Сёння пачынаем серыю артыкулаў, прысвечаных даследаванню традыцыйнага народнага касцюма Глыбоччыны. Нагода выдалася надзвычайная. Па-першае, другі дзень зімы, якая, спадзяёмся, будзе снежнай і крыху марознай. Па-другое, касцюмы, якія рэканструявалі ў раённым Доме рамёстваў, – зімовыя.
Але вернемся па часе крыху назад. З 15 сакавіка да 7 красавіка 2017 года ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці экспанавалася абласная выстава народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства-2017”. Гэта быў трэці этап аднайменнага праекта святаў-конкурсаў, якія адбыліся ў 2015 г. (лістапад, Сянно) і 2016 г. (ліпень, Віцебск). Дадзены праект праводзіўся з мэтай даследавання асаблівасцей зімовага адзення жыхароў Віцебшчыны канца 19-га – 1930-х гадоў 20-га стагоддзяў.
Нагадаем, што Глыбоцкі Дом рамёстваў заваяваў тады Гран-пры і шэраг іншых узнагарод. Слова адной з удзельніц рэканструкцыі касцюмаў…
Геаграфічнае размяшчэнне і клімат абумовілі неабходнасць верхняга адзення ў беларусаў, якое апраналася ў халодную пару года. Цёплая вопратка дазваляла засцерагчыся ад непагоды.
Самым пашыраным матэрыялам для вырабу верхняга адзення з’яўлялася сукно і паўсукно, што рабілі з воўны нізкай якасці (звычайна веснавой стрыжкі). Стрыглі авечак уручную спружанымі нажніцамі. Воўну абавязкова мылі, сушылі, скублі рукамі, а потым часалі на спецыяльных ваўначосках і пралі пры дапамозе верацяна ці калаўрота.
Сукно і паўсукно ткаліся ў чатыры ніты. Гатовы матэрыял дадаткова апрацоўвалі: валялі ў спецыяльных валюшках ці ў хатніх умовах, абліваючы кіпнем і адбіваючы ў ступах таўкачом, а потым мялі, каб яно стала мяккім.
Сукно часта фарбавалі ў карычневы колер. Для афарбоўкі выкарыстоўвалі торф. Яго клалі ў чыгун, залівалі вадой і ставілі ў печ, потым у гэту масу клалі сукно і трымалі суткі. У некаторых выпадках сукно проста мачылі ў балотнай “іржавай” вадзе, а потым яшчэ клалі ў настой іржавага жалеза.
Для верхняга адзення выкарыстоўвалі і аўчыны, якія ў канцы ХІХ-пачатку ХХст. у асноўным адбельваліся. Займаліся гэтым спецыяльныя майстры – аўчыннікі. Працэс адбельвання аўчын не вельмі складаны і часта гэта рабілася і ў хатніх умовах. Для адбельвання аўчын ужывалі жытнюю муку, мел, соль. На вымачаную і ачышчаную ад мязгі аўчыну наносілі слой заваранага прэснага цеста, пасля чаго складвалі аўчыну воўнай наверх і клалі ў ваду на некалькі дзён. Калі аўчына адкісне, яе вымалі з вады і не вельмі вострай прыладай ачышчалі ад цеста. Аднак у канцы ХІХ ст. побач з адбельваннем было вядома і дубленне аўчын. Для гэтага настойвалі дубовую, яловую, часам лазовую кару; калі вада рабілася цёмнай, туды на суткі ці больш клалі аўчыны.
У адрозненні ад плечавога жаночага і мужчынскага адзення, якое шылі ўручную самі жанчыны, верхняе адзенне шылася толькі краўцамі. Часам іх запрашалі дамоў. Яны тут жа рабілі прымеркі, шылі ўручную і жылі ў сям’і да тае пары, пакуль не будзе скончана работа і атрымана ўзнагарода. Існавалі і аседлыя краўцы. Жаночае адзенне больш упрыгожвалася, а крой як для мужчынскага, так і для жаночага адзення быў у большасці выпадкаў аднолькавы.
Верхняе адзенне ўсіх тыпаў было расхінным і зашпільвалася на гаплікі або драўляныя, абшытыя сукном гузікі. Часта світа або кажух толькі падпярэзваліся поясам. У верхнім адзенні падшэўка не выкарыстоўвалася. Рукавы былі ўстаўнымі і ўшываліся на ўзроўні пляча. Спінка, пярэдняе крыссе і проймы для рукавоў не выкройваліся, а проста сшываліся на плячах па ўсёй шырыні сукна, а потым ушываўся рукаў. Ад шырыні сукна залежала якім шылі верхняе адзенне: двухбортным ці аднабортным.
Суконнае адзенне тыпу “світа” было прамога халатападобнага крою, пры якім вельмі эканомна расходаваўся матэрыял. Спінка і крыссе былі прамымі, нідзе не звужаліся. Па баках для шырыні ўстаўляліся кліны. Рукавы прамыя. Каўнер адкладны альбо стаячы.
Выкарыстоўваючы запісы даследаванняў майстра па ткацтве В. В. Байковай і метадыста па народнай творчасці Глыбоцкага цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Н.У. Нікіфаровіч, даведаліся, што на Глыбоччыне верхняе адзенне, пашытае з даматканага і апрацаванага сукна, мела назву “армяк”. Пра асаблівасці пашыву верхняга адзення можна даведацца і па вусных апісаннях мясцовых жыхароў, і па некаторых этнаграфічных узорах, якія захоўваюцца ў Доме рамёстваў.
Зімовай вопраткай былі доўгія кажухі ці кароткія паўкажушкі. Жаночыя кажушкі часцей шылі крыху ніжэй калена. Гэта было зручна і для працы, і для свята.
Доўгая мужчынская верхняя вопратка з башлыком, шытая з даматканага валенага сукна, часцей без падшэўкі, мела назву “бурка”. На грудзях і па баках рабіліся праразныя кішэні, на спіне – хлясцік. Бурку апраналі на іншае адзенне (світку, кажух, паўкажух), каб яны не прамакалі і каб было цяплей. У Доме рамёстваў захоўваецца бурка, пашытая з сукна, якую перадала В.В. Байкова.
Мужчыны падпярэзвалі бурку ці кажух круглым поясам, які называлі “вужака”. Гэты пояс плялі на круглай дошчачцы. Унутраную адтуліну дошчачкі запаўнялі ніткамі (рабіўся кнот). У маленькія адтуліны па акружнасці запраўлялі аснову (абавязкова няцотная колькасць адтулін). Ніткі нацягвалі як пры ткацтве на дошчачках, а затым іголкай з ніткай (уток) ператыкалі кожную нітку асновы, атрымлівалася простае перапляценне.
Людміла Парфір’еўна Маслава (жыхарка г. Глыбокае, 1937 года нараджэння) казала, што ў 1930-я гг. гараджане ў моцныя маразы надзявалі кажухі. Жанчыны і дзяўчаты апраналіся ў паўкажушкі, якія шылі з апрацаваных аўчын. Аўчыны дубілі. Колер кажухоў быў ад светлакарычневага да цёмна-
карычневага. Белыя кажухі сустракаліся адзінкава. Злучальныя швы дзяўчаты ўпрыгожвалі вышыўкай шыўком “козлік”. Колер нітак мог быць жоўтым, чырвоным, сінім, зялёным. Зашпільвалі на гузікі альбо драўляныя палачкі. Па пакроі кажухі былі прамыя, даўжыня – ад сярэдзіны бядра і амаль да зямлі. Такія даўгія кажухі надзявалі, калі адпраўляліся ў дарогу. Паверх кажуха апраналі “бурку”. Восенню і вясной жанчыны насілі вопратку, якую называлі “плюшувка”, “плюшоўка”. Шылі яе з чорнага плюшу на падшэўцы і падшываныя ватай альбо воўнай. Крой у такога адзення быў прамы. Зашпільваліся на гузікі. Даўжыня плюшовак была да сярэдзіны бядра, каўнер – адкладны. Маглі быць накладныя кішэні.
У халоднае надвор’е надзявалі рукавіцы. Іх называлі “ісподкі”, “сподкі”. Абуткам былі боты, чаравікі, а ў маразы – валёнкі. Мясцовая назва валёнкаў “вайлакі”.
Выкарыстоўваючы вусныя апісанні і навукова-даследчую літаратуру, майстры Дома рамёстваў выканалі рэканструкцыю верхняга адзення перыяду 1930-х гг. Для пашыву адзення выкарыстоўвалі крамную тканіну, імітуючы даматканае сукно.
Т. Карнеева, навуковы супрацоўнік раённага Дома рамёстваў.