У актавай зале Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната сабраліся начальнікі ўпраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамаў, намеснікі начальнікаў па жывёлагадоўлі, галоўныя ветэрынарныя ўрачы раёнаў, кіраўнікі і намеснікі па сельскай гаспадарцы інтэграваных структур і сельскагаспадарчага аддзела ДА “Віцебскі канцэрн “Мяса-малочныя прадукты”, кіраўнікі, галоўныя заатэхнікі і галоўныя ветурачы сельскагаспадарчых арганізацый Ушацкага, Глыбоцкага, Шаркоўшчынскага, Пастаўскага і Докшыцкага раёнаў.
Адкрыў мерапрыемства намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Віктар Аскерка.
Першая частка пленарнага пасяджэння была прысвечана вучобе: дацэнт кафедры кармлення Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Алег Ганушчанка і вядучы спецыяліст па ветэрынарыі і кармленні жывёлы ЗАТ “Экомла-Агра” Уладзімір Пераднёў расказалі прысутным (падчас выступленняў шырока выкарыстоўваліся дыяграмы, табліцы) пра асаблівасці кармлення жывёлы ў зімні стойлавы перыяд.
Першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Уладзімір Машэра падвёў вынікі работы галіны жывёлагадоўлі ў Віцебскай вобласці за студзень – верасень 2016 года, засяродзіў увагу ўдзельнікаў мерапрыемства на тым, як праходзіла ў вобласці пастаноўка жывёлы на зімні стойлавы перыяд, паставіў задачы перад работнікамі галіны на астатнія месяцы 2016 года.
На пасяджэнні калегіі выступілі таксама спецыялісты ДА “Віцебскі канцэрн “Мяса-малочныя прадукты” і ААТ “Віцебскі маслаэкстракцыйны завод”.
Падчас практычнай часткі адна група ўдзельнікаў мерапрыемства пабывала на ААТ “Глыбоцкі аграсэрвіс”, дзе пазнаёмілася з арганізацыяй рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, другая — на МТФ “Галубічы” філіяла “Галубічы”: тут размова ішла пра тэхналогію вытворчасці малака на малочнатаварнай ферме з даільнай залай, пра ўтрыманне кароў у сухастойны перыяд, пра вырошчванне маладняку буйной рагатай жывёлы.