Шосты па ліку “Вішнёвы фестываль” у Глыбокім удаўся на славу. Гэта было цудоўнае, іскрамётнае, па-сапраўднаму народнае свята. Яно захапляла сваім размахам, гасціннасцю і шчырай цеплынёй. У вялікім вішнёвым карагодзе кружылі, танчылі, спявалі госці зблізку і здалёк. Вялася шумная гамонка, высока ў паднябессе несліся звонкія песні на беларускай, рускай, польскай, грузінскай, літоўскай, латышскай, французскай мовах. Вуліцы і плошчы Глыбокага былі расквечаны вішнёвымі фарбамі, напоўнены салодкім водарам вішнёвай смакаты.
Фестывальныя дні спорту і моладзі далі выдатны задор бадзёрасці і вішнёвай энергіі на правядзенне асноўных фестывальных мерапрыемстваў.
Прэс-канферэнцыя, у якой удзельнічалі старшыня райвыканкама Алег Морхат, старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч, прадстаўнікі афіцыйных дэлегацый расійскіх гарадоў Уварава (Тамбоўская вобласць), Лукаянаў, (Ніжагародская вобласць), Остраў (Пскоўская вобласць), з грузінскага Тэлаві, з латвійскіх – Віляне, Ліваны, Прэйлі, Дагда, Рыебіні, літоўскіх – Утэна і Швянчоніс, украінскага горада Балта, польскіх – Варшава, Зелена Гура і Вольштын, французскіх – Парыж, Ліон, Вішы, была пазначана трыма важнымі падзеямі. Быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве ў сацыяльна-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурнай і гуманітарнай сферах паміж муніцыпалітэтам горада Тэлаві (Грузія) і Глыбоцкім райвыканкамам (Беларусь). Таксама ў рамках прэс-канферэнцыі прайшла прэзентацыя фотаальбома “Глыбокае з вышыні птушынага палёту”, падрыхтаваная і выдадзеная Глыбоцкім райвыканкамам сумесна з Беларускім тэлеграфным агенцтвам. Завяршылася прэс-канферэнцыя цырымоніяй гашэння паштовай маркі спецыяльным паштовым штэмпелем у гонар шостага “Вішнёвага фестывалю”.
У фестывальнай праграме знайшлося месца прадстаўнікам бізнесу і навукоўцам. Прайшлі бізнес-форум і дзве навукова-практычныя канферэнцыі. Адна прысвячалася развіццю садаводства. Удзельнікі другой разглядалі шляхі ўкаранення энергазберажэнняў на мясцовым узроўні. На этна-вечарыне на Цэнтральнай плошчы горада рэй вялі творчыя народныя калектывы з усіх краін-удзельніц фестывалю.
Маляўнічай была цырымонія адкрыцця рэзідэнцыі Вішнёвай Каралевы. Яе вялікасць сама гаспадыня рэзідэнцыі сустракала гасцей. Горача вітаў усіх прысутных старшыня райвыканкама Алег Морхат, па ініцыятыве якога і пры непасрэдным садзейнічанні з’явіўся не толькі гэты гэты сімвал “Вішнёвага фестывалю”, але і многія іншыя. У садку Вішнёвай Каралевы, што закладзены на тэрыторыі рэіздэнцыі ў гонар фестывалю былі пасаджаныя шэсць маладзенькіх вішанек.
Тэрыторыя рэзідэнцыі Вішнёвай Каралевы сёлета ўпрыгожылася двума вырабленымі на прадпрыемстве “У ажуры” вялікімі каванымі вішнёвымі дрэвамі, на адным з якіх сімвалічныя ягады-вішні з выявай гербаў гарадоў-пабрацімых Глыбокаму, на другім – сцягі краін-удзельніц фестывалю.
Эпагеем заключнага дня фестывалю стала ўрачыстае шэсце ўсіх яго ўдзельнікаў, якое па-традыцыі пачыналася ад скульптурнай кампазіцыі “Глыбоцкая вішня” і заканчвалася на Цэнтральнай плошчы горада.
Гасцінна, спеўна было на ўсіх вішнёвых падворках. У працягу галоўнага фестывальнага дня працавалі выставы народных майстроў, выставы аграэкасядзібаў раёна.
Упрыгожылі фестывальную праграму вішнёвае вяселле, конкурс гарманістаў “Вішнёвыя найгрышы”, конкурс прыгажосці “Міс экстрым”. Гучным фінальным акордам сталі гала-канцэрт “Вішнёвае суквецце дружбы”, урачыстая цырымонія закрыцця з традыцыйным аўкцыёнам “Вішнёвы пірог”. Вянчаў праграму “Вішнёвага фестывалю” ў Глыбокім канцэрт арт-групы “Беларусы” і, канечне ж, вішнёы феерверк.