21 мая 2015 года Германія прыняла рашэнне аб аднаразовай выплаце грашовай дапамогі ў памеры 2500 еўра былым савецкім ваеннапалонным. Тлумачэнне з гэтай нагоды дае намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Анжэла Мікалаеўна Дырко.
—Хто адносіцца да катэгорыі грамадзян, якія маюць права на атрыманне гэтай грашовай кампенсацыі?
—Былыя савецкія ваеннапалонныя, якія падчас Вялікай Айчыннай вайны з 22 чэрвеня 1941-га да 8 мая 1945 года знаходзіліся нейкі час у нямецкім плене.
—Што трэба для таго, каб атрымаць дапамогу?
—Не пазней за 30 верасня 2017 года гэтыя грамадзяне павінны падаць заяву на атрыманне вышэй згаданай выплаты, якая будзе накіравана ў Федэральнае ведамства цэнтралізаваных службаў і нявырашаных маёмасных пытанняў Федэратыўнай Рэспублікі Германія па адрасе: BADI,DGZ Ring 12.13086 Berlin. Форма заявы і ўся інфармацыя па выплатах размешчана на сайце ведамства (Bundesamt fur zentrale Dienste und offene Vermogensfragen – BADV):
http//www.badi.bund.de/DE/OffeneVermoegensfragtn/AnerkennungsleistungSowjetischeKriegsgefangene/start.html).
Пададзеныя ў Федэральнае ведамства заявы будуць улічвацца з 20 мая 2015 года, нягледзячы на тое, што дзеючая Дырэктыва ўступіла ў сілу толькі 30 верасня 2015 года.
—Як вядома, грамадзяне, якія ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай – людзі паджылога ўзросту, хворыя і нямоглыя. Ці могуць ад імя былых савецкіх ваеннапалонных падаваць заявы на грашовую выплату іх родныя?
—Заяву прымуць толькі ад таго, хто трапіў у нямецкі палон ці ад упаўнаважанай на гэта асобы. Дапамога гэтая адрасная і атрымаць яе родныя былых савецкіх ваеннапалонных не могуць.
—І няма ў Дырэктыве ніякіх выключэнняў?
—Ёсць. Калі заяву падаў правамоцны грамадзянін асабіста, то пасля яго смерці дапамогу могуць атрымаць яго жонка (ці муж, калі ў плене была жанчына) ці іх дзеці.
Ёсць і яшчэ адна акалічнасць: калі правамоцны грамадзянін падаў заяву да 30 верасня 2017 года і пасля шасці месяцаў пасля яго смерці ніводзін правапераемнік не паведаміў у ведамства аб сваім правапераемніцтве, права на атрыманне дапамогі будзе страчана.