У маіх руках – маленькі зборнічак паэтычных радкоў, прысвечаных 600-годдзю горада Глыбокае. У ім – шчырыя словы прызнання ў любві Глыбокаму, Глыбоччыне, Беларусі. Аўтар радкоў – Таццяна Ломыш, якая нарадзілася ў расійскім горадзе Петразаводску, але па волі лёсу пераехала ў Беларусь.
Наша краіна, як прызналася Таццяна Аляксандраўна, стала для яе другой Радзімай, а Глыбокае, як піша ў сваіх радках, – гэта самы прыгожы горад на свеце.
“Меж голубых озёр стоишь, в садах вишнёвых утопаешь, под звон колоколов златых ты веру в душах пробуждаешь”, “Мы – глубочане, мы – белорусы! Помним историю нашей земли. И имена земляков знаменитых через века пронести мы смогли”, “И люди, что мне встретились, жизнь мою украсили, вы добрые, вы щедрые, вы очень, очень славные, вы, глубочане, — лучшие, вы в жизни моей главные”.
Вельмі шчырыя радкі! Таццяна Ломыш прадаўжае складаць гімн гораду, гімн краіне, дзе так добра ёй, яе дзецям і ўнукам.
—Першы раз прыехала на радзіму мужа ў Глыбокае ў час адпачынку, хаця муж прапаноўваў пераехаць адразу пасля вяселля, — успамінае Таццяна Аляксандраўна. – Пра Беларусь я мала што ведала, і рашыцца на пераезд было не проста. Калі ж убачыла гэты дзіўны куточак Беларусі, то адразу ўлюбілася ў горад Глыбокае, Глыбоччыну, дзе шмат азёраў, рэк, дзе жывуць слаўныя і добрыя людзі. Чалавек паўночны, я захацела, каб мае дзеці жылі тут.
Таццяна Аляксандраўна згадала пра пасёлак Вача Сегежскага раёна, дзе пазнаёмілася з мужам. Веньямін — камсамольскі сакратар, яна майстар леспрамгаса. Жылі дружна, весела, актыўна займаліся грамадскай работай. Урэшце рашыліся на пераезд. І сёння жанчына не прытойвае сваёй радасці, што большую частку свайго жыцця пражыла ў Глыбокім. Пасля пераезду сюды – ішоў 1976 год — працы па спецыяльнасці не было, і Таццяна ўладкоўваецца на камбікормавы завод. Пасля працавала ў гандлі, у леспрамгасе.
—Сям’я ў нас была вялікая, жылі разам з дзядулем і бабуляй у вялікім доме на вуліцы Савецкай. І на працы я была спакойная за дзяцей, бо ведала: тыл у мяне надзейны, — гаворыць Таццяна Аляксандраўна. – Дзеці нашы выраслі і засталіся працаваць на Глыбоччыне. Абое, як і я ў свой час, атрымалі лясную адукацыю. І я рада, што так склаўся мой лёс і лёс маіх дзяцей.
Таццяна Аляксандраўна Ломыш у Глыбокім — чалавек вядомы. Спявае ў харавым калектыве народнага клуба “Маналіт”, піша вершы, некаторыя з іх пакладзены на музыку. І кожны свой новы дзень пачынае з радасцю і шчодра дзеліцца ёй з іншымі: “За песней душа полетела туда, где малиновый звон”.