НА ГЛЫБОЧЧЫНЕ ВЯДЗЕ ДЗЕЙНАСЦЬ АДЗІН З ЛІДАРАЎ НА РЫНКУ ПА ПАШЫВЕ СПАРТЫЎНАГА АДЗЕННЯ

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Першыя радкі ў летапіс дзейнасці калектыву былі запісаны 1 снежня 1992 года. Пачыналі са спальных мяшкоў для турыстаў, а сёння прадукцыя таварыства шырока  вядома не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Старт-ЛТД-012

У адным з цэхаў таварыства ў час размовы з загадчыцай вытворчасці  Ірынай Савасцьянавай звярнуў увагу на прыгожую зімнюю куртку на стале.  І па той прычыне, што зусім нядаўна такую ж куртку на адкрыцці спартыўнай залы на камбікормавым заводзе як узор сучаснага спартыўнага адзення дэманстравала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Зяваліч.—  Гэтыя  курткі, а іх 17, — для  зборнай каманды раёна па зімніх  відах спорту, — заўважыла Ірына.

Старт-ЛТД-009

Згадаўшы, што ў трыко, якое пашылі ў СТАРТ-ЛТД, на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра выступаў і стаў прызёрам беларускі барэц Джавід Гамзатаў,  у думках пажадаў глыбоцкім спартсменам паспяховых зімніх стартаў і перавёў размову са  сваёй субяседніцай на юбілейную тэму.

Старт-ЛТД-014
—Ірына Іванаўна, загад аб вашым працаўладкаванні падпісаны 1 снежня 1992 года. Менавіта з гэтага дня пачалася гісторыя  ТАА “Старт-ЛТД”. Успомніце, як гэта было.

—Аляксей Міхайлавіч Акулёнак вырашыў усе пытанні па стварэнні фірмы і пачаў шукаць работнікаў. Прапанаваў стаць бухгалтарам маёй сястры, якая мела эканамічную адукацыю. Але сястра не захацела мяняць работу. У гэты ж час я прыехала з Ташкента і шукала ў Глыбокім сабе работу. Мы ўдзвюх прыйшлі к Аляксею Міхайлавічу, пагаварылі, і ўсё вырашылася: заместа сястры стала працаваць я, праўда, не бухгалтарам. Я жыла ў Ташкенце ў той час, калі разгортваўся камерцыйны рух, калі ствараліся швейныя кааператывы. Мела ўжо пэўны вопыт работы і стала прапаноўваць свае ідэі. У маленькім цэху будынка спартыўнай школы мы ўстанавілі чатыры швейныя машынкі і сталі набіраць швачак. Марына Сямчонак, яна і сёння працуе, — адна з першых. Пасля сталі прыходзіць другія. Пачалі са спальных мяшкоў для турыстаў – прадукцыя пайшла нарасхват. Пасля ўзяліся за спартыўныя касцюмы – і на іх быў попыт. Калектыў пакрысе павялічваўся, актыўна ўключыліся ў работу Зінаіда  Латушка, Ірэна Яловік, Валянціна Сіманковіч і іншыя. Сталі працаваць брыгадамі: тры брыгады, у кожнай —  па чатыры швачкі. Радаваліся, калі перайшлі ў другі, больш прасторны, будынак.  Наш дырэктар Аляксей Міхайлавіч, можна сказаць, усяго сябе аддаваў справе, і сёння вы самі бачыце, у якіх умовах мы знаходзімся: светла, цёпла, утульна, у кожнага – зручнае месца для працы. Попыт на прадукцыю ёсць.  І па той прычыне, што закупляем толькі добрыя тканіны, падбіраем колеры, пераходзім на новыя тэхналогіі. Сталі выкарыстоўваць метады сублімацыі, на тканіну наносім любы малюнак, які хоча заказчык.

 25 гадоў таму, маючы спецыяльнасць “закройшчык, кравец”, прыйшла на фірму  Марына Сямчонак.  Сёння працуе швачкай. У сціслай размове прызналася, што за чвэрць стагоддзя ў прафесіянальным плане вырасла, навучылася рабіць усё:

—Вывучылася на закройшчыка, краўца верхняга жаночага і дзіцячага адзення, а тут працую і са скурай, і з футра. Праца па душы, а гэта самае галоўнае.

—З таго, што  шыеце,  што-небудзь надзяваеце, носіце?

—Касцюм, блузку. Сама нашу, і знаёмыя робяць у нас заказы.

У швейнай майстэрні пачуў я і голас зусім маладога пакалення.

Знаёмімся: Алена Ждановіч.

—Вучылася ў Полацку і па спецыяльнасці працую тут паўтара года. Сёння ўсім прадпрыемствам, арганізацыям патрэбны работнікі са стажам, а ў мяне яго не было. На шчасце, у “Старце-ЛТД” у  мяне паверылі і ўзялі на працу. Мой брыгадзір Сафія Мікалаеўна Канюшэўская шмат чаму мяне навучыла, і я шчыра ўдзячная ёй,— кораценька паведаміла дзяўчына.

—І што цяпер шыеце?

— Касцюмы для Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву.

Выбар, які 25 гадоў таму зрабіў Аляксей Акулёнак, для многіх быў нечаканым. Спартсмен, баксёр, кіраўнік, таленавіты арганізатар пакінуў спорт і з галавой акунуўся  ў бізнес.

—Не шкадуеш, што прыняў такое рашэнне? — напярэдадні юбілейнай даты пацікавіўся  ў свайго даўняга знаёмага, колішняга партнёра па камандзе  ў  раённых футбольных баталіях.

—Не, не шкадую. Ну, мог я прысвяціць сваё жыццё спартыўнаму клубу, вось толькі праз нейкі час, рана ці позна, фінансаванне яго абавязкова закончылася б. Згадай сам дзевяностыя гады… Развітанне са спортам было апраўданым. Як кажуць, усяму свой час. І засталіся толькі ўспаміны пра тую маю далёкую спартыўную пару. На шчасце, сябры, з якімі мы развівалі спорт на Глыбоччыне, не забываюць.

—Аляксей, калі было лягчэй працаваць? На самым пачатку ці цяпер, калі ўжо ёсць надзейная каманда, напрацоўкі, новыя тэхналогіі,  рынкі збыту?

—Не паверыш, але напачатку было прасцей: тады на ўсё быў дэфіцыт, што ні пашыем, усё бралі, усё ішло за мілую душу. Сёння ж – канкурэнцыя, вялікія і малыя прадпрыемствы, у людзей ёсць выбар. Працаваць стала складаней. З другога боку – мы ўжо не навічкі на рынку, нас ведаюць, паважаюць, з намі ахвотна працуюць. І не толькі на ўнутраным рынку. З Турцыі, Кітая знаходзяць нас, каб на прамую бралі іхнія матэрыялы. Мы ж на 100% працуем з імпартнымі тканінамі, бо ў Беларусі такіх няма, а калі і ёсць, то нізкай якасці. Пакуль адмоўчваемся, наладжваем адносіны з пасрэднікамі, якія прадаюць нашу прадукцыю ў Расію, пастаўляюць на другія рынкі. Нас гэта задавальняе. Скажу шчыра: рызыкаваць не хочацца. За 25 гадоў профіль нашай работы не змяніўся: як і раней, забяспечваем каманды, калектывы фізкультуры, вучылішчы алімпійскага рэзерву, школы спартыўным адзеннем. Індывідуальны пашыў вялікага прыбытку нам не дае, таму працэнтаў на 70 працуем з бюджэтнымі арганізацыямі. Праблема ў тым, што спорт фінансуецца па астаткавым прынцыпе. А гэта і для нас праблема. А трэба  развівацца. Сучаснае адзенне без новых тэхналогій не пашыеш. Плануем расшырацца, але гэта не так і проста.

—Размаўляў з вашымі работнікамі – усе такія мілыя, добрыя, пры настроі.

— Ведаю, што інтэрв’ю давалі і тыя майстры, якія са мной ужо чвэрць стагоддзя.  А гэта вялікі тэрмін, гэта цэлае жыццё. А  сёння поруч з імі працуюць дзяўчаты, якім няма яшчэ і 25.  Радуе, што ў калектыве нізкая цякучасць кадраў: хто прыходзіць, той і застаецца, пры тым, што патрабавальнасць да спецыялістаў вельмі высокая. Мы шмат чаго дасягнулі: узвялі будынак, сабралі калектыў аднадумцаў, павысілі сваё прафесіянальнае майстэрства, ва ўвесь голас заявілі пра сябе на рынку. У той жа час нам не хапае вытворчых плошчаў, каб размясціць новае абсталяванне. А без абсталявання, навейшых тэхналогій сёння не абысціся. Будзем думаць, што рабіць далей.

—Прадпрыемствы, арганізацыі на Глыбоччыне любяць адзначаць свае юбілеі. Як адзначыць сваё 25-годдзе “Старт-ЛТД”?

—Сціпла, цёпла, па-сямейнаму: тарты, шампанскае і шчырая  гаворка за святочным сталом.

—Удачы, Аляксей, табе і твайму калектыву. У працы і ў жыцці.

—Дзякую.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2024

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru