Мудры селянін, гаспадар, старэйшына

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Старэйшына вёсак Восава, Замошша і Старнікі Пліскага сельсавета У. С. Логуш – пераможца раённага агляду-конкурсу работы сельскіх Саветаў дэпутатаў, выканаўчых камітэтаў і органаў грамадскага самакіравання па вырашэнні комплексу пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва ў 2016 годзе ў намінацыі “Лепшы старэйшына”.

логуш

У раённым аглядзе-конкурсе работы сельскіх Саветаў дэпутатаў, выканаўчых камітэтаў і органаў грамадскага самакіравання па вырашэнні комплексу пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва ў 2016 годзе ў намінацыі “Лепшы старэйшына” пераможцам прызнаны Уладзімір Сцяпанавіч Логуш, старэйшына вёсак Восава, Замошша і Старнікі Пліскага сельсавета. З ім мы і хочам сёння пазнаёміць вас, паважаныя чытачы.

Сустрэліся з Уладзімірам Сцяпанавічам у Гатаўшчыне, у адміністрацыйным будынку адкрытага акцыянернага таварыства “Сельцы”. Чалавек ён, як аказалася, вельмі заняты, кожны дзень распланаваны. Справа ў тым, што Уладзімір Сцяпанавіч у сельгаставарыстве працуе прарабам, а таму ўвесь у гаспадарчых клопатах: неабходна людзей расставіць на аб’екце, будматэрыяламі забяспечыць, усю неабходную дакументацыю аформіць, прысутнічаць на рабочых планёрках, адправіцца ў камандзіроўку… Усюды трэба паспець, а ў прыдачу грамадская нагрузка, і не малая. Выручае ўласная “Аўдзі”.

Са старшынёй Пліскага сельскага Савета дэпутатаў Васілём Мікалаевічам Пліско Уладзімір Логуш заўсёды на пастаяннай сувязі. Яны часта сустракаюцца, каб абгаварыць у дэталях арганізацыю работ па добраўпарадкаванні вясковых вуліц і двароў, абуладкаванні месцаў прыпынку аўталавак, выразкі старых трухлявых дрэў на могілках і многія іншыя надзённыя пытанні.

—У рабоце, у тым ліку і ў грамадскай, не ўсё так проста, як здаецца, — дзеліцца сваімі меркаваннямі Уладзімір Сцяпанавіч. – Гэта, калі зусім нічога не рабіць, тады ніякіх праблем. Я хачу сказаць, у нас людзі харошыя, дружна адгукаюцца на любую ініцыятыву. Сваімі сіламі і за свае сродкі шмат чаго робім. Напрыклад, на могільніку ў Восаве крыж устанавілі. Тут, у цэнтры, на скрыжаванні дарогі з Гатаўшчыны да Восава ўстанавілі паклонны крыж, маленькую часовеньку зрабілі, перад ёй – навес: калі ласка, прыпыніся, адпачні, пакланіся, думкі і душу сваю ў парадак прывядзі…

Безумоўна, у тым, што нам многае ўдаецца зрабіць па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, ёсць вялікая заслуга кіраўніцтва сельгаставарыства “Сельцы” і Пліскага сельвыканкама. За дапамогу ім удзячны. І, канешне ж, вельмі ўдзячны за падтрымку нашых ініцыятыў і за такую высокую ацэнку маёй працы кіраўніцтву раёна, раённаму Савету дэпутатаў і раённаму выканаўчаму камітэту.

Уладзімір Сцяпанавіч Логуш, на мой погляд (у гэтым пераканаўся падчас гутаркі з ім), яўляе сабой тыповы вобраз мудрага беларуса, селяніна, шчыра адданага сваёй малой радзіме. З любоўю, з асаблівай шчырасцю і пяшчотай ён расказвае пра прыгажосць і раздолле навакольных мясцін, пра працавітых сваіх землякоў, перажывае, што ў Замошшы і Старніках засталося няшмат жыхароў, лічы, усе пажылога ўзросту.

—Вясковы ўклад жыцця – гэта раскоша для чалавека, які любіць зямлю і працуе на ёй, — кажа Уладзімір Логуш. – Сёння абы сіла ёсць, бяры зямлю, гадуй жывёлінку – ніякіх табе перашкод. Наадварот — падтрымку ад улад, ад сельгаставарыства атрымаеш.

Уладзімір Сцяпанавіч гаспадарыць актыўна, прыклад ва ўсім паказвае. Зямельны надзел мае каля двух гектараў, трымае дзвюх кароў, іншую жыўнасць. Дапамагаюць дзеці. Сваю любоў да родных прастораў, да сялянскай працы перадаў сынам Сяргею і Андрэю. Яны не шукалі іншых шляхоў, засталіся, як кажуць, на бацькаўшчыне, працуюць механізатарамі, маюць свае сем’і.

Расказаў Уладзімір Сцяпанавіч і пра сваё хобі – захапленне коньмі. Ад самага дзяцінства гэтае захапленне засталося і да цяперашняга. І калі працаваў вадзіцелем, упраўляў коннай гаспадаркай, і цяпер па-ранейшаму спяшаецца на конеферму. Да ўсяго ж, свайго каня трымае на падворку.

Уладзімір Логуш пастаянна знаходзіцца ў гушчыні падзей, дбае, каб родныя мясціны не трацілі сваёй прыцягальнай прыгажосці, разам са сваімі землякамі клапоціцца, каб вуліцы і сядзібы былі дагледжанымі, каб не знікала з вясковага побыту гаспадарлівасць, сялянская ўвішнасць. Уласным прыкладам Уладзімір Сцяпанавіч дэманструе гэта. Сядзіба старэйшыны – адна з лепшых у Восаве.

—Вясна прыспешвае, — кажа ён. – Хутка Пасха, а таму ўсім нам трэба, як след, пастарацца, прыбрацца ў дварах і на вясковых вуліцах, на могільніках парадак навесці, ля Забор’еўскай царквы…

Упэўнены, у настойлівага, працавітага, умудронага жыццёвым вопытам старэйшыны вёсак Восава, Замошша і Старнікі і яго землякоў усё атрымаецца як найлепей. Пажадаем ім поспехаў!



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru