Чытачы нямецкай газеты Badische Zeitung даведаліся пра Глыбокае

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Брайсгау-Верхні Шварцвальд – раён у Германіі, цэнтрам якога з’яўляецца горад Фрайбург-у-Брайсгау. Раён уваходзіць у федэральную зямлю Бадэн-Вюртэмберг. У адным з апошніх нумароў мясцовай газеты Badische Zeitung змешчаны артыкул, аўтар якога, пісьменніца Мэрле Хільбк (Merle Hilbk), піша пра Беларусь і ў прыватнасці пра Глыбокае, Глыбоччыну. Мэрле Хільбк з’яўляецца каардынатарам міжнародных праектаў, якія прадугледжваюць сяброўскія зносіны мясцовых жыхароў з замежжам, абмены групамі турыстаў, аматараў прыроды і сельскага быту.

Без-имени-1

Аўтарка пачынае свой артыкул з таго, што Беларусь для большасці немцаў з’яўляецца краінай малавядомай. Тым не менш, яна вельмі падобная на Заходнюю Германію сваімі краявідамі. Сярод жыхароў гэтай часткі Германіі ёсць нямала тых, хто хацеў бы наведаць Беларусь прыватным чынам, або па запрашэнні Асацыяцыі па сяброўстве і сувязях. Такіх асацыяцый шмат у Германіі. Мэрле Хільбк спадзяецца, што імкненне мець кантакты з Германіяй на міжрэгіянальным узроўні ёсць і ў жыхороў Беларусі. Для падобнага супрацоўніцтва ў раёне Шварцвальд выбралі беларускі горад Глыбокае. Гэта ідэя з’явілася ў аўтаркі артыкула пасля таго, як яна наведала Беларусь і праехала па невялікіх гарадах і мястэчках, дзе замежныя турысты бываюць рэдка.

Газета Badische Zeitung пра наш горад напісала не надта многа. Гэта, хутчэй за ўсё, уражанні самой Мэрле Хільбк. «Глыбокае – невялікі горад з насельніцтвам 19 тысяч жыхароў на поўначы Беларусі, недалёка ад мяжы з Літвой. Мясцовасць тут з узвышшамі, лугамі, лясамі, азёрамі. У цэнтры горада можна ўбачыць прыгожыя драўляныя дамы і сучасныя будынкі. А яшчэ, тут гавораць па-беларуску. Глыбокае, як і Шварцвальд, захавала даўнейшыя абрады і традыцыі, мясцовы каларыт. Варта было б, каб ідэя мець сяброўскія адносіны абодвух раёнаў перайшла да практычных спраў».
Ад сваіх суайчыннікаў, а таксама зацікаўленых глыбачан, Мэрле Хільбк чакае прапаноў і раіць накіроўваць іх на кантактны адрас merle.hilbk@web.de.

Часлаў Берніковіч.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru