У нядзелю на Цэнтральнай плошчы Глыбокага прайшло свята “Праводзіны зімы”. Гараджане песнямі клікалі вясну, танцавалі, актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах, куплялі прысмакі і сувеніры. Мароз прыпякаў, таму многія так і не дачакаліся галоўнага святочнага дзейства – спальвання чучала зімы.
Арганізатары мерапрыемства, як заўсёды, запрасілі прысутных акунуцца ў казку. На сцэне рэй вялі Іван Царэвіч, скамарохі, Вясна са сваёй дачкой і Зіма са світай, быў таксама Снежны волат, Лясун, Завірухі-завеі…
Песнямі радавалі глыбачан самадзейныя артысты ўстаноў культуры раёна. З нецярпеннем чакалі гараджане конкурсу “Святочны слуп”. І чакалі недарэмна. Жадаючых “пакарыць вышыню” было, як заўсёды, нямала. Не ўсім, канечне, гэта ўдавалася. Балельшчыкаў на гэты раз здзівіла глыбачанка Кацярына Квяцінская, якая з лёгкасцю дастала прыз са слупа. Глыбачане актыўна падтрымлівалі ўдзельнікаў конкурсу свістуноў і конкурсу прыпевачніц.
Гаспадары сельскіх падворкаў здзіўлялі сваім кулінарным майстрэрствам і творчымі здольнасцямі. Сярод іх праводзіўся конкурс “Пернікі і бублікі, крэндзялі і пышкі”. Падчас мерапрыемства выбралі таксама лепшае пудзіла зімы. Пераможцы атрымалі прызы.
Напрыканцы свята ўсе дружна рушылі на набярэжную возера Кагальнае, дзе было спалена пудзіла зімы.