Можна шмат прыгожых слоў гаварыць пра любоў да малой радзімы, знаходзячыся за сотні кіламетраў ад яе і бываючы дома добра калі раз у год. А можна жыць і працаваць там, дзе нарадзіўся, укладваць усю сваю душу ў развіццё малой радзімы і адчуваць сябе шчаслівым. Глыбачаніну Аляксею Палавінчыку бацькоўская хата дапамагла распачаць уласную справу, навучыла быць гаспадаром на сваёй зямлі. А яшчэ яна стала для маладога чалавека абярэгам ад духоўнай пустаты і талісманам, які засцерагае ад раўнадушша і ляноты. Малая радзіма і яе адраджэнне – вось той сэнс жыцця, важнасць і важкасць якога разумеюць усе – ад малога да вялікага — члены сям’і Палавінчыкаў.
“Малая радзіма – не прадаецца!”
Ніхто з нас не бачыў аб’яў “прадаю малую радзіму”, а вось аб’явы аб продажы дамоў у вёсках ёсць у кожным нумары. Дзеці, якія аселі ў вялікіх гарадах, прадаюць хаты, дзе некалі жылі бацькі і якія цяпер за непатрэбнасцю пазарасталі вышэй стрэх быльнёгам. Малая радзіма, непатрэбная нават пад дачы, прадаецца, часам, за сімвалічныя сумы. Вядома, што гэта кошт струхнелых ад часу пабудоў, а жыццё, якое ў іх праходзіла і ўспаміны пра яго, на самой справе бясцэнныя. Так думаў і Аляксей Палавінчык, а таму адгаварыў бацьку прадаваць дзедаву хату ў Ластавічах, дзе даўно ніхто не жыў.
— Яе будаваў мой дзед Еўграф Артамонавіч Палавінчык. Падвал сам рабіў з чэсанага камня, які сто гадоў прастаяў і яшчэ столькі паслужыць. Мы, дзеці, у ім ад грому хаваліся. Сажалку ля хаты, якую мы з сынам летась пашырылі і паглыбілі, ён у свой час лапатай выкапаў. Дзед усё жыццё працаваў, не пакладаючы рук і пражыў 103 гады. Калі яму споўнілася сто, казаў: “Гэта ж нада, сотню гадоў пражыў, паміраць нада, а не хочацца”, а праз тры гады ўжо другая была ў яго размове нота: “Сто тры гады пражыў, паміраць нада, а смерць не ідзе”. А бацька мой Аксенцій Еўграфавіч быў кавалём, меў сваю кузню, — пачынае размову бацька Аляксея Васіль Аксенцьевіч. – У гэтай хаце я нарадзіўся, адсюль у армію пайшоў, ажаніўся, тут залатое вяселле з жонкай адзначалі. Тут возера Ластавіцкае, дзе мы дзецьмі купаліся і рыбу вудзілі, у Дворным садзе на яго ўзбярэжжы гулялі пастаянна, у Яднева і ў Яркоўскі лес у ягады і ў грыбы хадзілі. Усе сцяжынкі вядомыя, знаёмыя, да болю родныя. Але я пераехаў у Глыбокае, уладкаваўся на працу ў лясгас, атрымаў кватэру і стаў гараджанінам. Трыццаць гадоў галоўным механікам адпрацаваў. За работай не было надта часу ў вёску ездзіць, таму дом памалу-паціху “асунуўся”. І час патрэбен, і грошы, каб яго паднавіць, але і таго, і гэтага пастаянна не хапае вось і даў аб’яву на продаж. Адзін пакупнік з Мінска абышоў старыцу, абгледзіў і кажа: “Калі дадуць тысячу долараў – прадавайце”. Вось тут сын і пачаў угаворваць: “Гэтыя грошы за месяц разыдуцца – не ўбачыш, а радавога гнязда ў нас больш ніколі не будзе. Што казаць: малайчына сын, правільныя словы сказаў, і я з ім згадзіўся. На сямейным савеце вырашылі распачынаць у Ластавічах свой бізнес.
—Нейкі час у мяне была даволі няпростая жыццёвая сітуацыя, грошы для сям’і зарабляў на маскоўскіх новабудоўлях. У ад’ездзе сумаваў па Глыбоччыне, не хапала мне ў Расіі духу роднай зямлі, — гаворыць Аляксей. – Ведаў, што будзе не лёгка і з аграсядзібай, але мяне падтрымалі бацькі, жонка, сястра, і чатыры гады назад мы ўзяліся за рэстаўрацыю малой радзімы.
Дзве пары рук і дзяржаўны крэдыт у дапамогу
Усё пачыналася з дзвюх пар рабочых рук бацькі і сына. Напачатку рабілі тое, што не патрабавала асаблівых фінансавых затрат: умацавалі каменем падмурак, перабралі трысцен, “надтачылі” яго з двух бакоў, перакрылі страху. Эстэтычны “малажавы” выгляд дому надала імітацыя пад брус. Са сродкаў была зарплата Аляксея, які працуе ў лясгасе, ды бацькоўскія пенсіі. Унутранае пераабсталяванне даволі хутка “з’ядала” гэтае фінансаванне і перад мужчынамі паўстала класічнае пытанне: “Што рабіць далей?” Адказ на яго дапамагла знайсці дзяржава, а дакладней – спецыялісты ААТ “Белаграпрамбанка”, куды Аляксей звярнуўся за крэдытам.
—Да маёй просьбы ўпраўляючы банка Дзмітрый Буднік аднёсся сур’ёзна. Ён выехаў на месца, паглядзеў, што мы зрабілі, спытаў пра перспектыву. Відаць, убачыў наша жаданне зрабіць усё па-гаспадарску, таму даў заданне сваім спецыялістам выдзеліць крэдыт. Крэдыт на спажывецкія патрэбы ўзяў на сябе і бацька, і цяпер усе грошы мы ўкладваем у справу. Выгадна было тое, што першы год я не плаціў доўг, а толькі працэнты па крэдыце, а цяпер кожны месяц вяртаю па 800 рублёў. Сума даволі значная для сям’і з улікам таго, што наша аграсядзіба пакуль толькі “становіцца на ногі”. Мы ў яе пакуль больш укладваем, чым атрымліваем, таму працуем з бацькам, з сябрамі, дзякуй ім за дапамогу, не пакладаючы рук, — расказвае Аляксей, для якога не першы ўжо год адпачынак – гэта змена рода дзейнасці.
“Абярэг” – вучыць цаніць роднае і дае адпачынак душы
Сёння аграсядзіба “Абярэг” – гэта жоўценькі, колеру сонца, двухпавярховы з паднавесам дом на ўзвышшы. На першым яго паверсе — вялікая гасцёўня з даўнейшай чыста выбеленай рускай печчу з шыкоўнай ляжанкай, з камінам на дрывах, дзвюма канапамі. Прасторны пакой аздоблены нацыянальным каларытам — вышытымі ручнікамі і фіранкамі, даматканымі дарожкамі, прабабчыным калаўротам, даўнейшай радыёлай… Побач – сучасная кухня, дзе ёсць усё неабходнае для таго, каб гатаваць есці і сервіраваць стол. Далей – банкетная зала на 20 чалавек з масіўнымі самаробнымі сталамі і такімі ж лаўкамі, зробленымі ўласнаручна, з камінам і старадаўняй шафай у куточку.
—Выкінуць яе рука не паднялася, бо гэта ж пасаг маёй мамы, — кажа Васіль Аксенцьевіч. – Адна з яе створак спісана па-польску: калі мама была не ў настроі, яна тут свае пачуцці апісвала. У гэтых радках засталася яе душа, яе думкі, на якія раней ніхто ўвагі не звяртаў…
На другім паверсе – пакой для начлегу, абшыты вагонкай, з камінам, балконам і прыгожым відам на дарогу, якая бяжыць некуды за гарызонт. Другі такі ж пакой пакуль яшчэ ў стадыі будаўніцтва. Усе люстры “пад даўніну” рабіў сам Аляксей па ўзорах, знойдзеных у Інтэрнэце.
Побач з галоўным будынкам аграсядзібы альтанка на дзесяць месц, перад домам – месца для лужка і кветніка, ніжэй – абкладзены каменем калодзеж, воддаль – сажалка з прыгожым мастком — рамантычнае месца для закаханых. Ля хаты — агарод, сажалка для яго паліву, старыя яблыні… Прасторы хопіць для любой кампаніі.
Першы запіс у кнізе водгукаў, якую зрабіла жонка Аляксея Юлія, датуецца сёмым жніўнем 2016 года. Першай адпачывала ў Ластавічах сям’я з Наваполацка, якая напісала, “што гэта надзвычайна спакойнае і ўтульнае месца з дабразычлівымі гаспадарамі і выдатнай аўрай”. Затым другі дзень вяселля праводзілі тут маладажоны – да іх паслуг і шашлычніца, і вяндлярня.
У “Абярэгу” адзначалі карпаратывы, вяселлі, юбілеі, дні нараджэння. Падчас “Вішнёвага фестывалю” заязджалі “Міс-прыгажуні”. Спыняліся тут турысты з Германіі, якія таксама пакінулі свой водгук. Ён, праўда, напісаны па-нямецку, але слова “гут”, якое часта паўтараецца ў тэксце, гаворыць само за сябе. “Дзякую за выдатны адпачынак на маёй малой радзіме. Усё зроблена з любоўю і ў духу даўніны. Дзякую за павагу да традыцый нашых продкаў і захаванне памяці быту беларускай вёскі», — пісала ўраджэнка гэтых месц, наведвальніца з Расіі.
—Суткі арэнды ў нас каштуюць 100 рублёў, вечар – 50 рублёў. Гэта даволі прымальная сума, бо адпачываюць у нас кампаніямі, — кажа Аляксей.
На дасягнутым мужчына спыняцца не думае і прызнаецца, што ў іх, на дваіх з бацькам, “напалеонаўскія” планы.
“Аграсядзіба – справа і сэнс майго жыцця”
—Дом, як малое дзіця, яго надоўга аднаго не пакінеш, нагляд за ім патрэбны пастаянна. Летась брыгада майстроў зруб новы паставіла. Тут будзе лазня з парылкай, на другім паверсе – більярдная. Планую зрабіць залу банкетную на сто чалавек, крыты паднавес – гэта будучая сцэна, дзе зможа размясціцца ансамбль і іграць на вяселлях. Ля сажалкі з цягам часу будзе аўтастаянка. Планую закласці малады фруктовы сад, бычкоў галоў дваццаць узяць на гадоўлю, каб забяспечыць і сябе, і адпачываючых свежай экалагічна чыстай прадукцыяй, — расказвае аб планах на будучыню Аляксей. – Работы шмат, сумаваць некалі, але цяпер я разумею, што аграсядзіба – гэта не толькі ўласная справа; яна – сэнс майго жыцця. Я, як мужчына, павінен, дрэва пасадзіць, дом пабудаваць, сына нарадзіць і пакінуць яму спадчыну.
—Раней я купляў латарэі і казаў: “Калі выйграю, усе грошы аддам, каб зрабілі добрую дарогу да Ластавіч”, — кажа Васіль Аксенцьевіч. – Цяпер я ў латарэю не гуляю, бо дарога да вёскі — хоць каціся. Вялікая падзяка ад нас за выдзеленыя сродкі старшыні райвыканкама Алегу Морхату, дарожнікам, якія клалі асфальт, дзяржаве, якая дае магчымасць адкрываць бізнес на сяле, лічыце, на льготных умовах з аплатай падатку адной базавай велічыні ў год, і тым спрыяе не толькі занятасці людзей, але і іх вяртанню да каранёў сваіх. Адна невялікая акалічнасць псуе настрой наведвальнікаў: каб пазваніць па мабільным тэлефоне, ім трэба хадзіць па ўсёй тэрыторыі сядзібы і шукаць месца, дзе “ловіць” сувязь. А ў астатнім усё добра: пачатак пакладзены, перспектыва, як і сямейная падтрымка, ёсць: будзем працаваць!