Вынікі сельскагаспадарчага года: інтэрв’ю з першым намеснікам старшыні глыбоцкага райвыканкама, начальнікам райсельгасхарча І. І. Пачкоўскім

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

DSC_0036

—Іосіф Іванавіч, 2017 сельскагаспадарчы выдаўся няпростым?

—Я сказаў бы так: складаным. Вы ж самі памятаеце, якая была вясна. Пачалі работы зладжана, арганізавана, а потым свае карэктывы ўнесла надвор’е: гэта і  дажджлівая трэцяя дэкада красавіка, і халады, якія стаялі да 10 мая, і замаразкі, асадкі ў выглядзе мокрага снегу. Тэмпы работ рэзка ўпалі. Халодным выдалася і лета. І атрымалася, што выспяванне  ўраджаю ішло са спазненнем на 10-15 дзён, што не магло не адбіцца на тэрмінах правядзення работ  і на ўраджайнасці. Пазней пачалі мы і ўборачныя работы – у першай дэкадзе жніўня. І ўсё ж насуперак капрызам надвор’я аграрыі раёна вытрымалі выпрабаванне на трываласць і сабралі 52 тысячы тон зерня — больш мінулагодняга паказчыка на 13,6 тысячы тон.  Хачу адзначыць, што найбольшы валавы збор і ўраджайнасць зерня і алейнага насення рапсу атрыманы ў сельскагаспадарчых арганізацыях, якія ўвайшлі ў інтэграцыйную структуру, створаную на базе камбікормавага завода. На долю холдынгу прыходзіцца 71% валавой прадукцыі, 64% валавога збору зерня, 69% алейнага насення рапсу. Сёлетні год быў адметным  менавіта тым, што актыўна пачала заяўляць пра сябе інтэграцыйная структура. У аб’яднанне паступіла 169 адзінак сучаснай высокапрадукцыйнай самаходнай і прычапной тэхнікі. У тым ліку імпартныя камбайны, трактары, кормаўборачныя комплексы, прычапныя агрэгаты. І гэта дазволіла нам рэзка павялічыць тэмпы палявых работ, атрымаць добрыя вынікі і закласці трывалую аснову пад ураджай 2018 года.

—Па ўраджайнасці зерневых культур – 29,9 цэнтнера з гектара — раён у абласным рэйтынгу заняў высокае шостае месца. Мы паўтарылі вынік рэкорднага па намалоце 2012 года, калі раённы каравай заважыў аж 77 тысяч тон.

—Ураджайнасць не нізкая, але мы разлічвалі на большую, цэнтнераў 5-6 забрала надвор’е. Але і пры такіх пагодных  умовах у філіяле “Мнюта” на круг атрымана па 47 цэнтнераў зерня, і гаспадарка сярод сельскагаспадарчых арганізацый, якія ўваходзяць у інтэграцыйныя структуры Віцебскай вобласці, заняла трэцяе месца. Больш за 40 цэнтнераў з гектара сабралі ва ўнітарным прадпрыемстве “За Радзіму”. У гэтым годзе парадавала нас кукуруза, хоць уборка на апошняй сотні гектараў запомніцца нам надоўга. Ударылі дажджы, пасля якіх  тэхніка на палі зайсці не змагла, і атрымлівалася, што адзін трактар браў на буксір другі, які вывозіў з палеткаў зялёную масу. Але і ў такой сітуацыі  па  ўраджайнасці зялёнай масы кукурузы  раён ўвайшоў у вобласці ў першую тройку.  У ААТ “Канстанцінаў Двор” два з паловай дзясяткі гектараў пакінулі на зерне і сабралі  146 тон зерня, якія на камбікормавым заводзе будуць выкарыстаны для нарыхтоўкі камбікармоў. І ўвогуле хачу сказаць, што расшырэнне плошчаў шматгадовых траў, павелічэнне ўдзельнай увагі канюшыны, стаўка на зернебабовыя культуры, тэхналагічнае вырошчванне кукурузы пацвердзілі правільнасць стратэгіі, выбранай райвыканкамам, асабіста старшынёй райвыканкама Алегам Віктаравічам Морхатам, райсельгасхарчам.  На працягу года Алег Віктаравіч быў ініцыятарам усіх карысных пачынанняў, трымаў руку на пульсе  ў самыя адказныя перыяды сельскагаспадарчага года. Ёсць вынікі, якімі мы можам ганарыцца.

—Прадукцыя раслінаводства – аснова для развіцця галіны жывёлагадоўлі. Можна сказаць, што кармоў мы нарыхтавалі ў гэтым годзе ў дастатковай колькасці?

—Можна сказаць. Калі раней у абласным рэйтынгу Глыбоцкі раён за кошт  шчыльнасці жывёлы займаў па забеспячэнні кармоў 5-6 пазіцыі знізу, то ў гэтым годзе  мы ўжо на 5-6 пазіцыі зверху. І ў нас няма гаспадаркі, дзе на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана менш 18,7  цэнтнера кармавых адзінак. Я лічу, што гаспадаркі забяспечылі сябе травянымі кармамі. З мэтай паляпшэння якасці кармоў у раёне  ў гэтым годзе пабудаваны новыя 22 траншэі, у якіх закладзена 10%  кармоў ад агульнага аб’ёму. За студзень-верасень  2017 года па раёне атрымана 48,6 тысяч тон малака, што складае 100,3% к мінуламу году. Павялічылася якасць рэалізуемага малака: сортам “экстра” ў 2016 – 53,9%, у 2017 – 65,3%.

—Што вы скажыце пра якасць нарыхтаваных кармоў.

— Раслінаводства – цэх пад адкрытым небам. І давайце ўспомнім, у якіх умовах праходзіла корманарыхтоўка, у прыватнасці,  закладка кукурузнага сіласу. Канечне, жывёле пра гэта не скажаш. Але ўлічваць гэта трэба. Акрамя ўмоў надвор’я, гэта яшчэ тэхнічная аснашчанасць “зялёнага жніва”. Калі прапісана на ўборку 10-12 дзён, то столькі і трэба, а не 20 дзён і больш. Познімся з тэрмінамі нарыхтоўкі і страчваем якасць кармоў.

— Прадукцыя жывёлагадоўлі – асноўная крыніца паступлення грашовых сродкаў. Можна ўжо ў бліжэйшы час разлічваць на прыбаўку ў вытворчасці малака, вырошчванні мяса?

— У гэтым плане ў раёне шмат чаго зроблена і робіцца. Але найперш хачу сказаць, што ў мінулым годзе мы атрымалі толькі 56% зерня да ўзроўню 2015 года, што адмоўна адбілася на забеспячэнні жывёлы канцэнтратамі, на фінансавым стане гаспадарак. Але з любой сітуацыі трэба знаходзіць выйсце. Па-першае, мы павялічылі пагалоўе жывёлы амаль на дзве тысячы галоў. А ў народзе так кажуць: “Ёсць на двары карова – ёсць жыццё”. Ёсць маладняк – таксама ёсць жыццё. На плюс, акрамя пагалоўя, якое павялічылі, павінна спрацаваць і тое, што праведзена вялікая работа па будаўніцтве і рэканструкцыі сянажных і сіласных траншэй, пабудавана прафілакторыяў для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы амаль на тысячу месцаў. І гэта ў бліжэйшай перспектыве павінна спрацаваць. Адзін з апошніх выязных семінараў па  ініцыятыве Алега Віктаравіча Морхата быў прысвечаны рабоце ферм з даільнымі заламі. Менавіта даільныя залы павінны стаць флагманамі развіцця малочнай галіны. Не павінна так быць, калі на адной ферме дзённы надой складае 16 кілаграмаў малака, на другой — менш 7. Тэхналогія і яшчэ раз – тэхналогія – такое патрабаванне старшыні райвыканкама.  І тут галоўнае слова павінны сказаць спецыялісты. Даб’ёмся гэтага – вынікі будуць.

—Пра кадры мы пакуль не сказалі ні слова.

—Хочацца сказаць  кіраўнікам, спецыялістам, гараджанам, якія памаглі ўбраць лён з апошняй сотні гектараў, усім-усім, хто працаваў на ўраджай, вялікі “дзякуй” за шчырую працу. Калі паглядзець на рэйтынг сельскагаспадарчых арганізацый,  то трэба зазначыць, што стабільна працуе філіял “Мнюта” (кіраўнік Яраслаў Іванавіч Сінкавец), унітарнае прадпрыемства “За Радзіму” (Тадэвуш Тадэвушавіч Зяновіч), філіял “Капыльшчына” (Антаніна Дзмітрыеўна Вазнякова). Словы падзякі выкажу і Уладзіміру Уладзіміравічу Бабічу, дырэктару ААТ “Чарневічы”: таварыства аддаленае, вялікае, у свой час увабрала ў сябе тры гаспадаркі, і зроблена там ужо шмат чаго добрага.  І не толькі ім, але і ўсім кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый як вопытным, так і  тым, хто толькі нядаўна заступіў на гэтую адказную пасаду. У гэтым сельскагаспадарчым годзе  ў “Азярцах”, “Прошкаве”, “Каралях”, “Канстанцінавым Двары”, “Стрынадках” памяняліся кіраўнікі. І я жадаю Сяргею Пятровічу Мушкату, Сяргею Мікалаевічу Захарэвічу, Анатолю Анатольевічу Пашкевічу, Аляксею Часлававічу Ермаковічу, Уладзіміру Антонавічу Мацкевічу вывесці свае калектывы на перадавыя пазіцыі. Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць усіх жыхароў раёна з наступаючым святам, пажадаць ім моцнага здароўя, добрага настрою, ладу, згоды, дабрабыту ў сем’ях і новых  працоўных поспехаў.
Са святам! 

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2025

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru