УП «МЯРЭЦКІЯ» ЗАКОНЧЫЛА СЯЎБУ АЗІМЫХ НА ЗЕРНЕ І ЗАВЯРШЫЛА ЎБОРКУ КУКУРУЗЫ

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

УП “Мярэцкія” – гаспадарка, дзе аўтар у апошні час  двойчы пабываў на палях: першы раз –  на ўборцы зерневых культур, другі – у дзень, калі мясцовыя механізатары ўжо закончылі сяўбу азімых на зерне і завяршалі ўборку кукурузы. І два разы ў “Мярэцкія” прыязджаў па ініцыятыве намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Віктара Дубоўкі.

Мярэцкія-2-017
Ну такі ўжо чалавек, Віктар Усеваладавіч, што хоча, каб пра калектыў, пра лепшых механізатараў  унітарнага прадпрыемства сказалі ў газеце добрае слова. Калі ў матэрыяле “А на суседнім полі было больш за 50 цэнтнераў” (№61 “ВГ” за 1 жніўня 2018 года) героямі дня былі камбайнеры Генадзь Сіманковіч, Аляксандр Арэхаў, Васіль Селезень і Андрэй Галуза, то цяпер імі сталі Васіль і Дзяніс Фёдаравы — у дзень, калі наведаў гаспадарку працавалі на ўздыме глебы на  магутных МТЗ-3522 — і Васіль Садоха, які на кормаўборачным комплексе на апошніх плошчах убіраў кукурузу.

Фёдаравы-010
Галоўны аграном прадпрыемства Віктар Далідзёнак – з ім сустрэліся на кукурузным палетку каля вёскі Запруддзе – у размове прызнаўся, што папярэднімі вынікамі ў галіне раслінаводства ў гэтым годзе задаволены. Інфармацыя такая. Ураджайнасць зерневых і зернебабовых ва УП  “Мярэцкія” – больш за 28 цэнтнераў  з гектара. На ўмоўную галаву жывёлы ўжо нарыхтавана 23,4 цэнтнера кармавых адзінак (летась было 17,37) і нарыхтоўка кармоў прадаўжаецца. Азімых на зерне трэба было пасеяць 942 гектары, пасеялі ўжо 971,  і работы на азімым палетку ідуць поўным ходам. Кукуруза ўбрана з усіх 450 гектараў, ураджайнасць зялёнай масы – 301 цэнтнер з гектара.

Мярэцкія
На полі ж каля Запруддзя ўраджайнасць была пад 400 цэнтнераў. На здымках (на адным з іх – механізатар Васіль Садоха, на другім – уборка кукурузы) добра бачна, што каралева палёў парадавала спецыялістаў гаспадаркі.

—Кукуруза вымахала такая па той прычыне, што кармілі яе вадкімі ўгнаеннямі – КАСам,  угнаенні ўносіліся раўнамерна, і нізкаўраджайных участкаў па полі няма, — зазначыў галоўны спецыяліст.

Кукуруза ўбрана, план азімых на зерне выкананы, але працы яшчэ шмат, расслабляцца вяскоўцам ніяк не выпадае.  З Віктарам Дубоўкам пабывалі на полі за вёскай Лучайка, дзе на магутных МТЗ-3522 з абаротнымі плугамі вялі асенняе ворыва Васіль і Дзяніс Фёдаравы. Абодва браты закончылі Глыбоцкі прафліцэй: Васіль – калі навучальнай установай кіраваў Рыгор Жук, Дзяніс – калі дырэктарам быў Алег Морхат. Абодва – шчырыя, працавітыя хлебаробы. Размова не здоўжылася, кожная хвілінка – на ўліку, і Дзяніс сказаў так: “Мы па характары баявыя, таму і вынікі маем”.

З’ездзілі мы і на  жывёлагадоўчы комплекс “Мярэцкія”, дзе ўзводзіцца новая траншэя для кармоў на тры тысячы тон (на здымку). І ўжо на развітанне   Віктар Дубоўка папрасіў праз газету выказаць удзячнасць работнікам райвыканкама, якія аказвалі дапамогу гаспадарцы ў падборы камянёў.

—Штодзень дзесяць чалавек прыязджалі і шчыра працавалі, — заўважыў ён.

…Першы дзень гэтага тыдня пашчодрыў на дажджы, тэмпы палявых работ упалі, але працаўнікам УП “Мярэцкія” было крыху спакайней, чым хлебаробам тых гаспадарак, дзе яшчэ ў полі стаіць кукуруза, дзе запазніліся з тэрмінамі сяўбы азімых культур.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2024

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru