Чысціня – здароўе – прыгажосць – гармонія

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Гэтыя паняцці – Узаемазвязаныя, дапаўняюць адно другое і з’яўляюцца гарантыяй якасці жыцця людзей, за якое найперш яны самі нясуць адказнасць. Што думаюць аб неабходнасці добраўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі самі вяскоўцы, дэпутаты сельскіх саветаў дэпутатаў, прадстаўнікі мясцовай народнай улады, мы і высветлялі.

Чысціня – здароўе – прыгажосць – гармонія

Валянціна Фёдараўна Макарская, дэпутат Пліскага сельскага Савета дэпутатаў па Бортнікаўскай выбарчай акрузе №10, 35 гадоў адпрацавала загадчыцай Бортнікаўскага ФАПа:

– Я, як медыцынскі работнік, пры сустрэчах з людзьмі заўсёды заклікала вяскоўцаў сачыць за асабістай гігіенай, падтрымліваць належныя санітарныя ўмовы пражывання, бо чысціня і парадак – гэта залог здароўя і чалавека, і прыроды. А таму акцэнт на добраўпарадкаванні, які робіць пры кожнай сустрэчы з людзьмі старшыня райвыканкама, я падтрымліваю. Дзякуючы Алегу Віктаравічу, які ініцыіруе правядзенне санітарных работ, актывізуе мясцовае насельніцтва і арганізоўвае шэфскую дапамогу вёсцы, за апошнія два-тры гады сітуацыя змянілася ў лепшы бок. У нашых Бортніках згнілыя паўразваленыя старыя хаты і закінутыя гаспадарчыя пабудовы, якія псавалі вонкавы выгляд вёскі, амаль усе пахаваныя. Кропкава ёсць некалькі месцаў для прыкладання рук: у цэнтры вёскі яшчэ стаіць драўляны будынак былой канторы, на месцы колішняга лазня-пральнага камбіната ляжыць груда цэглы. А ў кожным двары, у грамадскіх месцах сяльчане і самі навядуць парадак, прыбяруць і падчысцяць. Калі з людзьмі працаваць, тлумачыць, весці за сабой, паказваючы ўласны прыклад нераўнадушша, яны абавязкова падтрымаюць, бо кожнаму прыемна жыць у прыгожай чыстай вёсцы і ганарыцца вынікамі сваёй працы.

Міхаіл Іванавіч Корсак, дэпутат Псуеўскага сельскага Савета дэпутатаў па Востраўскай выбарчай акрузе №7, ляснічы Ліпаўскага лясніцтва ЛДУ “Глыбоцкі доследны лясгас”:

– Парадак на зямлі быць павінен – гэта адназначна. Я жыву ў вёсцы, маю сорак сотак зямлі, сад і лічу, што як гаспадар, як дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў павінен быць прыкладам і ўзорам стараннай працы і арганізатарам работ па навядзенні чысціні. Мы з вяскоўцамі сочым за парадкам на могілках, падразаем дрэвы, рамантуем агароджы, вывозім смецце, летам абкашваем. І хоць у Востраве, як і ў большасці вёсак, жыхары ў асноўным пажылога ўзросту, яны, калі трэба, і на суботнік прыйдуць, і дапамогуць. Сёння якраз разам з работнікамі лясніцтва выразаем стары сад ля пакінутай хаты ў Востраве. Суседзі па ўчастку таксама прыйшлі дапамагаць. Як апетыт прыходзіць падчас абеду, так і ахвота рупіцца і працаваць з’яўляецца, калі за справу бяруцца ўсе разам.

Святлана Уладзіміраўна Бобрык, дэпутат Ломашаўскага сельскага Савета дэпутатаў па Гатаўшчынскай выбарчай акрузе №1, начальнік чыгуначнай станцыі Загацце:

– Падтрымліваю ініцыятыву старшыні райвыканкама аб неабходнасці навядзення парадку на зямлі. І займацца гэтым павінны найперш мы самі, тыя, хто жыве і працуе ў вёсках, і тыя, хто мае тут спадчыну. Бацькоўскую хату дзеці павінны ўспрымаць не толькі, як дачу, дзе добра адпачываць на прыродзе, яе трэба даводзіць да ладу і пастаянна падтрымліваць парадак на ўчастку. Як гаспадыня ведаю: ніякі адклад не ідзе на лад. Можна знайсці дзясяткі прычын, каб не прыбіраць у хаце, не мыць посуд, не палоць агароды, але праз тыдзень-другі апусцішся да такога беспарадку, што ўжо і рады даваць не захочаш. Любую работу трэба рабіць своечасова, якасна, як для сябе.
Я працую на чыгуначнай станцыі, за нашым калектывам замацаваны могілкі ў вёсцы Бобрыкі, але наводзіць там парадак дапамагаюць усе вяскоўцы, бо ў кожнага там нехта пахаваны.
Вёска Загацце невялікая, размешчана ўздоўж чыгункі і гэта накладвае на жыхароў павялічаную адказнасць. Пасажыры цягнікоў, якія перасякаюць мяжу раёна, першыя ўяўленні пра нашу Глыбоччыну атрымліваюць, назіраючы пейзажы за акном вагона. Іх павінна ўражваць не толькі нашы маляўнічыя мясціны, але і гаспадарлівасць людзей, якія ўмеюць і любяць працаваць. Сёлета з дапамогай Ломашаўскага сельскага Савета дэпутатаў у Загацці захаваны два фундаменты, высечаны старыя дрэвы на ўчастках. Работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў будуць працягвацца.



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru