пачопкі. У той час у вёсцы было больш за 40 хат, а сёння – адна. Але нас нібы зачаравалі, усе мы не хацелі з’язджаць з гэтага месца. Наогул, на працягу ўсяго велапрабегу часта задумваліся над тым, як жа, напэўна, цяжка было Драздовічу пераадольваць такія адлегласці пешшу. І ў кожнага з нас узрастала павага да гэтага таленавітага чалавека, – расказала загадчык раённага Дома рамёстваў Святлана Скавырка. –  Я не раз бачыла арыгінальныя творы Язэпа Драздовіча, што захоўваюцца ў музеі ў Германавічах, але кожны раз адчуваю моцную, касмічную энергетыку гэтых работ, энергетыку сапраўднага таленту.

IMG_2308
“Найбольшая прыемнасць была мне ў гэтым падарожжы – гэта два маіх адпачынкі, вяртаючыся, пры добрай яснай і цёплай пагодзе, дамоў з Глыбокага. Першы выпачынак зрабіў на прыазёрнай грэблі (з паркам Молевага двору) над возерам Мураўшчына. Што за дзіўны ландшафт. Злева, у лагу скрозь сосны сіневацела возера, справа – вёска, а насупраць, па-за вёскаю ўдаль узвышалася цэлая града, па-над возерам Гародня Гарадзішчанскіх гор і з высачэзна-стромаю чорнаверхаю гарой – гарадзішчам (Гародняй). Другі выпачынак зрабіў на крыжоўках дарог (між Залессем і Сасноўкай, дзе камень з крыжам), на ўзбярэжжу казённага лесу, пад ёлкаю, на якой паставіў выразаную літару “Я”. Ох, як прыемна, спадарожыўшыся, адпачнуць, любуючыся рознавыгляднымі фігурамі кучкавастых воблак на бірузова-зялёненькім фоне адвячоркавага неба,” — запісаў у сваім дзённіку Язэп Драздовіч вясной 1936 года.

IMG_2301
Вось і нашы глыбоцкія падарожнікі. Стаміліся, затое назапасілі ўражанняў, налюбаваліся пейзажамі. Адпачываюць цяпер і чакаюць новых цікавых падарожжаў.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru