8 верасня гэтага года ў абласным Інстытуце развіцця адукацыі ў Віцебску прайшлі інтэлектуальныя спаборніцтвы. Удзельнікамі абласнога этапа рэспубліканскага тэлепраекта “Я ведаю” былі 147 лепшых вучняў 5-11 класаў гарадскіх і сельскіх школ Віцебшчыны.
Глыбоччыну на конкурсе прадстаўляла каманда юнакоў: вучань 5 класа СШ№3 Максім Скаромнік, сямікласнік СШ№2 Максім Паршута, шасцікласнік Максім Кадушкевіч васьмікласнік Віталь Хайноўскі, дзевяцікласнік Кірыл Латан, дзесяцікласнік Віктар Якубёнак з раённай гімназіі і вучань 11 класа СШ№2 Мікіта Кандубаў.
—Хлопцы, якія з’яўляюцца гонарам сваіх навучальных устаноў, павінны былі прайсці 4 туры спаборніцтваў. Першы прадстаўляў сабой гульню-размінку. У ходзе яго ўсе ўдзельнікі, размеркаваныя па ўзросце, павінны былі адказаць на 5 пытанняў па прадметах, якія вывучалі ў школе. У другім туры ўжо прапаноўвалі па 10 пытанняў з трыма варыянтамі адказаў. Трэці тур правяраў удзельнікаў не толькі на глыбіню ведаў прадметных дысцыплін, але і на рэакцыю: хто адказваў хутчэй, той аказваўся ў выйгрышы. У чацвёртым этапе кожны называў свой любімы прадмет, па якім і задавалі пытанні педагогі. Іспыты праходзілі па такіх прадметах, як беларуская, руская мовы і літаратуры, матэматыка, інфарматыка, фізіка, гісторыя геаграфія чалавек і свет, хімія, біялогія, музыка, выяўленчае мастацтва. Пры адказе ўлічваліся дасведчанасць, правільнасць, хуткасць, — расказвае дырэктар цэнтра дзяцей і моладзі Зоя Касцюкевіч. – Па выніках спаборніцтваў былі вызначаны пераможцы і абсалютныя пераможцы. Мы з гонарам сёння называем Максіма Паршуту і двух абсалютных пераможцаў Віктара Якубёнка і Мікіту Кандубава. Хлопцы былі ўзнагароджаны дыпломамі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама.
У канцы верасня ў Мінску пройдзе заключны этап тэлепраекта, у якім прыме ўдзел і каманда Віцебскай вобласці. У складзе яе будуць і нашы вышэйназваныя пераможцы-глыбачане, якія выйшлі ў фінал. Віншуем хлопцаў і чакаем іх са сталіцы з перамогай.