У Глыбоцкім раёне адбыўся ІІ раённы конкурс «Лепшы па прафесіі 2017 года» сярод маладых аператараў машыннага даення

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 2,00 из 5)
Загрузка...

“Раніцай і позна ўвечары гараць агні ферм: аператары машыннага даення ператвараюць малочныя ручайкі ў малочныя рэкі, сваёй працавітасцю, стараннасцю і добрымі справамі праслаўляюць наш край”, — такімі лірычнымі, цёплымі словамі вядучай Аксаны Баброўскай  у Дзеркаўшчынскім цэнтры культуры адкрыўся II раённы конкурс “Лепшы па прафесіі 2017 года” сярод маладых аператараў машыннага даення.

раённы-конкурс-аператараў-032
Цудоўная пяцёрка (злева направа) – Таццяна Супранёнак, Юлія Матошка, Андрэй Ляшкевіч, Наталля Старавойтава, Таццяна Свірко.


Першы раённы конкурс прайшоў у жніўні мінулага года,  ініцыятыва яго правядзення належала галоўнаму спецыялісту аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяне Працук. Паколькі прайшоў другі, і, па словах Таццяны, спыняцца на гэтым яна не збіраецца, можна ўжо выказаць думку, што такія моладзевыя праекты на Глыбоччыне стануць традыцыйнымі. Дапоўнім к гэтаму, што ініцыятыва Таццяны Працук знаходзіць падтрымку ў райсельгасхарчы, у райкаме прафсаюза работнікаў АПК.

І гэта здорава! Такія конкурсы не толькі выяўляюць лепшых па прафесіі, але і дапамагаюць юнакам і дзяўчатам паверыць у сябе, у свае сілы, знайсці ў сабе такія здольнасці, пра якія  нават не думалі, што яны ёсць, урэшце проста  пасябраваць, падзяліцца сваім вопытам і пераняць вопыт сваіх равеснікаў.

Знаёмімся

З леташніх чатырох канкурсантак у сёлетнім конкурсе прымала ўдзел толькі Таццяна Супранёнак з унітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства “За Радзіму”: Таццяна ў мінулым годзе была трэцяй у конкурсе  і пераможцам аднаго з этапаў, які называўся “Візітная картка”.

 Акрамя яе, сёлета  за званне “Лепшы па прафесіі” вырашылі пазмагацца  Юлія Матошка з ААТ “Верхняе”, Наталля Старавойтава з ААТ “Канстанцінаў Двор”, Таццяна Свірко з філіяла “Прошкава”,  Андрэй Ляшкевіч з ААТ “Сельцы”.

Конкурсная  праграма ўтрымлівала чатыры этапы: “Візітная картка”, “Тэорыя”, “Разборка і зборка пульсатара”, “Тэхналогія машыннага даення  кароў”. Першыя два праходзілі ў Дзеркаўшчынскім цэнтры культуры, астатнія – на МТФ “Дубок” ААТ “Канстанцінаў Двор”.

У складзе журы, якое павінна было вызначыць лепшых, — вядомыя ў раёне людзі, спецыялісты высокага класа: галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Працук, галоўны ветэрынарны ўрач раёна Леанід Стоцік, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталля Зяновіч, галоўны заатэхнік райплемстанцыі Жанна Гуменнік, галоўны спецыяліст райсельгасхарча Васіль Шурпік.

Да пачатку конкурсу некалькімі словамі паспеў перакінуцца толькі з двума ўдзельнікамі – з Таццянай Супранёнак і Андрэем Ляшкевічам.

За год у жыцці дзяўчыны нічога не змянілася. Па-ранейшаму працуе на МТФ “Міхальцы”, па-ранейшаму яе любяць і шануюць у калектыве. Адрозненне было хіба адно: Таццяна  ў параўнанні з іншымі амаль не хвалявалася. Заўважыла толькі, што найбольш яе турбуе тэорыя, паколькі летась  на некаторыя пытанні  не здолела даць правільныя адказы.

У размове з Андрэем пажартаваў: “Ты ж мужчына, павінен уступіць мілым дамам!”. – “Гэта ж конкурс, паддавацца не збіраюся, буду змагацца за перамогу!” – імгненна адрэагаваў Андрэй.  На МТФ “Забор’е” ААТ “Сельцы” юнак працуе трэці год. Раней на гэтай ферме працавалі ягоная маці і сястра, і цяпер Андрэй годна прадаўжае справы сямейнай працоўнай дынастыі.

Першыя выпрабаванні

“Думаеце проста ў першы раз выйсці на сцэну? Не проста!” — прыкладна так гаварыў адзін  з герояў усімі намі любімага фільма “Карнавальная ноч”. Прыкладна такімі думкамі жылі напярэдадні першага этапу конкурсу – “Візітная картка” —  ці не ўсе яго ўдзельнікі, а Андрэй Ляшкевіч на сцэну так і не падняўся: стаяў унізе і слухаў вершаваныя радкі пра сябе – іх  чытала адна з прадстаўніц ягонай каманды падтрымкі. Асобныя строфы вельмі спадабаліся слухачам і выклікалі буру эмоцый і апладысментаў. Прыводзім гэтыя строфы.

Жил в деревне паренёк.
Здесь он и родился.
И умением своим
Очень пригодился.
 Дойка – дело женских рук.
Спорить нет причины.
Но пришёл на ферму вдруг
Дояром мужчина.
Пересуды, толки, смех,
Шишки – в лоб и темя.
Но Андрей наш  не из з тех:
—Дайте, бабы, время.

Улетку, калі збіраў матэрыял па развіцці малочнай галіны жывёлагадоўлі ў ААТ “Сельцы”, меў гутарку з кіраўніком прадпрыемства Уладзімірам Пашукевічам, і той вельмі добрыя словы сказаў пра Андрэя, заўважыў: “Юнак адразу ўліўся ў калектыў фермы, стаў, я кажуць, сваім чалавекам. І вынікі па сваёй групе мае высокія”.

Больш-менш спакойна змаглі расказаць пра сябе толькі Юлія Матошка і Таццяна Супранёнак. Яны гаварылі пра сваю любоў да прафесіі, параўноўвалі сябе з раннімі птушкамі, расказвалі, як  рана ўстаюць, як спяшаюцца  на ферму да сваіх буронак. І менавіта Таццяна Супранёнак стане пераможцам у гэтай намінацыі.

Тэарэтычны конкурс  — з мноства прапанаваных пытанняў трэба было выбраць правільныя адказы – праходзіў у бібліятэцы. І выйграе яго Юлія Матошка.

Ад слоў – к справе

На МТФ “Дубок” ужо чакалі ўдзельнікаў конкурсу і адразу прадаставілі ім фронт “работ”: у адным месцы пройдзе этап “Разборка і зборка пульсатара”, у другім – “Тэхналогія машыннага даення кароў”.

Атрымаўшы ад галоўнага заатэхніка ўнітарнага прадпрыемства Жанны Квач  сувеніры – магніцікі з арыгінальным малюнкам і надпісам ААТ “Канстанцінаў Двор”, — канкурсанты прыступілі да справы. І ці не залішне суровая, негаваркая (на сцэне так і не магла разгаварыцца) Таццяна Свірко найлепш выканае заданне па разборцы і зборцы пульсатара (устройства ў даільным апараце) і будзе прызнана лепшай у гэтай намінацыі.

Пра Наталлю Старавойтаву – сказ асобны. Працу ў ААТ “Канстанцінаў Двор” яна знайшла па аб’яве. Пераехала сюды з сям’ёй, стала працаваць на ферме. І папрацавала ўсяго некалькі месяцаў, але заявіць пра сябе як пра ўмелую даярку паспела. Як скажа пазней Жанна Квач, навыкі Наталлі пры даенні кароў крышку адрозніваюцца, але працуе яна тэхналагічна. Наталля Старавойтава і стане пераможцам у намінацыі “Тэхналогія машыннага даення кароў”.

раённы-конкурс-аператараў-074
“Лепшая па прафесіі 2017 года” сярод аператараў машыннага даення Наталля Старавойтава.

Фінальныя акорды

Паколькі назіраў за працай членаў журы (для падвядзення вынікаў і ўручэння ўзнагарод усе вярнуліся ў Дзеркаўшчынскі цэнтр культуры), магу сказаць, што ім было не проста вызначыць мацнейшага, лепшага па прафесіі аператара машыннага даення 2017 года: ну, вельмі ўжо моцныя сапернікі падабраліся! Урэшце пасля працяглага абмеркавання пераможца II раённага конкурсу сярод маладых аператараў машыннага даення быў названы – гэта Наталля Старавойтава з ААТ “Канстанцінаў Двор”. Другое месца заняла Юлія Матошка з ААТ “Верхняе”, трэцяе – Андрэй Ляшкевіч з ААТ “Сельцы”.

Цырымонія ўзнагароджвання праходзіла на сцэне Дзеркаўшчынскага цэнтра культуры, і тут ужо на сцэну выйшлі ўсе: як члены журы, так і ўдзельнікі конкурсу. Цёплыя словы ў іх адрас сказалі Таццяна Працук, Наталля Зяновіч,  Леанід Стоцік. І ўзнагароды атрымалі не толькі пераможца і прызёры, але і ўсе, хто прымаў удзел у гэтым няпростым, але такім цікавым спаборніцтве. Ім быў прысвечаны невялічкі канцэрт, падрыхтаваны мясцовымі самадзейнымі артыстамі.

А пераможца, Наталля Старавойтава, і стоячы на сцэне, і пасля так і не змагла стрымаць слёз радасці. І вось такую яе, крышку заплаканую, сфатаграфаваў.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru