У чарговым матчы першынства вобласці па футболе ФК “Глыбокае” на сваім полі прымаў уладальніка кубка вобласці 2018 года ФК “Детскосельский” з Гарадка. Матч завяршыўся ўнічыю – 3:3.
Здаецца, радавацца трэба: выстаялі ў гульні з такім моцным сапернікам, які і ў фінальным раўндзе першынства дэманструе гульню высокага класа і спадзяецца на залаты дубль: каб к заваяванаму кубку дабавіць яшчэ званне чэмпіёна Віцебскай вобласці.
Інтрыга чэмпіянату, які прадаўжаецца, – у тым, што ў фінальным матчы за кубак вобласці, які праходзіў у Бешанковічах, ФК “Детскосельский” сустракаўся з ФК “Полацкгаз”, сённяшнім лідарам, і атрымаў упэўненую перамогу – 6:3. І клуб з Полацка, несумненна, хоча ўзяць рэванш у матчах фінальнага раўнда. Першая сустрэча паміж гэтымі камандамі праходзіла ў Полацку і завяршылася ўнічыю — 1:1. І па прагнозах спецыялістаў, многае ў чэмпіянаце, калі не ўсё, вырашыцца ў другой сустрэчы між імі ў Гарадку.
Пра ўсё гэта расказалі таму, каб вы ведалі, якая моцная, якая класная каманда супрацьстаяла ў чарговым туры ФК “Глыбокае”. І радавацца трэба, што нічыя. Але радасці няма. І па той простай прычыне, што нашы землякі гулялі лепш за сапернікаў. Тры разы вялі ў ліку, і тройчы госці адыгрываліся.
Першы мяч у вароты ФК “Детскосельский” (Гарадок) быў забіты пасля таго, як суддзя за грубы фол у штрафной пляцоўцы супраць Арцёма Жыгулёўцава прызначыў пенальці. Удар Віталя Смалякова варатар адбіў, але першым каля мяча аказаўся Мікалай Вітвіцкі і направіў яго ў сетку варот — 1:0.
У адной з рэдкіх контратак у першым тайме госці зраўнялі лік — 1:1.
Другі тайм можна назваць таймам Віталя Смалякова, які двойчы выводзіў наперад ФК “Глыбокае” і рабіў гэта вельмі прыгожа, тэхнічна, лёгка разабраўшыся з абаронцамі гасцей. Між іншым, свой другі мяч – балельшчыкі верылі, што пераможны! – Віталь забіў за пяць мінут да канца сустрэчы, і наш клуб павёў у ліку 3:2. Да перамогі і важных трох ачкоў, якія б умацавалі турнірнае становішча ФК “Глыбокае”, было, як кажуць, рукой падаць. Але прыкрая памылка ў абароне – ігрок ФК “Глыбокае” аддае пас назад, такі “дакладны”, што нападаючы гасцей аказваецца сам на сам з варатаром Якавам Жыгулёўцавым – і лік становіцца нічыйным — 3:3. На жаль, не ўсе ігракі, якія выступаюць за наш клуб, усвядомілі азы футбольнай мудрасці: у складанай сітуацыі, калі сапернікі цябе атакуюць, і ты не можаш прыняць правільнае рашэнне, лепш выбіць мяч у аўт, нават – на вуглавы, але не пасаваць назад, у сваю штрафную пляцоўку, дзе мяч можа перахапіць хтосьці з сапернікаў. Так і здарылася ў гэтай сустрэчы. І каб гэта было толькі раз! На тыя ж самыя граблі абаронцы ФК “Глыбокае” наступаюць раз за разам. І губляюць такія дарагія ў фінальным раўндзе ачкі. Пасля гэтага матча іх магло быць 16 (і другое месца ў турнірнай табліцы), а стала толькі 14 (чацвёрты вынік). Пры гэтым трэба сказаць, што большую частку матча госці правялі ўдзесяцярых: за неспартыўныя паводзіны на полі іграку ФК “Детскосельский” галоўны суддзя паказаў чырвоную картку. Быў шанц выйграць матч у аднаго з лідараў першынства, вось толькі рэалізаваць яго не ўдалося.
Тым часам нашы асноўныя канкурэнты ў барацьбе за медалі чэмпіянату не спяць у шапку: ФК “Полацкгаз” на выездзе перамог ФК “Славянскі Велес-Дзвіна” – 3:1, а ФК “Ніва” (Талачын) з мінімальным лікам 2:1 нанёс паражэнне клубу з Міёр. ФК “Лепель” і ФК “Газавік” (Віцебск) згулялі ўнічыю — 1:1.
У выніку ФК “Полацкгаз” пайшоў у адрыў: 20 ачкоў. На другім месцы – ФК “Детскосельский” (Гарадок): 17, на трэцім – “Ніва” (Талачын): 15.
У гэту суботу, 29 верасня, глыбоцкія футбалісты прымаюць ФК «Ніва» з Талачына. Балеем за нашых!