Напрыканцы лістапада ў Доме адзінства ў Даўгаўпілсе (Латвія) прайшоў сёмы міжнародны фестываль “Беларускі кірмаш”, у якім прынялі ўдзел калектывы з Латвіі, Літвы, Эстоніі і Беларусі.
Пра фестываль, пра сяброўскія сувязі з беларусамі, якія жывуць у блізкім замежжы, гутарым з інструктарам-метадыстам раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Алай Вярцінскай.
—Мне пашчасціла ўжо другі раз удзельнічаць у гэтым фестывалі. У пазамінулым годзе на кулінарным фестывалі ў Краславе мясцовая журналістка прапанавала нашай дэлегацыі наладзіць супрацоўніцтва з беларускім культурна-асветніцкім таварыствам “Уздым” з горада Даўгаўпілса. Гэта вядомая суполка ў Латвіі, яна мае нават свой друкаваны орган – газету “Уздым”, нядзельную школу, дзе дзеткі вывучаюць беларускую мову. Мы наладзілі кантакты, і кіраўнік таварыства Людміла Сінякова ў мінулым годзе запрасіла дэлегацыю з Глыбокага на “Беларускі кірмаш”. Падчас гэтай паездкі дамовіліся супрацоўнічаць і разам праводзіць цікавыя мерапрыемствы.
—Дарэчы, пра гэтае таварыства пісала і наша раённая газета “Веснік Глыбоччыны”: глыбоцкія літаратары і спевакі разам з сябрамі таварыства “Уздым” у Паставах прымалі ўдзел у сёлетнім рэспубліканскім свяце “Звіняць гармонік і цымбалы”.
—У гэтым годзе сябры таварыства пабывалі і ў Глыбокім на “Вішнёвым фестывалі”. Вынікам гэтай сустрэчы стала трохбаковае пагадненне паміж аддзелам адукацыі, спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама, культурна-асветніцкім таварыствам “Уздым” і грамадскім аб’яднаннем людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі горада Даўгаўпілса. І ў другі раз нас запрасілі — да запрашэння далучыўся Цэнтр беларускай культуры пры Даўгаўпілскай Думе – на “Беларускі кірмаш”.
—І хто пабываў на “Беларускім кірмашы-2017” у Даўгаўпілсе?
—Акрамя мяне, Алена Альшэўская, на той час яна яшчэ ўзначальвала “Інвестспорт”, і дырэктар раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Аляксандр Плыгаўка. Паехалі мы не з пустымі рукамі: Дом рамёстваў забяспечыў нас вырабамі народных майстроў. І хачу заўважыць, што на кірмашы творы нашых таленавітых землякоў, асабліва маляванкі Святланы Скавыркі, зацікавілі ўдзельнікаў і гасцей фестывалю. Асаблівы поспех у гледачоў на “Беларускім кірмашы-2017” мелі выступленні фальклорных калектываў. Хачу сказаць, што ў Латвіі сёння пражываюць шмат беларусаў, сярод іх сустрэлі мы і тых, хто нарадзіўся на Глыбоччыне. На канцэрце можна было ўбачыць як старэйшых жыхароў Даўгаўпілса, так і зусім юных. Бабулі расказвалі сваім унучкам пра Беларусь і куплялі ім беларускія цацкі: у Доме адзінства працавала выстава, на якой шырока былі прадстаўлены вырабы народных майстроў і матэрыялы па турызме. У нашых суседзяў усё большы размах набывае акцыя “Падары беларускую кнігу – атрымай сувенір”. З падораных кніг ствараецца бібліятэчка. Дарэчы, сябры таварыства “Уздым” выказалі пажаданне бліжэй пазнаёміцца з таленавітымі людзьмі Глыбокага: паэтамі, кампазітарамі, мастакамі.
—Паколькі разам з Вамі быў і Аляксандр Плыгаўка, можна меркаваць, што Вы знайшлі час, каб пацікавіцца і спартыўнымі збудаваннямі горада Даўгаўпілса.
—З дапамогай латышскіх сяброў мы пабывалі шмат дзе. Асабліва нас уразіла лыжаролерная траса на ўскрайку горада. Нашы суседзі любяць спяваць, танцаваць, развіваюць турызм, актыўна займаюцца фізкультурай і спортам. І ў гэтых накірунках мы будзем супрацоўнічаць з імі. Дарэчы, госці з Латвіі прынялі ўдзел у вечарыне ў стылі этна, якая прайшла ў апошнюю суботу лістапада ў Глыбокім у танцавальнай зале гарадскога Дома культуры.