У Глыбокім устанавілі вулічны гадзіннік. Вулічны гадзіннік устанавілі нядаўна на прыпынку грамадскага транспарту на плошчы 17 Верасня ў Глыбокім. Такі арыгінальны падарунак вырашылі зрабіць гараджанам да Дня Незалежнасці ў раённым выканаўчым камітэце. Дарэчы, гэта не адзіны сюрпрыз, які чакае глыбачан напярэдадні свята.
Ідэю ўстанавіць у нашым горадзе вулічныя гадзіннікі некалькі гадоў таму прапанаваў старшыня райвыканкама Алег Морхат. Цікавую задуму падтрымалі прадпрыемствы і арганізацыі горада, а дапамаглі ўвасобіць яе ў жыццё таленавітыя майстры-кавалі прыватнага прадпрыемства “В ажуре” пад кіраўніцтвам Юрыя Татарыновіча. І вось у панядзелак на плошчы 17 Верасня з’явіўся першы такі гадзіннік.
– На працягу апошніх гадоў у Глыбокім склалася добрая традыцыя – да Дня Незалежнасці і “Вішнёвага фестывалю” глыбачане робяць гораду падарунак. У 2015 годзе на набярэжнай возера Вялікае мы адкрылі Алею ліхтароў, у мінулым годзе – у нас з’явілася прыгожая кветніца, скульптурная кампазіцыя ў гонар сям’і і незвычайныя імянныя ліхтары на набярэжнай Кагальнага возера. Перадсвяточную акцыю “Зрабі падарунак роднаму гораду” падтрымалі многія глыбачане, – расказаў старшыня райвыканкама Алег Морхат. – Сёлета ў горадзе з’явяцца вулічныя гадзіннікі. Першы гадзіннік – падарунак гораду ад райвыканкама і яго структур. І гэта заканамерна, таму што ўлада павінна паказваць людзям прыклад. Планаў і ідэй па добраўпарадкаванні горада ў нас яшчэ шмат. Мы шукаем усе магчымыя рэсурсы і паступова іх рэалізоўваем. Горад Глыбокае трымае высокую планку, развіваецца і прыгажэе з кожным годам. Хочацца верыць, што людзі будуць берагчы ўсё тое, што мы ствараем агульнымі намаганнямі.
Новыя вулічныя гадзіннікі для зручнасці гараджан з’явяцца да 3-га ліпеня ў пяці самых людных месцах нашага горада. Яны будуць паказваць не толькі час, але і па дызайну адпавядаць месцу, дзе будуць устаноўлены.
–Усе гадзіннікі – розныя, – раскрыў сакрэт дырэктар прыватнага прадпрыемства “В ажуре” Юрый Татарыновіч. – На стадыёне – у выглядзе алімпійскіх кольцаў, ля Глыбоцкага гарадскога Дома культуры – музычнай тэматыкі, ля другой і трэцяй гарадскіх школ – у выглядзе кнігі. Дызайн распрацаваны нашымі майстрамі. Выраб і мантаж гадзіннікаў аплачваюць арганізацыі-заказчыкі, якія – можна прачытаць на таблічцы, прымацаванай да апорнага слупа. Механізм гадзіннікаў кітайскі (гэта найбольш танны варыянт), але знешне яны ніколькі не саступаюць гадзіннікам з дарагімі механізмамі, выглядаюць гэтак жа салідна і сучасна. Кошт такога вулічнага гадзінніка з механізмам, дастаўкай і ўстаноўкай – каля 700 беларускіх рублёў.
Як расказаў старшыня райвыканкама Алег Морхат, у горадзе паступова ўстанаўліваюцца і ўказальнікі вуліц. Іх вырабам і ўстаноўкай таксама займаюцца майстры прадпрыемства “В ажуре”.
Дарэчы, да юбілейнага, пятага “Вішнёвага фестывалю” ў Глыбокім будзе рэалізаваны яшчэ адзін цікавы праект, але гэта пакуль сюрпрыз.