Старанная вучаніца і цудоўная настаўніца

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Яна заўсёды вучыцца сама і ўжо паўгода як цудоўна спраўляецца з абавязкамі настаўніцы. Гэта я пра маладога творцу – Галіну Машкову. Яе персанальная выстава “Асенні сон” нядаўна адкрылася ў Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці, пра якую мы ўжо згадвалі.

фото-067

Чаму я так ўпэўнена, што Галіна заўсёды вучыцца? А вы паглядзіце на той спіс навучальных устаноў, якія яна скончыла. Віцебскае дзяржаўнае вучылішча мастацтваў. Маскоўская адкрытая сацыяльная акадэмія. Першы Цэнтр Аэраграфіі ў Пецярбургу. Дарэчы, рамяство лепкі з гліны яна асвойвала ў Глыбокім, у раённым Доме рамёстваў, пад кіраўніцтвам метадыста Арцёма Фаміна. Спадзяюся, памятаеце, якія прыгожыя караблі з гліны ствараў  Арцём. А вось гэты прыгажун, міні-копія легендарнага парусніка капітана Чорная Барада “Месть королевы Анны” (на здымку) – справа рук  Галіны Машковай. Здольная вучаніца! І самавучка. Колькі розных тэхнік Галіна асвоіла сама! Зноў вяртаю да таго ж альбома яе творчых работ, дзе, акрамя здымкаў яе гравюр, жывапісных карцін, аэраграфіі на смартфонах, планшэтах, аўтамабілях, сценах дамоў, ёсць узоры розных штучак-упрыгожванняў для дзяўчат і жанчын з фетру, вішнёвых сувеніраў,  малюнкаў анімэ.

фото-013

Не сумняваемся, што хутка на вуліцах Глыбокага мы ўбачым “след” яшчэ аднаго майстра. Жывая рэклама яе творчасці – гэта ўнутранае аздабленне залаў “Сядзіба Якімовіча” і кафэ “Вераніка” ў Арэхаўна.

– Без праблем, – згадзіцца Галіна, калі вы прапануеце намаляваць якую-небудзь карціну на сцяне вашага дома ці малюнак на аўто.

– Яна вельмі энергічная, таленавітая. Усё імкнецца паспець, паспрабаваць, рэалізаваць. Цудоўны чалавек, добразычлівы, пазітыўны, ініцыятыўны. З ёй вельмі цікава працаваць, – расказвала пра маладога творцу кіраўнік народнага клуба майстроў “Крыніца” Святлана Кавальчук, якая, пазнаёміўшыся з Галінай Машковай на маладзёжнай выставе “На творчай хвалі” (2015 год), ужо ў 2016 прыняла яе ў клуб.

фото-068

 І не прагадала. Галіна стала актыўнай удзельніцай раённых  і абласных мерапрыемстваў разам з майстрамі “Крыніцы”. І хоць персанальная выстава ў маладой мастачкі не першая (дэбют быў падчас навучання ў Віцебску), але адметная: па-першае, стала цудоўным падарункам да ўласнага юбілею Галіны, які адзначыла ў пачатку верасня; па-другое, разам з работамі творцы па яе прапанове ў экспазіцыі размясціліся і малюнкі яе вучаніц – наведвальніц аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання Глыбоцкага ТЦСАН.

На ўрачыстае адкрыццё выставы маладой настаўніцы заглянулі Таццяна Аляксееўна Паварэнь, Тамара Мікалаеўна Бандарэнка, Феафанія Васільеўна Кулікоўская, якія віншавалі Галіну Аляксандраўну, прызнаваліся ёй у любві, дзякавалі за такую патрэбную справу, за цудоўна праведзены ў творчасці час, за падтрымку. Нават вершы прысвячалі. Аказваецца, 71-гадовая пачынаючая мастачка Тамара Бандарэнка пачала і рыфмаваць.

Святлана Кавальчук растлумачыла:

– Работа з фарбамі, колерам узвышае, а  людзям ва ўзросце і настрой паляпшае.

Добрыя словы ў адрас віноўніцы ўрачыстасці адрасавала загадчыца аддзялення Глыбоцкага ТЦСАН Вольга Шаўчонак:

– З лёгкай рукі Святланы Аляксандраўны прыйшла да нас працаваць Галіна. І, такое адчуванне, што яна ў нас працуе ўжо некалькі гадоў, асабліва, калі паглядзець на работы яе вучняў. А пачынала Галіна толькі ў лютым – за паўгода наведвальнікі гуртка “Творчасць душы” дасягнулі такіх добрых вынікаў. Дарэчы, і ў нашым будынку яна шмат што ўпрыгожыла дэкупажам, адрэстаўравала мэблю, ёсць навінкі на тэрыторыі. Пад кіраўніцтвам Галіны Машковай толькі-толькі распачынае сваю работу яшчэ адзін гурток “Крэатыўнае рукадзелле”. Чакаем наплыву жадаючых.

фото-071

Дарэчы, трапіць у вучаніцы да таленавітай настаўніцы можа толькі ўладальнік пенсійнага пасведчання – так жартавалі супрацоўнікі аддзялення і яго наведвальнікі.

Сама ж Галіна, па яе словах, у свет мастацтва “адправілася” ў чатыры гады. У дзяцінстве марыла стаць іканапісцам. Школу гравюр праходзіла ў Віцебску, настойліва і цярпліва выводзячы кропачкі. Навуку аэраграфіі – распылення фарбы з дапамогай аэрографа (распыляльніка) і кампрэсара на розныя паверхні спасцігала ў Пецярбургу. Манументалістыкай авалодвала…на будоўлі ў рамонтна-будаўнічым трэсце Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

– А якое рамяство яшчэ не асвоена? – пацікавілася я ў Галіны.

– Вязаць не ўмею ні пруткамі, ні кручком, – адказала яна і дадала: – Дарэчы, ужо набыла кнігі па мастацтве батыка, буду вывучаць. Буду спрабаваць выпальванне – піраграфію. Буду і вязаць. Шыць умею, праўда, кроіць не навучылася…

– А каваль Галіна Машкова, выпадкова ў нас не з’явіцца.?

– Пакуль не, для сябе я знайшла падобнае рамяство – упрыгожванні з дроту – атрымліваецца этнічная біжутэрыя.

– Я вельмі люблю працаваць у розных тэхніках,  і я застануся такой жа ветранай, – паабяцала напрыканцы мерапрыемства мастачка.

Заінтрыгавала…



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2025

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru