Рэйд па глыбоцкіх магазінах. Здароўе, як вядома, у многім залежыць ад якаснага харчавання, таму мы, прыходзячы ў магазін, усё часцей думаем пра тое, каб купіць натуральны, а не мадыфікаваны прадукт, свежы, смачны і даступны па кошце. І найперш мы, як кажуць, “ядзём” вачыма: ацэньваем знешні выгляд, “эстэтыку” тавара, а пасля ўжо спрабуем вызначыць, адкуль ён “родам”, свой ці прывазны, вырашаем – купляць яго ці праходзіць міма. У адзін з чэрвеньскіх дзён мы адправіліся ў рэйд па дзяржаўных, фірменных, прыватных магазінах, каб высветліць, якую прадукцыю прапануюць там пакупнікам, наколькі яна якасная і ”чыстая” з пункту гледжання экалогіі.
У рамках планавай праверкі і з мэтай правядзення маніторынгу разам зайшлі ў прыватны магазін “Крынічка” ў раёне вуліцы Някрасава. Гародніна і фрукты, якія цікавілі нас па прычыне таго, што яны хутка губляюць гандлёвы выгляд і псуюцца, тут былі ў нязначным асартыменце. Адзін лімон выглядаў падазрона і быў зняты з прылаўка, астатняя прадукцыя эстэтычным патрабаванням адпавядала.
У магазіне “Раніца” па вуліцы Каралёва кінулася ў вочы “падвяленая” морква і бананы ў чорныя плямы па 3 рублі 31 капейцы. Прадавец патлумачыла, што гэта астаткі завезенай партыі і хуценька прыняла іх з вачэй.
У прыватным магазіне “Вікторыя”, што ў раёне вуліц Мінская-Паўднёвая ўрач-гігіеніст праверыла дакументы, тэрміны захавання некаторых тавараў – яны ўкладваліся ў нормы, паглядзела пасведчанне аб якасці і бяспецы, згодна якога, уся гародніна была экалагічна бяспечнай.
З пасведчання, якое выдала магазіну прыватная полацкая фірма “Фрутрэал” (яна заказвае тавар і робіць экспертызу), даведаліся, што ў магазіне свежая капуста прывезена з Германіі, цыбуля і яблыкі – польскія, морква і памідоры – з Галандыі, часнок – егіпецкі, бананы – з Эквадора. У другім дакуменце – вынікі лабараторнага даследавання па кожным пералічаным відзе прадукцыі. А правяраецца яна на ўтрыманне нітратаў, радыёнуклідаў, свінца, кадмія, мыш’яку, ртуці, пестыцыдаў. Садавіна дадаткова праходзіць паразіталагічную праверку на наяўнасць гельмінтаў, сальманелы і кішэчнай палачкі. Акрамя таго, у дакуменце агавораны ўмовы захавання прадукцыі: пры якой тэмпературы, вільготнасці і колькі дзён яна можа знаходзіцца ў магазіне, не губляючы смакавыя якасці і знешні выгляд. Так, напрыклад, менавіта па гэтым пасведчанні, тэрмін захавання агуркоў –15 сутак, памідораў і бананаў – 30, цыбулі, капусты, яблыкаў, часнаку – 90, морквы – 120 сутак.
Ці можна верыць указаным лічбам? Каб пераканацца, што яны рэальныя, спецыяліст РЦГЭ ўзяла на лабараторнае даследаванне свежую капусту.
У прыватным магазіне “Лагуна” па Садовай вуліцы эквадорскія бананы даверу не ўнушалі: чорныя, трэснутыя “па швах”.
—Нам іх прывезлі 50 кілаграмаў па цане 2 рублі 99 капеек 4 чэрвеня. Па дакументах тэрмін іх захавання 90 сутак – да 27 ліпеня. З-за нізкай якасці мы іх уцанілі да 99 капеек за кілаграм, — тлумачыць прадавец. – І сталовыя буракі ўцанілі па гэтай жа прычыне: ранейшы кошт быў 2 рублі 39 капеек, цяперашні – на рубель танней.
Спецыяліст РЦГЭ ўзяла на аналіз і гэты даволі хадавы летам тавар – з чырвоных бурачкоў добра рабіць халаднік. На кожны від прадукцыі быў выпісаны акт адбору з указаннем наймення прадукцыі, яго колькасці і кошту. Акт дае права прадаўцу спісаць узятую для лабараторных даследаванняў прадукцыю.
Падчас рэйду мы пабывалі ў “Родным куце”, «Супермаркеце», што па вуліцы Леніна, у «Еўраопце». Якасць гародніны і фруктаў падазрэння не выклікала, тэмпературны рэжым захоўваўся, іншых парушэнняў не выявілі.
Па выніках праведзенага лабараторнага даследавання спецыялісты Глыбоцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, у свежай капусце пры дапушчальнай норме нітратаў 1771 міліграм на кілаграм выявілі значна менш – 1466 міліграмаў. У чырвоных бурачках пры норме 1124 – зафіксавана 974 міліграмы нітратаў. Значыць, есці можна.
Падобныя рэйды будуць праводзіцца перыядычна, таму параім уладальнікам магазінаў: каб не было непрыемнасцяў, трэба больш строга кантраляваць якасць завазной прадукцыі і ствараць адпаведныя ўмовы для яе захавання.