Рэйд па пад’ездах горада Глыбокае. Рэйд па пад’ездах горада паказаў, якіх людзей у Глыбокім больш: адказных ініцыятыўных дзейсных, ці раўнадушных да таго, што робіцца за дзвярыма іх асабістай кватэры. Падчас наведвання жылых мікрараёнаў у цэнтры, у Беразвеччы, па вуліцы Паўночнай, у раёне МКК мы гэта і высвятлялі.
Сцены над лесвічнымі пралётамі ў двухпавярховым доме па вуліцы Леніна, 24 — з летнім пейзажам. На іх “цвітуць” фіялетавыя і жоўтыя кветкі і нават у хмарнае надвор’е тут святлей і весялей. Там-сям намаляваная свежая цагляная кладка. Бачна, што працаваў не прафесіянал, але кавалачак душы, укладзенай у справу, выяўна адчуваецца.
—У гэтым доме мы нядаўна рабілі капітальны рамонт. Сцены атынкавалі нашы работнікі, а астатняе прыдумалі самі жыльцы, — тлумачыць начальнік участка жылфонда УП ЖКГ Ігар Рудак.
—У нашым пад’ездзе шэсць кватэр. Мы самі ўстанавілі графік дзяжурстваў, па чарзе мыем, падмятаем. Пасля рамонту купілі фарбу. Мая жонка Алёна намалявала кветкі, а я – цагляную кладку. І самім прыемна, і тым, хто да нас прыходзіць, — расказвае Віктар Завадскі.
У пад’ездзе шматкватэрнага дома па вуліцы Савецкай, 246 – любыя сэрцу і воку беларускія пейзажы: стракаты луг, беластвольныя бярозкі, азярко, маладая казуля… Такое ўражанне, што не ў пад’ездзе знаходзішся, а на лясной палянцы.
—У пад’ездзе 20 кватэр. Жыхары сабралі грошы, а Аляксандр Сварцэвіч намаляваў гэтую прыгажосць. Напачатку навялі эстэтыку толькі на 1-ым паверсе. На вышэйшых паверхах жыхары дома пад кіраўніцтвам Аляксандра Цябута самі тынкавалі сцены. Думаю, што з цягам часу прыгажосць “падымецца” і на апошні, пяты, паверх, — расказвае Раіса Сівакова, якая доўгі час была старшынёй жыллёвага кааператыва.
Было бачна, што жанчына жыве справамі свайго дома, у курсе спраў, дзе і што тут адбываецца, цесна кантактуе як з работнікамі ЖКГ, так і з жыхарамі дома. Яна бачыць і ведае, дзе што трэба падладзіць, падрамантаваць, дзе які непарадак у двары ці ў падвале.
Уваход у пад’езд па Паўночнай вуліцы, 5 упрыгожаны кветкамі, на вокнах – чыстыя фіранкі, сцены — у прыемных летніх адценнях, чыста.
Заслугоўвае пераймання вопыт жыхароў па вуліцы Паўночнай,9. Тут створана праўленне ўласнікаў у складзе пяці чалавек, якое з’яўляецца своеасаблівым кіруючым органам шматкватэрнага дома. Яго прадстаўнікі сочаць за парадкам, плануюць работу, арганізуюць суботнікі, праводзяць сходы з жыхарамі, дзе разам вырашаюць неадкладныя справы па рамонце і добраўпарадкаванні. Кожны месяц жыхары збіраюць па 5 рублёў на бягучыя патрэбы дома. Два гады назад, напрыклад, за ўласны кошт жыльцы самі пабудавалі дзіцячую пляцоўку.
—Можна чакаць планавага рамонту, а можна вырашыць запланаванае і раней, калі ўсе жыхары, як кажуць, заадно, — гаворыць Ігар Анатольевіч. – Важна, каб жыхары разумелі, што яны ў адказе не толькі за ўласную кватэру, але і за агульную маёмасць: у кожнага ёсць свая частка пад’езда, лесвіцы, падвальнага памяшкання, за якія трэба несці адказнасць. Згодна пастановы, рамонт у пад’ездзе за кошт сродкаў бюджэту УП ЖКГ робіць адзін раз у 8 гадоў. Жыхары павінны цаніць работу, зробленую для іх за дзяржаўны кошт, падтрымліваць належны парадак, тады і чыста будзе. Калі жыхары хочуць больш прыгажосці і эстэтыкі, то яны могуць зрабіць гэта ўласнымі сіламі альбо падаць заяўку нам ці ў любую будаўнічую фірму, аплаціць за ўласны кошт аб’ём зробленых работ і атрымаць жаданае.
У доме №129 б па вуліцы Леніна работнікі УП ЖКГ летась зрабілі рамонт, тут акуратна і чыста, а вось паштовыя скрынкі пры ўваходзе разламаныя ўшчэнт. Ці тут жыхары не выпісваюць газет, ці паштальён разносіць пошту неяк інакш — невядома.
—Калі ў пад’ездах устаноўлены факты вандалізму, і мы адшукаем вінаватых, то ўсе расходы па ўзнаўленні сапсаванай маёмасці аплачваюць яны. Калі вінаватых не знойдзем, работнікі ЖКГ робяць рамонт, агульную суму рамонту дзеляць на ўсіх пражываючых і выстаўляюць рахунак кожнаму кватэранаймальніку, — тлумачыць Ігар Анатольевіч. – Таму гаспадары кватэр павінны быць зацікаўленымі ў тым, каб спыняць хуліганскія выхадкі і паведамляць пра гэта ў міліцыю.
У дзень рэйду пабывалі мы і ў пад’ездах па вуліцы Паўночнай з аблупленай тынкоўкай, з “ляпёшкамі” свежага тынку, якія выяўна праступаюць на сценах, з непадмеценымі лесвічнымі пралётамі і спецыфічным пахам. Адразу бачна, што пра чысціню і парадак жыхары тут не надта дбаюць, хоць дамы нядаўна пабудаваныя і просяць людской увагі і клопату.
Спадзяёмся, убачыўшы станоўчы прыклад афармлення пад’ездаў, “прачнецца” ініцыятыва і ў тых, хто да цяперашняга жыве па прынцыпе: “Мая хата з краю – нічога не ведаю”.
Рэйдавая брыгада: І. Рудак, начальнік участка жылфонда УП ЖКГ, Г. Сутула, карэспандэнт.