У рамках міжрэгіянальнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем на мінулым тыдні на Глыбоччыне пабывала дэлегацыя з правінцыі Хэнань, правінцыі, якая славіцца развітай сельскай гаспадаркай. Госці цікавіліся развіццём харчовай прамысловасці ў нашым раёне.
На ААТ “Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат” кітайскую дэлегацыю сустракалі намеснік старшыні райвыканкама Алег Варша і генеральны дырэктар прадпрыемства Валерый Дулінскі. Госці пабывалі ў цэху сухога малака, а таксама ў асноўным вытворчым цэху камбіната – кансервавым, прадэгуставалі прадукцыю, якую выпускае малочнакансервавы камбінат.
—Прадукцыю нашага прадпрыемства экспартуем у многія краіны свету, спадзяёмся, што ў перспектыве выйдзем з ёй і на кітайскі рынак. Мы паказалі гасцям нашу вытворчасць і абмеркавалі магчымыя варыянты супрацоўніцтва, — адзначыў у размове з карэспандэнтам “ВГ” генеральны дырэктар ААТ “Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат” Валерый Дулінскі.