10 гадоў мінула, як адкрыўся ў Глыбоцкім раёне дом сямейнага тыпу, у якім паспяхова гаспадарыць сям’я Грабко. Таццяна Міхайлаўна і Рыгор Андрэевіч – сталі самымі блізкімі людзьмі і нават анёламі-ахоўнікамі дзеткам, якія засталіся без бацькоўскай любові і ласкі. Тую добразычлівую атмасферу, якая пануе ў вялікай сям’і, не перадаць словамі – трэба там абавязкова пабываць. Заехаць ці зайсці з падарункамі. Ваша душа толькі дзякуй “скажа” за прыемныя хвіліны, праведзеныя ў цёплай сямейнай абстаноўцы, за кубачкам гарбаты і самаробнай смакатой (інакш гасцей там не сустракаюць) – і захочацца туды вярнуцца зноў.
Менавіта з такімі адчуваннямі вярталася цудоўная кампанія маладых людзей, якія напярэдадні Міжнароднага дня дабрачыннасці (а ён значыцца ў календары 5 верасня), пагасцявалі ў сям’і Грабко. Праўда, што ёсць такая дата моладзь не ведала – у яе была зусім іншая нагода тут пабываць, а дакладней дзве.
– Па-першае, юбілей з дня стварэння дома сямейнага тыпу! Па-другое, Дзень ведаў! – расказала адзін з арганізатараў паездкі, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Працук. – У нашай добрай справе паўдзельнічалі члены клуба валанцёраў “Добрыя справы”, моладзь Глыбоччыны – прадстаўнікі з арганізацый і прадпрыемстваў, а таксама супрацоўнікі Глыбоцкага РАНС. І кожны з іх прывёз свае падарункі і віншаванні.
– На свяце “Бывай, лета! Добры дзень, школа!” раённы камітэт ГА “БРСМ на Цэнтральнай плошчы горада праводзіў акцыю “У школу з Добрым сэрцам”, падчас якой дзякуючы нераўнадушным удзельнікам святочнай праграмы былі сабраны канцылярскія прыналежнасці. Усю гэтую канцылярыю мы і падарылі дзеткам – выхаванцам дома сямейнага тыпу, – расказала першы сакратар РК ГА “БРСМ” Эла Ждановіч.
Святлана Вартанян і яе букетныя паветраныя шарыкі адразу з парога стварылі святочны настрой, які не на хвілінку не пакідаў нікога. Валанцёры з клуба “Добрыя справы” ўзнагародзілі Рыгора Андрэевіча і Таццяну Міхайлаўну памятнымі медалямі і дыпломамі. Цырымонія прайшла ўрачыста, бо ўзнагароды “Лепшы тата”, “За выхаванне дзяцей”, “адлітыя” з дабром, цяплом і ўдзячнасцю, былі ўручаны сапраўдным героям з залатымі сэрцамі.
Супрацоўнікі РАНС ад імя кіраўніцтва і калектыва падарылі тэматычныя падарункі і дапоўнілі віншаванне гульнямі, таксама тэматычнымі, так бы мовіць, па службе.
Фатограф Алёна Шаршунс наладзіла шыкоўную фотасесію для ўсёй дружнай сям’і. Было весела, цікава і мадэлям, і гледачам.
Свята-экспромт прайшло на “ўра”! А якімі душэўнымі былі пасядзелкі за сталом з гарбатай і торцікамі. Толькі перш чым іх разрэзаць, юбіляры задзьмулі свечкі, загадаўшы жаданне. З нагоды свята на тортах запалілі халодныя фантанчыкі – такі маленькі феерверк атрымаўся на радасць дзеткам.
– І мы радаваліся разам з імі! А як жа нам не хацелася развітвацца. Нам так хораша было разам. І такая шчырая, сардэчная, даверлівая размова ў нас ішла за сталом. Таццяна Міхайлаўна – гэта кладзезь дабрыні і мудрасці. У гэты дом сапраўды хочацца вяртацца зноў і зноў, – не прытойвала эмоцый Таццяна Віктараўна.
І яны вернуцца. Абавязкова вернуцца за жыццёвай парадай, за незабыўным душэўным адпачынкам у дом, напоўнены дабрынёй, любоўю і міласэрнасцю, каб падзяліцца частачкай сваёй шчодрай душы.