«Ганна» вітае глыбоцкіх пакупнікоў. Фірменны магазін “Ганна” ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка” адкрыўся на мінулым тыдні ў Глыбокім. Размясціўся ён па вуліцы Леніна ў будынку былога кансервавага завода. У магазіне ў шырокім асартыменце прадстаўленая прадукцыя з мяса птушкі: рулеты, каўбасы, сасіскі, ахалоджанае і замарожанае мяса птушкі, паўфабрыкаты, гарачыя кураня-грыль.
Трэба адзначыць, што многія гараджане з нецярпеннем чакалі гэтай падзеі, і яшчэ да прызначанага часу ля новага магазіна сабралася вялікая чарга з тых, хто хацеў наведаць магазін першым.
418 аб’ектаў рознічнага гандлю працуе ў нашым раёне. З іх 249 – магазіны, 10 – аптэкі, 5 – гандлёвыя цэнтры, 104 – павільёны, 14 – кіёскі. У сельскіх населеных пунктах размешчана 88 аб’ектаў: 64 магазіны, 3 павільёны, 2 кіёскі. За 8 месяцаў 2017 года на тэрыторыі Глыбоцкага раёна ўведзена 12 гандлёвых аб’ектаў. Колькасць рознічных гандлёвых аб’ектаў на 1000 чалавек насельніцтва – 11.
Работнікаў новай фірменнай гандлёвай кропкі, пакупнікоў падчас адкрыцця віталі старшыня райвыканкама Алег Морхат і намеснік генеральнага дырэктара Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ірына Супрун.
— Прадукцыя Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі якасная і карыстаецца вялікім попытам у пакупнікоў. Таму прыемна, што і ў нашым горадзе з’явіўся, нарэшце, фірменны магазін “Ганна”. Адкрыццё новых гандлёвых аб’ектаў – гэта не толькі працоўныя месцы, але і прыкмета таго, што наш горад развіваецца. Толькі за 8 месяцаў бягучага года на тэрыторыі Глыбоцкага раёна ўведзены 12 гандлёвых кропак, сярод якіх дзве аптэкі, магазін “Дабраном” па вуліцы Паўночнай, магазін дзіцячага адзення і магазін аўтазапчастак, магазін “Рытуал” у аграгарадку Празарокі і многія іншыя. Актыўна пашыраецца і фірменны гандаль. У Глыбокім працуюць магазіны “Белвест”, “Пінскдрэў”, Віцебскхлебпрама. Нядаўна адкрыўся фірменны магазін “Крышталь”, сёння адкрываецца “Ганна”. У перспектыве, спадзяюся, у нас з’явіцца магазін “Санта Брэмар”, — сказаў старшыня райвыканкама Алег Морхат.
Ірына Супрун адзначыла, што фірменны магазін “Ганна” ў Глыбокім – гэта ўжо саракавая гандлёвая кропка Віцебскай птушкафабрыкі. Яна выказала спадзяванне, што глыбачане ацэняць якасць і асартымент прадукцыі, і пажадала першым наведвальнікам магазіна прыемных пакупак.
І вось, чырвоная стужка перарэзаная! У першыя гадзіны работы новай гандлёвай кропкі быў сапраўдны ажыятаж. Пакупнікоў чакалі невялікія, але прыемныя сюрпрызы: дэгустацыя самай смачнай прадукцыі і памятныя сувеніры – магніцікі на халадзільнік у выглядзе курачак і пеўнікаў, паветраныя шары з лагатыпам птушкафабрыкі. Наведвальнікі ацанілі шырокі асартымент прадукцыі і невялікае, але ўтульнае памяшканне магазіна. “Ганна” вітае глыбоцкіх пакупнікоў!