Вёска Пліса – адна са старажытнейшых на Глыбоччыне. Аднак яе гісторыя, якая налічвае больш як 5 стагоддзяў, даследавана не дастаткова.
Нават з годам першага ўпамінання Плісы ў пісьмовых крыніцах не ўсё адназначна. І вось чаму.
У любым энцыклапедычным выданні пазначана, што гэты населены пункт ўпершыню згадваецца ў 1507 годзе. У выдадзеных даследчыкамі Сапуновым і Друцкім-Любянекцкім “Материалах по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов Виленской губернии” размешчаны прывілей караля Жыгімонта І Старога, з якога вынікае, што першапачаткова маёнтак Пліса прыналежыў знакамітаму палітычнаму дзеячу ВКЛ Канстанціну Астрожскаму, які 7 ліпеня 1507 года прадаў яго шляхцічу Мікалаю Петуху.
Аднак, яшчэ раней, у 1863 годзе, быў выдадзены першы том “Актов Северной и Западной России”, дзе размяшчаецца яшчэ адзін прывілей усё таго ж Жыгімонта Старога, згодна якога полацкі харунжы Петух атрымаў ад “пани Зоф и Микалаевой Радивиловои, князне Жеславской именице, названое Плиса в Полоцком повете”. Дакумент датуецца 27 чэрвеня 1507 года. Атрымліваецца, што Петух двойчы купіў Плісу ў розных гаспадароў з інтэрвалам усяго толькі ў 11 дзён!
Такая неадпаведнасць зацікавіла доктара гістарычных навук Ганну Харашкевіч, якая даследавала абодва дакументы і высветліла – гэта падробкі, створаныя ў канцы XVII – пачатку XVIII стагоддзя. Так што пытанне аб першым упамінанні Плісы ў пісьмовых крыніцах і яго першых уладарах заставалася адкрытым.
І вось кандыдат гістарычных навук Васіль Варонін у рукапісных зборах Варшаўскага ўніверсітэта выявіў “ліст”, паводле якога 2 кастрычніка 1492 г. Багдан i Глеб Астаф’евічы Kopcaкі набылі Плісу ў Сямёна i Ходара Іванавічаў Васкавічаў. Сумненняў у сапраўднасці гэтага дакумента, у адрозненні ад апублікаваных раней, у даследчыкаў няма.
Такім чынам, з вялікай доляй верагоднасці можна гаварыць, што першым гаспадаром Плісы быў не знакаміты князь Астрожскі, а нашчадкі віцебскага князя Васількі Святаславіча – Васількавічы. Ды і само мястэчка пастарэла на 15 гадоў, і датай яго летапіснага “нараджэння” становіцца 2 лістапада 1492 года!