Колькі за год Глыбоччына сустракае дэлегацый з-за мяжы? Шмат! Едуць да нас з Грузіі, Расіі, Літвы, Латвіі, Германіі, Францыі… І пра гэтыя цёплыя сустрэчы мы стараемся падрабязна расказаць на старонках нашай газеты.
Не радзей вітаюць глыбоцкіх дэлегатаў за мяжой, дзе нашы землякі у сваю чаргу прэзентуюць родны край, горад, раён. Такое цеснае супрацоўніцтва адбываецца дзякуючы планамернай рабоце Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта.
Нядаўна стала вядома, што плённая дзейнасць нашага раённага кіраўніцтва па наладжванні сувязей з беларускімі дыяспарамі за мяжой ацэнена Пахвальнай граматай Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь. Па выніках 2017 года Глыбоцкі райвыканкам сярод шэрагу выканкамаў рэгіёнаў краіны ўзнагароджаны за актыўны ўдзел у рэалізацыі праекта “Адміністрацыйны рэгіён Беларусі – арганізацыя суайчыннікаў за мяжой”.
Патлумачым, што згаданы праект накіраваны на падтрымку і папулярызацыю мерапрыемстваў па наладжванні кантактаў паміж рэгіёнамі нашай краіны і суседніх дзяржаў. Дзякуючы гэтаму развіваецца ўзаемадзеянне ў сферы адукацыі, культуры, спорту, інфармацыі, захоўваецца гісторыка-культурная спадчына народаў.
Мінулы год і сапраўды быў насычаны на падзеі. Глыбоцкім райвыканкамам сумесна з раённым Саветам дэпутатаў праведзены шэраг рабочых сустрэч з дэлегацыямі гарадоў-пабрацімаў з Грузііі, Латвіі, Расіі, Украіны. Установы культуры і мастацтваў актыўна наладжвалі культурныя сувязі. Глыбоччына гасцінна сустракала дудароў з Шатландыі, Чэхіі, Польшчы, Бельгіі, Расіі на І фестывалі дударскіх рэгіёнаў “Дударскі рэй”, вітала рамеснікаў і калектывы мастацкай самадзейнасці з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Расіі, Ізраіля, Польшчы на Міжнародным свяце “Вішнёвы фестываль”. У рамках рэалізацыі мясцовай ініцыятывы “Стварэнне віртуальных падарожжаў па гісторыка-культурнай спадчыне рэгіёна” прайшла этна-вечарына, удзельнічаць у якой запрасілі харавую капэлу “Спадчына” з Цэнтра беларускай культуры” (г. Даўгаўпілс, Латвія).
Дзякуючы наладжаным культурным сувязям з краінамі-партнёрамі нашы творцы паўдзельнічалі ў замежных конкурсах: прадстаўнікі Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў – у міжнародным конкурсе маадых выканаўцаў на духавых і ударных інструментах “Naujene WIND» (Латвія), узорны ансамбль народнага танца “Радасць” – у XVI Міжнародным фестывалі-конкурсе музычнай творчасці “Зямля – наш дом” (Расія), настаўнікі Падсвільскай ДШМ – у ХХ Латвійскім фестывалі народнай музыкі. У чэрвені 2017 года было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Лудзенскай мастацкай школай імя Ю. Сойкана і Глыбоцкай дзіцячай мастацкай школай імя Я. Драздовіча. З дапамогай сваіх яркіх выступленняў наш раён за мяжой прэзентавалі і творчыя калектывы: народны тэатр фальклору “Цярэшка” – у г. Ярцава (Расія), вакальная група “Глыбоцкія дзяўчаты” – у расійскім Шлісельбургу і ў грузінскім Тэлаві.
Падобныя міжнародныя сяброўскія сустрэчы і новыя знаёмствы працягваюцца і ў 2018 годзе. І як плённае супрацоўніцтва будзе развівацца далей, сачыце за публікацыямі ў газеце.