На парадак дня кастрычніцкага пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў быў вынесены цэлы шэраг надзённых пытанняў. І кожнае з іх прадстаўнікі дэпутацкага і гаспадарчага актыву раёна абмяркоўвалі актыўна, з неадольным жаданнем выпрацаваць такое рашэнне, якое магло б эфектыўна паўздзейнічаць на паляпшэнне жыццядзейнасці грамадзян.
Першым разглядалася пытанне “Аб забеспячэнні насельніцтва дрывамі”. Надзённае пытанне, і не таму, што зіма хутка. Ацяпляльны сезон сёлета стартаваў як ніколі рана і ў чарговы раз пацвердзіў ісціну: сапраўдны гаспадар палівам на зіму павінен запасаецца яшчэ ўлетку. Пры ўсім тым, нямала знаходзіцца такіх, хто адкладваў гэту справу да самага надыходу халадоў. “Менавіта такія гаспадары і ствараюць ажыятаж, — адзначаў у сваім выступленні на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў дырэктар філіяла УП «Віцебскаблпаліва» Ігар Зібараў. – Ад мая да верасня заявак на пастаўку паліва амаль не паступала, а цяпер раптам актывізаваліся”.
Патрабуючы ад кіраўнікоў райпаліўзбыту і лясгасаў, ад старшынь сельскіх Савнтаў дэпутатаў неадкладнага забеспячэння заявак на пастаўку паліва, і дроў у прыватнасці, старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч нацэльвала ўсіх на выпрацоўку дакладнага алгарытму дзеянняў у рамках навейшых заканадаўчых актаў. Асаблівую ўвагу звяртала на тое, што грамадзянам, вяскоўцам, якія жадаюць самастойна нарыхтоўваць дровы каля сваіх населеных пунктаў, неабходна даць канкрэтныя і зразумелыя парады, як і што рабіць.
У абмеркаванні гэтага пытання ўдзельнічалі таксама дырэктар ДЛГУ “Глыбоцкі доследны лясгас” Сяргей Гайдук, дырэктар ДЛГУ “Дзвінская эксперыментальная лясная база Інсытута лесу НАН Беларусі”, дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Пасялковай выбарчай крузе №30 Эдуард Длужнеўскі, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Казак, дырэктар ДЛГУ “Дзісненскі лясгас” Ігар Бачарэнка. “Варыянты вырашэння ўзнікаючых праблем з нарыхтоўкай і дастаўкай дроў ёсць, — зазначыла Галіна Уладзіміраўна Унуковіч. – Для гэтага толькі патрабуюцца комплексны падыход і зладжаныя дзеянні ўсіх зацікаўленых у вырашэнні справы суб’ектаў”.
Пра супрацьпажарны стан аб’ектаў і населеных пунктаў Глыбоцкага раёна, пра тое, наколькі эфектыўна працуюць аглядавыя камісіі, дакладваў на пасяджэнні выконваючы абавязкі начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Прыстаўка. Прэзідыум раённага Савета дэпутатаў, адзначаючы значную работу па прафілактыцы на тэрыторыі раёна ўзгаранняў і пажараў, запатрабаваў ад супрацоўнікаў РАНС працаваць у больш цесным звязе са старэйшынамі вёсак і дэпутатамі сельскіх Саветаў дэпутатаў. Важным напрамкам у рабоце павінна стаць вучоба работнікаў раённых службаў, работнікаў сельвыканкамаў. Паспяхова валодаць ведамі і навыкамі па супрацьпажарнай бяспецы абавязаны ўсе прадстаўнікі кіруючага актыву раёна. Задача супрацоўнікаў РАНС арганізаваць гэтую вучобу. Формы навучання могуць быць самымі рознымі. Узорам гэтаму можа паслужыць навучальна-азнаямляльны семінар старшыняў сельскіх Саветаў дэпутатаў на базе раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Досыць акцэнтавана і зацікаўлена абмяркоўвалася і такое важнае жыццёвае пытанне, як навядзенне парадку і догляд могільнікаў. На парадку дня пасяджэння гэтае пытанне фармулявалася так: “Аб ходзе выканання Закона Рэспублікі Беларусь ад 12.11.2001 г. “О погребении и похоронном деле” і выкананні Пастановы Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 10.06.2016 г. №17 “Аб зацвярджэнні правілаў утрымання і месцаў пахавання на тэрыторыі Удзелаўскага і Узрэцкага сельсаветаў”. Па гэтым пытанні заслухоўваліся інфармацыйныя даклады старшыні Узрэцкага сельскага Савета дэпутатаў Пятра Дашкевіча, начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Генадзя Ясюкевіча, начальніка Удзелаўскага ўчастка ЖКГ Канстанціна Рыхлёнка.
Сур’ёзная ўвага на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў удзялялася разгляду пытання “Аб захаванні патрабаванняў заканадаўства ў сферы архіўнай справы і справаводства Карабоўскім, Пліскім, Празароцкім сельскімі Саветамі дэпутатаў, выканаўчымі камітэтамі”. Пра парадак вядзення справаводства і фарміравання архіваў, пра недахопы ў рабоце адказных работнікаў Пліскага і Празароцкага сельскіх Саветаў дэпутатаў гаварыла ў сваім выступленні дырэктар установы “Дзяржаўны архіў г. Глыбокае”, дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Школьнай выбарчай акрузе №14 Нэля Баравік. Пра работу са зваротамі грамадзян у вышэй згаданых сельскіх Саветах дэпутатаў дакладвала загадчыца сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Ірына Мікуліч. Пра вынікі праверкі вядзення справаводства ў Пліскім і Празароцкім сельскіх Саветах дэпутатаў гаварылі загадчыца юрыдычным сектарам райвыканкама Наталля Мацвеева і галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Ганна Татаранка.
Па ўсіх разгледжаных на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў пытаннях прыняты адпаведныя пастановы.