БУДЗЕ ЎЛАСНАЯ АХВОТА – ЗНОЙДЗЕЦЦА І РАБОТА

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Занятасць насельніцтва, вакансіі, новыя рабочыя месцы – гэтыя пытанні былі і застаюцца актуальнымі і раней, і цяпер. Пра работу, якая вядзецца ў гэтым накірунку, мы гаворым з начальнікам аддзела занятасці і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталляй Паўлаўнай Падзюшовай.

ttt


—Давайце пагаворым пра тых, хто сёлета звяртаўся за дапамогай у аддзел занятасці і колькі грамадзян прызнаныя беспрацоўнымі?

—Са студзеня па лістапад бягучага года да нас звярнуліся 1 352 жыхары раёна, з іх 706 былі прызнаны беспрацоўнымі. На 1 лістапада ў нас зарэгістравана 99 беспрацоўных.

—Якую работу  праводзілі  з гэтай катэгорыяй грамадзян?

—Аддзел занятасці заключыў 21 дагавор з ДРБУ-145, Глыбоцкім доследным лясгасам, Дзвінскай эксперыментальнай базай, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва,  домам-інтэрнатам, што ў вёсцы Петрунова, з сельсаветамі, куды і накіроўвалі  беспрацоўных. Сёлета выдалі 89 накіраванняў на грамадска-карысныя работы. У брыгадах часовай занятасці працаваў 71 грамадзянін. Выпісалі 91 накіраванне на працу на прадпрыемствы горада, але, як не дзіўна, 88 чалавек  адмовіліся. Гэтыя лічбы сведчаць аб тым, што даволі часта здараюцца выпадкі імітацыі дзейнасці па пошуку работы, а жаданне працаваць на самой справе адсутнічае. Для беспрацоўных мы прапаноўвалі розныя варыянты працаўладкавання: перасяленне на новае месца жыхарства, арганізацыя ўласнай справы, курсы перападрыхтоўкі і атрыманне іншай спецыяльнасці.

—Хто якую магчымасць скарыстаў?

— Сёлета на новае месца жыхарства ў сувязі са зменай работы  пераехалі 8 сем’яў. Зафіксавана як знешняя, за межы раёна і вобласці, так  і ўнутраная, з аднаго населенага пункта ў другі, міграцыя. Пераехалі з Карабоў – на Пастаўшчыну, з Лучайкі – у Крупскі раён, з Бабічоў – у Баравое Дзяржынскага раёна  Мінскай вобласці, з Ураджайнага – у Чашніцкі раён, з СПК “Верхняе” – у ААТ “Канстанцінаў Двор”, з Глыбокага – у філіял “Каралі”.  Перасяленцы — людзі вясковых прафесій: механізатары, даяркі, жывёлаводы. Варыянт, трэба сказаць, не дрэнны, бо на новым месцы  сем’ям выдзяляюць жыллё, абавязкова – работу, а таксама дзяржава выплачвае  грошы на абуладкаванне: пры пераездзе з горада ў вёску – 9 бюджэтаў пражытачнага мінімуму –1 тысячу 780 рублёў 28 капеек, калі з вёскі ў вёску – 7 бюджэтаў – 1 тысячу 384 рублі 67 капеек. Абавязковая ўмова – пражыць на новым месцы не менш года.

—Ці былі жадаючыя адкрыць уласную справу?

—Так. Плюс уласнай справы ў тым, што кожны сам можа выбраць від дзейнасці, атрымаць неабходныя веды па вядзенні дакументацыі, напісанні бізнес-плана, атрымаць дзяржаўную субсідыю – грошы, неабходныя для пакупкі абсталявання, прылад працы, абуладкавання рабочага месца. Сёлета такую магчымасць скарысталі 5  чалавек. Цырульнік, рамонтнік аўтаматычных пральных машын, прадаўцы тавараў у розніцу, кветкавод – так занялі сябе раней беспрацоўныя грамадзяне. Калі грамадзяне  арганізуюць сваю справу ў горадзе – атрымліваюць на яе развіццё 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму – 2 тысячы 967 рублёў 15 капеек, калі ў вёсках – 11 бюджэтаў – 2 тысячы 175 рублёў 91 капейку. Пры ўмове, калі атрымальнікі  адпрацуюць паўгода,  на працягу гэтага часу будуць спраўна памесячна выплочваць падаткі,  рабіць адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны, вяртаць атрыманыя грошы ім не трэба.

—Ці гатовы жыхары раёна дзеля працаўладкавання мяняць прафесіі?

—За 10 месяцаў гэтага года  перанавучанне ад аддзела занятасці прайшлі 46 чалавек. З іх 15 вучыліся пад заказ прадпрыемстваў горада: 11 — на качагараў, 4 – на  апаратчыкаў у цэх кансервіравання ЗАТ “Купцоў”. 16 чалавек з 46-і – грамадзяне, якія адбываюць тэрмін турэмнага зняволення ў ІК-13. Яны працуюць на падсобнай вытворчасці, а як выйдуць на волю, атрыманая прафесія дапаможа ім хутчэй адаптавацца ў жыцці. Пасля курсаў перападрыхтоўкі 19 чалавек працаўладкаваліся, з іх трое адкрылі ўласную справу, атрымалі дзяржаўныя субсідыі. Веды ніколі лішнімі не будуць, таму яшчэ раз звяртаем увагу беспрацоўных на перакваліфікацыю. Гэта выгадны варыянт, у каго няма працы і сродкаў, бо аддзел занятасці аплочвае пражыванне і вучобу. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: 2-14-52 ці  2-29-37.

—Наколькі рэальна сёння знайсці працу ў раёне?

—Пры жаданні можна: на 99 беспрацоўных на 23 лістапада была 91 вакансія. Аператары машыннага даення, жывёлаводы, загадчыкі фермаў, тэхнікі па племянной справе, брыгадзіры паляводчых брыгад, трактарысты, ветэрынарныя ўрачы, аграномы, заатэхнікі,  бухгалтары, эканамісты, рабочыя будаўнічых брыгад, электрагазазваршчыкі,  электрыкі патрэбны ў сельгаспрадпрыемствах “Яблынька”, “Залатая падкова”, “Чарневічы”, “Верхняе”, “Стрынадкі”, “Сельцы”, “ЛомашыАгра”, “За Радзіму”, “Капыльшчына”,  “Канстанцінаў Двор”, філіялах “Галубічы” і “Каралі”, ААТ “Мосарлён”. Патрэбны спецыялісты-ветурачы ў Глыбоцкую райветстанцыю, 4 вакансіі ёсць у ІК-13 “Беразвечча” і столькі ж – на камбікормавым заводзе, 11 – у ААТ “Глыбоцкая птушкафабрыка”. Сацыяльны работнік і адміністратар сістэмны патрэбны тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, урач – у дом-інтэрнат, паштальён і сарціроўшчык – у раённы вузел паштовай сувязі, санітарка – у Глыбоцкую райбальніцу, вадзіцель аўтамабіля – у АТП-16. Электрагазазваршчыка, рамшчыка, слесара і вадзіцеля запрашае на працу ТАА “Інтрыум”, бетоншчыкаў і цесляроў – ААТ “Будаўнік”. Ёсць вакансіі арматуршчыкаў і бетоншчыкаў у Астраўцы, дзе будуюць атамную станцыю. Да Новага года  мы плануем правесці яшчэ  адзін кірмаш вакансій.

— А якая сітуацыя ў раёне са стварэннем новых  рабочых  месцаў?

—Са студзеня па лістапад 2017 года ў раёне створана 188 новых рабочых месцаў: 24 – на ЗАТ “Купцоў”, дзе плануюць запусціць  лінію па вытворчасці зялёнага гарошку, 61 – у санаторна-курортным комплексе “Пліса”, 31 – у дзіцячым садку ў мікрараёне Паўночны, 21 – у магазіне “Дабраном”, 15 — у  фірменных магазінах заводаў “Крышталь”, Віцебскай бройлернай фабрыкі “Ганна”, “Еўразапчасткі”,  7 — ТАА “Інтрыум” па вытворчасці пластмасавых вырабаў, 5 – у філіяле “Энергазбыт” РУП “Віцебскэнерга”. Работа  праводзіцца, яна даволі значная, але, паўтаруся,  яе эфектыўнасць залежыць ад жадання  саміх грамадзян працаваць і дбаць пра свой дабрабыт.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru