— Сяброўства з Беларуссю ў нас, можна сказаць, даўняе, — гаворыць старшыня асацыяцыі П’ер Цюпэн. – Упершыню мы пабывалі тут у 2006 годзе.
Прыязджалі ў Магілёў, прывозілі некаторыя неабходныя рэчы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. І вось сёлета адбылося наша знаёмства з Глыбокім.
Уражанні самыя цудоўныя. Падабаецца ваш горад, велічныя храмы. А сама болей падабаюцца вашы надзвычай шчырыя і гасцінныя людзі, якія заўсёды гатовы прыйсці іншым на дапамогу.
Гасцям з Францыі была прапанавана змястоўная азнаямляльная праграма з гісторыяй і днём сённяшнім горада і нашага краю.
Яны наведалі малочнакансервавы камбінат, культурна-дэндралагічны комплекс і касцёл Святой Ганны ў Мосары, музей П. Сухога ў СШ №1 г. Глыбокае імя П. Сухога, Глыбоцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат і прынялі ўдзел у дабрачыннай акцыі “Мы – разам!”, якая праходзіла ў гэты час у Глыбокім.
Прадстаўнікі асацыяцыі “А.Р.А.” знаходзіліся ў нас, на Глыбоччыне, з дабрачыннай місіяй. Яны даставілі ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прызначаныя для інвалідаў, што пражываюць у нашым раёне, тэхнічныя сродкі рэабілітацыі.
Тут, у тэрытарыяльным цэнтры адбылася цёплая сустрэча і зацікаўленая гутарка з кіраўніцтвам і работнікамі сацыяльнай службы раёна.