Адным з першых у раёне вывеў свой камбайн на палі філіяла “Каралі” малады камбайнер Міхаіл Гужонак. Было гэта трэцяга жніўня. У гэты ж дзень яшчэ некалькі гаспадарак прыступілі да ўборкі зерневых культур.
—Ураджай ёсць! – адзначыў у размове дырэктар філіяла “Каралі” Уладзімір Новікаў. – У мінулым годзе на круг мы сабралі па 24 цэнтнеры зерня, у гэтым будзе 33-34 цэнтнеры ў бункернай вазе і 30 цэнтнераў – у свірне.
З кіраўніком гаспадаркі сустрэліся на полі, на якім малады камбайнер Міхаіл Гужонак убіраў пшаніцу.
— Жніво мы пачалі на самых бедных землях, на самых горшых участках па той прычыне, што вільготнасць збажыны тут меншая, чым на урадлівых землях, недзе да 25%,— развіў тэму Уладзімір Мяфодзьевіч. – Такіх плошчаў у нас не многа, але яны ёсць. Увогуле марудзіць не выпадае. Убраць нам трэба 500 гектараў азімых культур – гэта азімая пшаніца, трыцікале, гібрыднае жыта і звычайнае – і 280 гектараў яравых. Радуе азімая пшаніца, а мы пасеялі яе на плошчы 300 гектараў, гібрыднае жыта, размешчанае на ста гектарах. Гібрыднае жыта, на маю думку, дасць не менш 40 цэнтнераў з гектара. Не падвядуць і яравыя. І сёння самае галоўнае, каб надвор’е паспрыяла ўборцы і каб тэхніка не падвяла. Усе нашы камбайны – у страі, механізатары – людзі вопытныя, і мы пастараемся правесці жніво ў сціслыя тэрміны, забяспечыўшы высокую якасць работ у полі.
На жаль, у філіяле «Кралі» няма добрай сушыльнай гаспадаркі, і зерне з поля прыйдзецца адпраўляць, як і ў мінулыя гады, адразу на камбікормавы завод. А гэта — дадатковыя затраты.
Па інфармацы райсельгасхарча, на раніцу 4 жніўня да ўборкі зерневых культур прыступілі сем гаспадарак раёна. Найбольшая ўраджайнасць пакуль — у філіяле «Капыльшчына»: 33,3 цэнтнера з гектара.

2.9400
3.4100
3.7200 

