Пра тое, што кавуны, дыні вырошчваюць у Беларусі, чытаў у СМІ. З інтэрнэта вывудзіў і такую інфармацыю: за некалькі апошніх гадоў наша рэспубліка на 150 кіламетраў “наблізілася к поўдню”. І бахчавыя пры належным доглядзе могуць даць добры ўраджай.
Даходзілі да мяне чуткі, што і на Глыбоччыне ёсць людзі, якія спрабуюць вырошчваць гэтую сакавітую смачную ягаду.
І так атрымалася, што днямі сустрэўся з жанчынай, якая ўжо не першы год вырошчвае кавуны. Знаёмцеся: Эльвіра Кляпец, працуе ў СШ №3 горада, загадвае прышкольным участкам. Зрэшты, жанчына – прызнаны ў Глыбокім аматар-кветкавод, і пра гэтае яе захапленне мы расказвалі на старонках “ВГ”.
Вось толькі захапляцца кветкамі – адно, а вырошчваць кавуны, дыні – зусім другое.
— Гады чатыры таму я купіла ў краме “Верас” насенне, сорт “Аганёк”. Дома ў Лазічах на акне вырасціла расаду і на пачатку чэрвеня пасадзіла яе ў адкрыты грунт, — па дарозе да школьнай цяпліцы расказвае Эльвіра Францаўна. – І выраслі кавуны: адзін – большы, два другія – кілаграмы па два. Калі разрэзала адзін, то колер быў бледна-ружовы. Паспрабавала на смак – смачны, салодкі! Удалося вырасціць і дыню. Невялічкую, усяго адзін кілаграм. Таксама смачная.
І ўсе наступныя гады жанчына займалася вырошчваннем гэтых незвычайных для нас сакавітых ягад. На жаль, не ўсё атрымлівалася. І надвор’е не вельмі радавала цяплом.
А ў гэтым годзе Эльвіры Францаўне ўдалося вырасціць аж пяць кавуноў. У школьнай цяпліцы. Усе яны розныя: большыя, меншыя, праўда, палос ні на адной ягадзе я не ўбачыў – усе круглыя, зялёныя.
—Паспрабаваць бы глыбоцкі кавун на смак! – само сабой вырвалася ў мяне пажаданне.
— А мы возьмем адзін і разрэжам, — усміхнулася жанчына. – Застаецца выбраць: які?
Пакуль выбірала, Эльвіра Францаўна прачытала цэлую лекцыю пра гэтую ягаду, зазначыла, што “кожны кавун, калі пастукаць па ім кулачком, гучыць па-рознаму: чым званчэй гук, тым кавун спялейшы.”
…Кавун мы разрэзалі ў школьнай бібліятэцы, і адзін кавалачак дастаўся мне. Што магу сказаць? Салодкі, сакавіты, смачны. На маю думку, такі ж, як той, які купляў у “Еўраопце”. Значыць, могуць расці кавуны на Глыбоччыне, калі за вырошчванне іх возьмуцца такія працавітыя і цікаўныя жанчыны, як Эльвіра Францаўна Кляпец.
Дарэчы, у жанчыны ёсць яшчэ адно захапленне (а можа, прызванне?), яна – пчаляр у чацвёртым пакаленні. Пчалярствам займаліся яе прадзеды, дзяды, бацькі, і сёння яна сама свята выконвае ўсе пчалярскія запаведзі.

2.9650
3.4200
3.6400 

