Каля трохсот чалавек выйшлі на старт спаборніцтваў па лыжных гонках падчас спартыўнага свята “Глыбоцкая лыжня-2018”, якое прайшло на беразе возера “Бяглец”. Гэта было самае масавае спартыўнае спаборніцтва ў раёне за апошнія гады.
Удзельнікаў свята прывітаў і пажадаў ім хуткай лыжні і высокіх вынікаў старшыня райвыканкама Алег Морхат.
І лыжня сапраўды аказалася хуткай. У індывідуальных лыжных гонках сярод спартсменаў-прафесіяналаў першае месца сярод мужчын заняў Дзяніс Стахоўскі з раённага аддзела дэпартаменту “Ахова”, сярод жанчын – Алена Вязьменава з раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. У лыжнай эстафеце сярод прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў горада і калектываў тэрыторый сельсаветаў не было роўных камандзе фізкультурна-аздараўленчага цэнтра (дырэктар – Аляксандр Плыгаўка); у лыжнай эстафеце сярод устаноў адукацыі мацнейшая была каманда СШ №3 горада (дырэктар – Васіль Любоза).
Акрамя лыжных гонак, прайшлі спаборніцтвы па кулявой стральбе, міні-футболе, валейболе, гіравым спорце. Усіх зацікавіў конкурс снежных фігур, а аматары рыбнай лоўлі паспаборнічалі ў конкурсе “Зімні клёў”.
Усе пераможцы атрымалі ўзнагароды.