Ён быў арганізаваны ў рамках праекта “Некамерцыйныя арганізацыі для паляпшэння жыцця пажылых людзей у рэгіёнах Балтыйскага мора”.
Пілотны праект разлічаны на год і мае на мэце вывучыць магчымасці для таго, каб зрабіць жыццё людзей, што знаходзяцца на заслужаным адпачынку, творчым, актыўным і максімальна карысным. Праект коштам каля васьмідзесяці тысяч еўра рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Савета Міністраў краін Балтыйскіх і Скандынаўскіх краін. Асноўным яго партнёрам з’яўляецца Карэльскі рэсурсны цэнтр па рабоце з пажылымі людзьмі, у ліку партнёраў-саўдзельнікаў – Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт і “Мясцовы фонд” Цэнтра ўстойлівага развіцця тэрыторыі “Азёрны край”, якім кіруе Міхаіл Арэхаў.
—Праект стартаваў у сакавіку гэтага года. Першае мерапрыемства праходзіла ў Гданьску (Польшча), другое – пачалося ў Даўгаўпілсе 11 кастрычніка і працягвалася на наступны дзень у Глыбокім. У склад замежнай дэлегацыі ўваходзілі прадстаўнікі Польшчы, Латвійскага Бюро Еўрарэгіёна “Азёрны край”, гарадской і сельскай Даўгаўпілскай Краёвай Думы, рэсурснага Цэнтра і гарадскога ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва з Петразаводска (Карэлія), — сказаў Міхаіл Міхайлавіч.
Удзел у рабоце семінара прымалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Таццяна Тарасевіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Сіўцэвіч, дырэктар Глыбоцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ала Стоцік, прадстаўнікі прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый.
Напачатку госці паглядзелі відэафільм пра Глыбоччыну. Затым прысутных прывітала Галіна Унуковіч. З кароткім дакладам па рабоце з пажылымі грамадзянамі, якая праводзіцца ў раёне, выступіла Таццяна Тарасевіч.
—Ветэранская арганізацыя Глыбоччыны – гэта 9 648 чалавек, аб’яднаныя ў 32 пярвічныя арганізацыі, якія працуюць на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна, а таксама 20 аматарскіх аб’яднанняў, што “прыпісаліся” ў клубных установах і актыўна рэалізуюць здольнасці ў фальклорным, тэатральным, вакальным, дэкаратыўна-прыкладным відах дзейнасці. У іх ліку ансамбль “Весялушкі” і клуб народных майстроў “Спадчына” Падсвільскага ДК, народны клуб ветэранаў “Маналіт” Глыбоцкага ДК, фальклорная група вёскі Шо Івесьскага культурнага гісторыка-турыстычнага цэнтра, рэтра-група “Прашкаўчанка”…
У мерапрыемствах, дзе ўдзельнічаюць самабытныя калектывы, заўсёды свой асаблівы каларыт і глыбокая прыгожая душа няўрымслівага чалавека, у якога ніхто ніколі не пытаецца пра ўзрост, — гаварыла Таццяна Леанідаўна.
Апладысменты, уручэнне сувеніраў, сумесны прагляд фотаальбомаў і здымак на памяць – так скончылася тэарэтычная частка семінара.
У другой палове дня для гасцей была арганізавана экскурсія па горадзе. Затым яны наведалі аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання ТЦСАН. З работай цэнтра і яго аддзяленняў, а таксама з сістэмай сацыяльнага абслугоўвання грамадзян пажылога ўзросту прысутных пазнаёмілі дырэктар Ала Стоцік і загадчыца аддзялення Вольга Шаўчонак. Пра адзін з рабочых дзён расказала сацыяльны работнік ТЦСАН Раіса Барткевіч. Супрацоўнікі аддзялення правялі экскурсію, а затым падводзілі вынікі сустрэчы за кубачкам гарбаты.
Госці задавалі шмат пытанняў, цікавіліся пералікам і коштам аказваемых паслуг, колькасцю замацаваных за сацыяльным работнікам падапечных, лічылі-прыкідвалі і сыходзіліся на тым, што клопат дзяржавы пра пажылых, інвалідаў, нямоглых відавочны, падтрымка адчувальная, а плата – “ніжэй не бывае”. Скончылася праграма візіту наведваннем Дома самастойнага пражывання ў вёсцы Мосар.
У ходзе мерапрыемства пагаварыла з некаторымі гасцямі.
Наталля Вартанава (Петразаводск, РФ), старшыня праўлення “Карэльскага рэгіянальнага аддзялення агульнарасійскага грамадскага аб’яднання “Саюз пенсіянераў Расіі” “Паўночныя званы”:
–Лічу, што пажылыя людзі – гэта моцная, мудрая, дзеяздольная «армія», сілы якой трэба накіроўваць дзеля вырашэння пастаўленых дзяржавай задач. Мы пераканаліся, што пажылы ўзрост – гэта новая старонка біяграфіі людзей, і мы павінны зрабіць усё магчымае, каб яна была яркай, насычанай і духоўна напоўненай.
Пані Марыя, Гданьск (Польшча), прадстаўляе праграму “Як жывуць старэйшыя людзі”:
– Я прыязджаю ў Беларусь, як на радзіму, бо тут мае карані. Мама нарадзілася пад Полацкам. Доктар Гушча, які жыў у Патупах, і якога да цяперашняга памятаюць у вашых краях, быў маёй раднёй. Мне 67 гадоў. На пенсію я пайшла толькі летась, бо любіла і хацела працаваць. Вольнага часу амаль не маю: займаюся падводным плаваннем, чацвёрты год вывучаю англійскую мову, займаюся грамадскай работай. Такія семінары збліжаюць, даюць магчымасць вучыцца адзін у аднаго, браць усё лепшае, што дасягнута ў нашых краінах.
– Наступнае мерапрыемства, запланаванае ў рамках праекта, пройдзе сёлета ў снежні ў адной са скандынаўскіх краін, а заключная канферэнцыя, на якой мы будзем падводзіць вынікі сумеснай работы, — у Петразаводску ў наступным годзе. Плануем да гэтага часу зрабіць фільм, зацвердзіць інфармацыйныя пляцоўкі, дзе будзе знаходзіцца карысная інфармацыя для тых, хто працуе з пажылымі людзьмі, і рухацца далей у абраным накірунку, — сказаў Міхаіл Арэхаў.

2.8850
3.4000
3.7200 

