Урок старшыні

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

У глыбоцкім прафліцэі прайшла ўрачыстая лінейка, прысвечаная пачатку новага навучальнага года. Адметнасць яе ў тым, што госцем мерапрыемства быў старшыня райвыканкама А. В. Морхат, які з 2006 па 2010 гады працаваў дырэктарам навучальнай установы.

Алег-Морхат-на-лдінейцы-у-прафліцэі-045

Выкладчыкі, майстры вытворчага навучання, юнакі і дзяўчаты вельмі цёпла сустрэлі Алега Віктаравіча, які ў свой час шмат чаго добрага зрабіў для развіцця ліцэя: ад удасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы – да добраўпарадкавання тэрыторыі. А яшчэ прывіў навучэнцам пачуццё патрыятызму, і сёння яны з гонарам называюць сябе ліцэістамі.

—Я  па сённяшні дзень памятаю адну размову з юнаком, які прыйшоў вучыцца ў прафліцэй, — шчыра, адкрыта пачаў размову Алег Морхат. – Калі пацікавіўся ў яго, чаму ён захацеў прадоўжыць вучобу ў нашым прафліцэі, а не, скажам, у Відзах, ён, не раздумваючы, адказаў: “Таму, Алег Віктаравіч, што гэта – Глыбокае”. І ўсе вы, у тым ліку і навучэнцы, якія паступілі ў прафліцэй з іншых раёнаў, павінны зразумець, адчуць, усвядоміць, што гэта – Глыбокае, і  добра вучыцца,  самааддана працаваць, каб наш горад, раён сталі яшчэ прыгажэйшымі і багацейшымі.

У гады свайго дырэктарства Алег Віктаравіч выкладаў навучэнцам эканоміку, а вось тэматыка ўрока, які ён правёў на лінейцы, хоць і ўтрымлівала ў сабе эканамічную складаемую, але была нашмат шырэй і больш разнастайнай.

 Лінейка пачалася з выканання гімна Рэспублікі Беларусь, і кіраўнік раёна пасля засяродзіў увагу юнакоў і дзяўчат на тым, як трэба паводзіць сябе  ў гэтыя мінуты, і выказаў пажаданне, каб ліцэісты не проста слухалі гімн, а спявалі пад музыку,  бо выкананне гімна – сведчанне нашай любві да Радзімы, да роднай зямлі.

Алег Віктаравіч гаварыў пра дысцыпліну, парадак, арганізаванасць падчас навучання, пра тое, што прафліцэй быў, ёсць і будзе кузняй механізатарскіх кадраў, што сёння ў сельскую гаспадарку раёна прыходзіць сучасная тэхніка, у тым ліку і імпартная, і працаваць на ёй могуць толькі высокакваліфікаваныя спецыялісты.

—Веру, што вы станеце такімі спецыялістамі, — зазначыў А. В. Морхат і дапоўніў: — Мне прыемна бачыць у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна многіх маіх выпускнікоў, якія працуюць шчыра і плённа. Бачу іх на камбайнах, за рулём трактароў і аўтамабіляў, яны разам са мной удзельнічаюць у розных мерапрыемствах, у турзлётах, канцэртах, гуляюць і перамагаюць  у футбольных матчах, і я імі ганаруся. Але я ведаю і тых, хто пасля заканчэння прафліцэя, каледжаў шукае сабе лягчэйшую працу і ўладкоўваецца на прадпрыемствы горада. І мне проста балюча, калі чую, што некаторыя выпускнікі прафліцэя замешаны ў антыграмадскіх учынках. Веру, што вы, сённяшнія навучэнцы, заўсёды будзеце на перадавой, станеце культурнымі, выхаванымі, адукаванымі людзьмі, з добрымі памкненнямі, творчымі ідэямі, што возьмеце на сябе адказнасць як за сваіх родных і блізкіх, так і за лёс сваёй Айчыны.

Пра многае гаварыў на гэтым своеасаблівым уроку Алег Морхат, а напрыканцы свайго выступлення павіншаваў з пачаткам навучальнага года выкладчыкаў, майстроў, навучэнцаў, пажадаў усім добрага здароўя, поспехаў у вучобе і працы і ўручыў дырэктару прафліцэя  Валянціне Шынкевіч падарунак – трымер, выказаўшы  пры гэтым упэўненасць, што тэрыторыя навучальнай установы будзе заўжды абкошанай  і прыгожай.

Але гэта яшчэ не ўсё: у адпаведнасці  з распараджэннем райвыканкама камбікормавы завод перадаў прафліцэю бязвыплатна камбайн КЗС-10, які стаіць на балансе філіяла “Верхняе”. Спраўны, на хаду камбайн заменіць у лабараторыі стары “Дон-1500” і будзе вельмі дарэчы для адпрацоўкі практычных заняткаў навучэнцаў.

Дырэктар прафліцэя Валянціна Шынкевіч ад імя калектыву падзякавала кіраўніку раёна за такую ўвагу і клопат і ўручыла сувенір, а навучэнцы падарылі Алегу Віктаравічу кветкі Павіншавала выкладчыкаў, навучэнцаў прафліцэя і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталля Зяновіч. Яна нагадала, што на працягу апошніх гадоў райкам прафсаюза па выніках паўгоддзя ўручае дзве прэміі лепшым ліцэістам, і падарыла шлемы групе, якая набывае новую прафесію ў прафліцэі,  – газаэлектразваршчыка.

Пасля лінейкі Алег Морхат, Валянціна Шынкевіч, выкладчыкі, майстры вытворчага навучання падышлі да камбайна і там прадоўжылі размову пра асаблівасці прафесіянальна-тэхнічнага навучання ў раёне. І — сфатаграфаваліся на памяць (на здымку).  А пра тое, што ў арганізацыі прафесіянальна-тэхнічнага навучання ёсць станоўчыя вынікі, сведчыць такі факт: у гэтым годзе 70 выпускнікоў школ раёна сваю вучобу прадаўжаюць менавіта
ў прафліцэі.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2025

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru