Велапрабег “Сцяжынкамі Драздовіча”, прымеркаваны да 130-годдзя з дня нараджэння нашага славутага земляка, арганізавалі для моладзі супрацоўнікі Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея сумесна са спецыялістамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. За два дні ўдзельнікі велапрабегу пераадолелі больш за 100 кіламетраў дарог, па якіх колісь падарожнічаў сам “дзядзька Язэп”. Пабывалі ў мясцінах, якія апісваў у сваім дзённіку мастак. Копію дзённіка, дарэчы, моладзь узяла з сабой.
А стартаваў велапрабег у Глыбокім з наведвання выставы маляваных дываноў “Дзіва дзіўнае”. Пазнаёміўшыся з творамі глыбоцкіх і шаркаўшчынскіх мастакоў, якія працягваюць сёння традыцыі маляванак, турысты рушылі ў дарогу.

–Калі распрацоўвалі маршрут велапрабегу, мы не ставілі мэту пазнаёміць вас з творчасцю Язэпа Драздовіча, – адзначыў перад стартам старшы навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Хайноўскі. – Нам хацелася б, каб пабываўшы ў мясцінах, звязаных з імем мастака, вы больш даведаліся пра яго жыццё і паспрабавалі зразумець яго як асобу, – неардынарную, творчую, але, на жаль, недаацэненую сучаснікамі. Спадзяюся, што падчас велападарожжа вы адкрыеце для сябе штосьці новае і з гісторыі нашага краю.

Маршрут велапрабегу пралягаў праз вялікія і малыя вёскі Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, а таксама праз населеныя пункты, якія, на жаль, ужо зніклі з карты раёна. Падарожнікі пабачылі гарадзішчы ля вёсак Запруддзе і Зубкі, якія апісаў у сваім дзённіку мастак. Спыніліся ля “каменя Драздовіча” (на здымку), пабывалі ў краязнаўчым музеі Залескай школы, у мастацка-этнаграфічным музеі Я. Драздовіча ў Германавічах, Лужкоўскай СШ, наведалі старажытныя праваслаўныя і каталіцкія храмы.

–Я родам з Шаркаўшчынскага раёна, зараз жыву ў Глыбокім. Ведаў, канечне, што ёсць такі мастак Язэп Драздовіч. Касмічная тэма ў яго творчасці мне вельмі падабаецца. Але не задумваўся, што гэты чалавек меў такі шматгранны талент, – падзяліўся ўражаннямі адзін з удзельнікаў велапрабегу, супрацоўнік райаддзела Дэпартамента аховы Аляксандр Шрэдар. – Падарожжа навеяла і іншыя, крыху сумныя думкі. Шкада, што знікаюць, выміраюць пакрысе вёскі і вёсачкі, дзе калісьці кіпела жыццё. Разам з імі знікае нейкая частка нашай гісторыі.

–Што мяне найбольш уразіла? Напэўна, атмасфера тых мясцін, у якіх давялося пабываць. Драздовіч, напрыклад, часта гасцяваў у Летніках у свайго сябра Янкі Пачопкі. У той час у вёсцы было больш за 40 хат, а сёння – адна. Але нас нібы зачаравалі, усе мы не хацелі з’язджаць з гэтага месца. Наогул, на працягу ўсяго велапрабегу часта задумваліся над тым, як жа, напэўна, цяжка было Драздовічу пераадольваць такія адлегласці пешшу. І ў кожнага з нас узрастала павага да гэтага таленавітага чалавека, – расказала загадчык раённага Дома рамёстваў Святлана Скавырка. – Я не раз бачыла арыгінальныя творы Язэпа Драздовіча, што захоўваюцца ў музеі ў Германавічах, але кожны раз адчуваю моцную, касмічную энергетыку гэтых работ, энергетыку сапраўднага таленту.

“Найбольшая прыемнасць была мне ў гэтым падарожжы – гэта два маіх адпачынкі, вяртаючыся, пры добрай яснай і цёплай пагодзе, дамоў з Глыбокага. Першы выпачынак зрабіў на прыазёрнай грэблі (з паркам Молевага двору) над возерам Мураўшчына. Што за дзіўны ландшафт. Злева, у лагу скрозь сосны сіневацела возера, справа – вёска, а насупраць, па-за вёскаю ўдаль узвышалася цэлая града, па-над возерам Гародня Гарадзішчанскіх гор і з высачэзна-стромаю чорнаверхаю гарой – гарадзішчам (Гародняй). Другі выпачынак зрабіў на крыжоўках дарог (між Залессем і Сасноўкай, дзе камень з крыжам), на ўзбярэжжу казённага лесу, пад ёлкаю, на якой паставіў выразаную літару “Я”. Ох, як прыемна, спадарожыўшыся, адпачнуць, любуючыся рознавыгляднымі фігурамі кучкавастых воблак на бірузова-зялёненькім фоне адвячоркавага неба,” — запісаў у сваім дзённіку Язэп Драздовіч вясной 1936 года.

Вось і нашы глыбоцкія падарожнікі. Стаміліся, затое назапасілі ўражанняў, налюбаваліся пейзажамі. Адпачываюць цяпер і чакаюць новых цікавых падарожжаў.


2.8600
3.3600
3.7500 

