Так сталася, што з камбайнерам ААТ “Глыбоцкая птушкафабрыка” Леанідам Селезнем на працягу гэтага тыдня сустрэўся двойчы: спачатку прыязджаў да яго як да аднаго з лідараў раённага спаборніцтва на жніве (фота камбайнера было змешчана на першай старонцы газеты ў мінулым нумары “ВГ”), а праз пару дзён – з нагоды ўручэння яму падзякі райсельгасхарча, райкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовай прэміі.
Леанід Селезень адным з першых у раёне намалаціў 800 тон зерня і выканаў умовы раённага спаборніцтва на сёлетнім жніве.
Першая наша сустрэча адбылася на полі гібрыднага жыта, і, па словах камбайнера, гэта былі апошнія, не самыя лепшыя па ўраджайнасці гектары.
–Наш аграном Віктар Алегавіч вырасціў добры ўраджай, і нам застаецца адно: даваць добры намалот. І даём: два дні запар я намалочваў па 100 тон зерня. Мой КЗС-1218 хоць і стары, сёмы год яму, але пакуль не падводзіць. Праўда, перад выхадам у поле давялося добра-такі яго падрамантаваць, – вясёлы, шчыры, Леанід лёгка павёў размову, і адразу ўзнікла адчуванне, што ведаю яго як шчырага працаўніка не першы год, што сёлетні ягоны поспех не выпадковы. Усё, усё задавальняе камбайнера на жніве: і арганізацыя працы, і заробак, і абеды, якія прывозяць у поле.
–Прывозяць усё, чаго душа пажадае, – усміхаецца Леанід. – І дранікі з мясам, і галубцы…Паясі – і адразу сіла прыбаўляецца.
У размове з галоўным аграномам гаспадаркі Віктарам Далідзёнкам даведаўся прозвішча і імя повара, якая гатуе такія смачныя абеды. Гэта Марыя Плюта, гэта ёй выказваюць словы ўдзячнасці Леанід Селезень, іншыя камбайнеры і вадзіцелі.
–А давайце я назаву вам усіх камбайнераў, усе яны малайцы! – загарэўся Віктар і пачаў называць: – Аляксандр Арэхаў, Уладзімір Цітовіч, Аляксей Пашкевіч, Генадзь Сіманковіч, Андрэй Галуза і родны брат Леаніда Селезня Васіль. У полі – ад расы да расы. Ні скаргаў, ні нараканняў. Ведаюць адно: вырашчаны ўраджай трэба ўбраць у пару і без страт.
Праўду сказаў на пачатку нашай сустрэчы Леанід Селезень: ураджай у ААТ “Глыбоцкая птушкафабрыка” вырасцілі ў гэтым годзе добры: на круг збіраюць па 35 цэнтнераў зерня. Вядома, немалая заслуга ў гэтым тэхнолага палёў Віктара Далідзёнка. Як галоўны спецыяліст ён яшчэ зусім малады: можна сказаць, што толькі пачынае.
–Калі гаварыць пра ўраджай 2017 года, то, у адрозненне ад мінулага, я сам сеяў і азімыя, і яравыя, таму ўся адказнасць за вынікі ляжыць на мне, – гаворыць Віктар. – Добрыя папярэднікі падабралі, чатырыста гектараў пасеялі на плошчах, дзе быў лён, і ўгнаенні, унесеныя пад лён, яшчэ далі аддачу. І ў агульнай колькасці ўгнаенняў мелі нашмат больш, чым летась. Азімыя два разы падкармілі азотам. Падкармілі і яравыя. Навука тут простая: што дасі зямлі, тое і атрымаеш. Вельмі адчувальная для нас і дапамога інтэграцыйнай структуры. А працавітыя людзі ў гаспадарцы былі, ёсць і будуць заўсёды.
Сярод лідараў раённага спаборніцтва на адвозцы зерня ёсць і вадзіцель ААТ “Глыбоцкая птушкафабрыка” Віталь Валабуеў. На дзень, калі мы пабывалі ў гаспадарцы, ён займаў другое месца пасля Паўла Гіля з сельскагаспадарчага прадпрыемства “Яблынька”.
–Пакуль другое, – заўважыў у сціслай размове Віталь. – Жніво ж яшчэ прадаўжаецца.
* * *
Наступная сустрэча з лідарам раённага спаборніцтва на жніве Леанідам Селезнем па часе не здоўжылася: першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Іосіф Пачкоўскі павіншаваў Леаніда з працоўнай перамогай і ўручыў яму ўзнагароды: падзяку і грашовую прэмію.