У Данілы і Дашы Шарабайкаў з Карабоў (на здымку) ёсць свой яблыневы сад. І не малы. Справа ў тым, што іх бацька займаецца садаводствам. Гадоў шэсць назад Дзмітрый Шарабайка пасадзіў першы самастойна вырашчаны саджанец і некалькі соцень маладых яблынек, — і праз чатыры гады сабраў нядрэнны ўраджай. Нядаўна, дзякуючы падтрымцы старшыні райвыканкама Алега Морхата, Дзмітрый аформіў сялянска-фермерскую гаспадарку, пад якую адведзены 43 га зямлі. Тры гектары саду ўжо закладзеныя на новым участку, а восенню фермер плануе пасадзіць пладовыя дрэвы яшчэ на 6 гектарах. Садавод вырошчвае яблыні, ігрушы і вішні. Усяго ў яго гаспадарцы сад расце на плошчы ў 12 гектараў. Яблыкі (у фермера яны ў асноўным позніх гатункаў) купляюць у Шарабайкі Глыбоцкае і Пастаўскае райспажыўтаварыства і мясцовыя жыхары. У гэтым годзе ўраджай у фермера багаты, ці не ў два разы большы, чым у мінулым. І гэта – вынік цяжкай працы. Уся дружная сям’я штодня працуе “на гаспадарцы”, а ў самы разгар работ, з сярэдзіны верасня, калі пачынаецца збор яблыкаў, у садавода не супраць папрацаваць і аднавяскоўцы. Але найпершы памочнік Дзмітрыя – яго сын Даніла. Пакуль што хлопец вучыцца, пераймае ў бацькі вопыт. У наступным годзе ён заканчвае школу, але ўжо дакладна ведае, што будзе паступаць у сельскагаспадарчую ВНУ. Дзмітрый спадзяецца, што ў дадатак да практычных навыкаў, за гады вучобы Даніла атрымае добрую тэарэтычную падрыхтоўку і прадоўжыць з цягам часу яго справу.
Пакуль жа ў Дзмітрыя Шарабайкі шмат задум, якія ён спадзяецца ажыццявіць у найбліжэйшы час. Восенню, напрыклад, ён плануе закласці парк дэкаратыўных раслін, у якім дрэвы будуць высаджаныя не роўнымі радамі, а ўтвараць цікавыя кампазіцыі. Побач з паркам, па задуме фермера, будзе пітомнік, дзе можна будзе купіць саджанцы ўсіх раслін, што растуць у парку.
Калі жывеш і працуеш на зямлі, работы і клопатаў хапае на працягу ўсяго года. А канец лета і восень – самая гарачая пара для ўсіх вяскоўцаў. Але за працай і ўсімі гаспадарчымі клопатамі сям’я Дзмітрыя Шарабайкі не забывае і пра духоўнае.
—На першы Спас асвяцілі мядок новага ўраджаю са сваёй пасекі. Пчолы – мае першыя памочніцы, усё лета ў садзе шчыруюць. На Яблычны Спас таксама абавязкова ідзём у царкву, бо без Божай дапамогі сад не вырасціш, — гаворыць Дзмітрый.