На “Дажынках-2017”, якія праходзілі ў Дуброўне, у рамках вялікай святочнай праграмы праводзіўся конкурс снапоў. Паводле ўмоў, кожны раён павінен быў падрыхтаваць дажыначны сноп, які б прадставілі б дзяўчаты ў традыцыйных нацыянальных касцюмах.У гэтым цікавым конкурсе Глыбоцкі раён заняў трэцяе месца.
–Калі ў Доме рамёстваў працавала Марыя Вячаславаўна Ермаловіч, народны майстар па пляценні саломкі, то ў яе заўсёды быў запас саломы, – гаворыць малодшы навуковы супрацоўнік Дома рамёстваў Таццяна Карнеева. – Сёння Марыя Вячаславаўна на заслужаным адпачынку, і такога запасу няма. І пасля таго, як мы атрымалі палажэнне аб правядзенні конкурсу, прыйшлося задумацца: а дзе ўзяць матэрыял? І такі, каб сноп атрымаўся прыгожым.
– Узялі ў адной з гаспадарак раёна?
– Сёлета на сваіх сотках я пасеяла жыта. Яно вырасла роўнае, прыгожае. Убрала яго, высушыла. Мне вельмі спадабаліся каласкі, я іх састрыгла і паставіла ў вазу. І думаць не думала, што ўсё гэта мне праз нейкі час спатрэбіцца. Праўда, сваёй саломы не хапіла, і нам прывезлі сноп з сельскагаспадарчай арганізацыі.
–І з чаго пачалі?
–З таго, што пазваніла Марыі Вячаславаўне і папрасіла ў яе дапамогі. Марыя Вячаславаўна і расказала мне, што і як трэба рабіць. Салома – матэрыял лёгкі, паставіць сноп на дварэ – вецер знясе яго. Патрэбен каркас. Драўляны каркас зрабіў муж нашай загадчыцы Уладзімір Скавырка. Абклалі каркас саломай, умацавалі салому ніткамі, упрыгожылі тасьмой, кветкамі. Частку саламяных кветак зрабіла я, частку – майстар з Падсвілля Наталля Пятроўна Васілеўская. Вырашылі, каб прыгажэй было, размясціць іх у два ярусы.
–Сноп сапраўды атрымаўся вельмі прыгожым.
–У гэтым заслуга ўсяго нашага калектыву і, канечне ж, Марыі Вячаславаўны Ермаловіч.
–І хто прадстаўляў яго на конкурсе на “Дажынках”?
–Нашы дзяўчаты ў традыцыйных нацыянальных касцюмах, якія насілі на Глыбоччыне. У тых касцюмах, якія мы зрабілі да абласнога конкурсу “Сцяжкі майстэрства”, які ўжо стаў традыцыйным. І сноп, і нашы прыгожыя дзяўчаты ў нацыянальных строях проста не маглі не спадабацца журы. Як вынік – трэцяе месца і дыплом.
Фота Таццяны Карнеевай.