Рамонт жыллёвага фонду – гэтае пытанне было і застаецца актуальным як у рамках раёна, так і ўсёй рэспублікі. У большасці выпадкаў планы па правядзенні капітальнага рамонту распрацаваны і зацверджаны, дамы ў чаргу на “будаўнічае аздараўленне” пастаўлены, рабочыя брыгады сфарміраваныя, падрадныя арганізацыі вызначаны, жыльцы ў чаканні, а далей — слова за фінансамі. Размову на гэту тэму працягваем з намеснікам дырэктара УП ЖКГ па будаўніцтве Аляксандрам Ільічом Калядой.
—Колькі дамоў у раёне маюць патрэбу ў капітальным рамонце?
— У раёне каля 40 шматкватэрных дамоў, якія трэба капітальна рамантаваць. У залежнасці ад выдзяляемых сродкаў штогод мы капітальна рамантуем 7-8 дамоў. У рамках бягучага тэхнічнага рамонту працуем яшчэ на 30 аб’ектах.
—Некаторыя жыхары раёна, якія тэлефануюць на “гарачую лінію” рэдакцыі, скардзяцца, што дамы “старых” гадоў пабудовы, халодныя: у ветранае надвор’е прадуваюцца, у вялікія маразы сцены прамярзаюць, вуглы ад вільгаці сырэюць, тэмпература ў кватэры не дасягае нормы, таму просяць іх уцяпліць. Наколькі магчыма праводзіць мясцовае ўцяпленне жылфонда?
—Да 2015 года ўцяпленне дамоў уваходзіла ў пералік работ па капітальным рамонце будынкаў, гэта значыць, што пад цеплавую мадэрнізацыю выдзяляліся сродкі. Па прычыне эканоміі дзяржаўных сродкаў ужо два гады, як гэта рашэнне адменена, а таму ўцяпленне ў апошні час мы праводзім толькі ў выпадках, калі камісія і экспертыза пацвердзяць прамярзанне сцен ці павышаны ўзровень вільготнасці ў кватэрах, і толькі найбольш праблемных участкаў тарцавых сцен. Але нават пры такой умове мы абавязаны прытрымлівацца ўсталяваных нарматываў. На сёння ўстаноўлена мяжа кошту рамонту 1 метра квадратнага – 170 рублёў. Мы, згодна каштарысу, абавязаны ўкласціся ў запланаваную суму, выкарыстаць больш сродкаў мы не маем права. Уцяпліць, напрыклад, замест 20 метраў квадратных жылля 30, як гэтага хочуць жыльцы, не можам, бо гэта будзе і перарасход фінансавых сродкаў і аб’ёма выкананых работ. З 2018 года сітуацыя павінна змяніцца: цеплавую мадэрнізацыю, а яна займае дзесьці 30-35% ад сумы агульных затрат на капрамонт, зноў плануюць уключаць у капітальны рамонт.
— На якіх аб’ектах вы працавалі сёлета?
— Завяршаем капітальны рамонт двухпавярховага дома па вуліцы Калініна, 43. Замянілі частку крокваў, перакрылі дах, паставілі новую ўваходную групу, зрабілі ліўнёўку, адмостку, уцяплілі 190,5 квадратных метраў тарцавых сцен, на што затрацілі 12 тысяч 500 рублёў. Засталося зрабіць сістэму вентыляцыі і аб’ект можна лічыць завершаным.
Рамантавалі сёлета аднапавярховы, 4-кватэрны, так званы польскі, дом па вуліцы Камсамольскай, 25 па суседстве з СШ№2. Як звычайна, калі патрабуюць рамонту агульныя інжынерныя камунікацыі – рамантуем, замяняем згнілае, зношанае, паламанае. І кроквы, і дах, і адмостку, і ганак зрабілі. У дадатак будынак абшылі сайдынгам, знешні выгляд стаў больш эстэтычным. Рамонт гэты быў надта стратным. Выдзеленую суму мы перавысілі амаль у тры з паловай разы: на мадэрнізацыю пайшло 99 тысяч 460 рублёў 93 капейкі дзяржаўных сродкаў. Для параўнання: на капітальны рамонт двухпавярхоўкі па Калініна, дзе ўдвая больш кватэр, чым па Камсамольскай, усяго затрачана 97 тысяч 500 рублёў.
Зрабілі капітальны рамонт дома №12 па вуліцы Міра. Толькі на ўцяпленне 223-х метраў квадратных тарцавых сцен жылога дома пайшло 15 тысяч 903 рублі. Да Новага года плануем закончыць капітальны рамонт 5-павярховага дома па вуліцы Савецкай, 43 у Падсвіллі. Цеплавая мадэрнізацыя гэтага аб’екта не запланавана.
—Але жыльцы перакананы, што за 30-35 гадоў адлічэнняў яны сабралі неабходныя сумы на капітальны рамонт, а яго чамусьці не праводзяць і пытаюцца, куды пайшлі іхнія грошы?
—Адказ на гэтае пытанне дае эканамічны падлік: за 15 гадоў адлічэнні жыльцоў 60-кватэрнага дома складуць суму 7,5 тысяч рублёў. Нават калі ўсе гэтыя грошы накіраваць толькі на капітальны рамонт, то іх з нацяжкай хопіць на аплату праектна-каштарыснай дакументацыі, без якой ніякія работы не пачнуцца. Калі дапусціць, што на працягу сарака гадоў гэтыя адлічэнні не будуць абясцэньвацца і расходавацца ні на што іншае, атрымаецца сума каля 20 тысяч рублёў. А на сёння капрамонт 5-павярховага дома каштуе амаль 250 тысяч рублёў. Калі ўлічыць, што цэны на будаўнічыя матэрыялы пастаянна растуць, то гэта зусім мізер.
—Што яшчэ, акрамя цеплавой мадэрнізацыі жылога фонда, дапамагае эканоміць дзяржаўныя грошы?
—Надзейныя і ўцепленыя цеплаправоды. Пачалі мы з замены самых аварыйных і зношаных участкаў. У 2015-м годзе замянілі 7 кіламетраў 100 метраў, летась перавысілі план і адрамантавалі 11 кіламетраў 740 метраў, сёлета –2 кіламетры 530 метраў цеплатрас. Агульная працягласць цепласістэм, якія знаходзяцца на балансе УП ЖКГ, — 83 кіламетры 882 метры. На сёння ў раёне замены на новыя 73% цепласетак, а ў вобласці толькі 53,7%. Сродкі на пакупку трубаправодаў і іх уцяпленне выдзяляе дзяржава, а работы праводзім сіламі прадпрыемства.
—Восень і зіма – для камунальнікаў час даволі напружаны і ў плане падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона і ў плане беспраблемнага яго правядзення. А калі здараюцца прарывы?
—У ЖКГ створаны тры аварыйныя брыгады па ліквідацыі аварыйных сітуацый у сістэме водаканала, ацяплення і жылфонду. Як толькі паступае званок дыспетчарам, дзяжурныя брыгады аператыўна выязджаюць на месца і вырашаюць праблему.
—На паліве таксама эканоміце?
—Так. Нормы падачы цяпла ў кватэры не мяняліся, мы іх прытрымліваемся, хочам, каб у кватэрах грамадзян было цёпла і ўтульна, а эканомім мы на закупках паліва. Менш выкарыстоўваем дарагі газ, ацяпляем дамы дрывамі, шчэпкамі, пілетамі, бо гэта танней, часткова самі нарыхтоўваем драўніну на адведзеных участках, завозім неабходныя запасы паліва ў кожную кацельню. Пры зладжанай рабоце з лясгасамі, якія забяспечваюць кацельні палівам, спадзяюся, зіму мы перажывём без стрэсаў.