Старэйшына – ключавая фігура на вёсцы. На пастаянным кантролі Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў знаходзіцца работа органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Гэтай тэме і было прысвечана нядаўняе пасяджэнне прэзідыума. Яго ўдзельнікі пазнаёміліся з сістэмай работы органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання на тэрыторыі Падсвільскага сельсавета. У сваім дакладзе старшыня Падсвільскага сельскага Савета дэпутатаў Анатоль Ерашэвіч даў падрабязную характарыстыку адміністратыўнай тэрыторыі і адзначыў, што сельскі Савет дэпутатаў мае дзейсную падтрымку дэпутацкага корпусу, а таксама старэйшын вёсак, якімі фактычна і прадстаўлена структура органаў мясцовага грамадскага самакіравання.
У 29 населеных пунктах Падсвільскага сельсавета 10 старэйшын, двое з якіх, дарэчы, з’яўляюцца дэпутатамі сельскага Савета дэпутатаў. Кожны займае актыўную жыццёвую пазіцыю, унікае ў сутнасць будзённых праблем, якія хвалююць мясцовых жыхароў, заахвочвае іх да работы па навядзенні парадку на вуліцы і ў дварах, на прысядзібных участках. Старэйшыны пастаянна ўдзельнічаюць у пасяджэннях сельвыканкама і рабоце сесій сельскага Савета дэпутатаў, у правядзенні сельскіх сходаў, інфармуюць вяскоўцаў па шматлікіх актуальных пытаннях грамадскага жыцця. Менавіта дзякуючы старэйшынам вырашаюцца пытанні добраўпарадкавання, вулічнага асвятлення, арганізацыі святаў вёсак, выяўлення і ліквідацыі несанкцыянаваных звалак, вывазу бытавых адходаў, абкосу прыдамавых тэрыторый, устаноўкі сталоў для збору малака, утрымання паш, апрацоўкі прысядзібных участкаў, забеспячэння палівам, аказання дапамогі саста-рэлым і адзінокім жыхарам па рамонце пячнога ацяплення, замене электраправодкі і інш.
Як правіла, старэйшыны ў Падсвільскім сельсавеце пастаянна ўдзельнічаюць у рабоце аглядавых камісій, звяртаюць увагу адпаведных службаў на ўмовы пражывання дзяцей у нядобранадзейных сем’ях, аказваюць усебаковае садзейнічанне праваахоўным органам ва ўмацаванні правапарадку, у барацьбе з п’янствам. Кожнага прадстаўніка органаў грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання вызначае актыўная грамадзянская пазіцыя, кожны з іх паказвае прыклад гаспадарлівасці, заахвочвае суседзяў і аднавяскоўцаў рабіць усё для таго, каб камфортна пачувалася жыхарам населеных пунктаў, каб прыгажэлі родныя мясціны.
Як адзначыла падчас пасяджэння прэзідыума старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч, у большасці сельскіх населеных пунктах Глыбоччыны старэйшыны з’яўляюцца завадатарамі многіх добрых спраў. “Ва ўмовах аптымізацыі органаў дзяржаўнага кіравання вялікая роля адводзіцца органам мясцовага самакіравання, — падкрэсліла Галіна Уладзіміраўна. – Таму кожнай раённай службе неабходна самым актыўным чынам супрацоўнічаць са старэйшынамі і дэпутатамі сельскіх Саветаў дэпутатаў”. Аналізуючы ў цэлым работу органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, старшыня раённага Савета дэпутатаў завастрала ўвагу ўдзельнікаў пасяджэння на неабходнасці актывізацыі органаў калегіяльнага грамадскага самакіравання ў мікрараёнах шматпавярховай жылой забудовы. Пакуль зусім нізкі каэфіцыент аддачы ад дзейнасці дамавых камітэтаў, старэйшын пад’ездаў. Яны павінны ініцыяваць правядзенне работ у мікрараёнах па добраўпарадкаванні, па рамонце пад’ездаў і г. д.
У абмеркаванні пытанняў, вынесеных на парадак дня пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, актыўны ўдзел прынялі кіруючыя работнікі і спецыялісты шэрагу раённых службаў.