А хочаце зрабіць свой дом утульным? Упрыгожыць яго не аднастайнымі пакупнымі кветкамі, вазамі, сувенірамі, а ўласнымі вырабамі, якія здзівяць не толькі вашых родных, знаёмых, а вас саміх!
Будзеце любавацца і казаць: “Аказваецца, я магу сваімі рукамі ствараць такія эксклюзіўныя рэчы!” А зрабіць вас такім чараўніком могуць ў раённым Доме рамёстваў. Майстры, якая самі ствараюць дзівосы, могуць навучыць і вас, паважаныя маленькія і дарослыя жыхары Глыбоччыны.
– Запрашаем усіх вас наведаць наш Дома рамёстваў і выбраць занятак па душы: ткацтва на кроснах ці ручное, валянне з воўны ці вышыўку, лепку з гліны ці роспіс па тканіне. Пазнаёмімся з майстрамі і, магчыма, вашымі будучымі вырабамі. Набліжаецца пара святаў і падарункаў, якія вы зможаце з намі зрабіць сваімі рукамі, – звяртаецца да чытачоў загадчыца Дома рамёстваў Святлана Скавырка.
Далучаемся да запрашэння і мы. І да знаёмства таксама.
– Я вяду гурток ткацтва габелена і на кроснах (ткацкім станку). З дзеткамі я займаюся ручным ткацтвам – габеленам. Нацягваем на рамку аснову, падкладваем уніз малюнак, бяром каляровыя ніткі і па малюнку робім габелен. Атрымліваецца карціна ручной работы. У асноўным – гэта кветкі, прырода, звярушкі. У гуртку займаецца і хлопчык Матвей Васілеўскі, другакласнік, вельмі старанны, здольны вучань, цяпер стварае габелен з жабкай. Тэхніка габелена простая – ніткі размяшчаюцца ў шахматным парадку, трэба толькі ўважліва сачыць за малюнкам. Працуем без іголкі, ніткі пераплятаем і злучаем, – расказвае Алена.
– Для дарослых таксама прапануем ткацтва габеленаў, але з больш складанымі сюжэтамі, навучым ткаць на кроснах, як нашы прабабулі, дарожкі, сурвэткі. На першы погляд, здаецца, што кросны – рэч няпростая, але працаваць на іх не так складана. Галоўнае, паспрабаваць – задавальненне абавязкова атрымаеце. Пакрысе асвояцца і розныя тэхнікі на кроснах: двух-, чатырох-, шасці-, васьмі- і нават дванаццацінітовыя посцілкі зможаце ткаць, не горш, чым нашы бабулі.
Для тых, хто загарэўся стварыць да Новага года габелен, майстар паабяцала:
– За месяц невялічкі твор, дзесьці фармату А4, можна лёгка зрабіць, складаней з посцілкамі – тут ужо час заняткаў расцягнецца на паўгода.