Рамонт у пад’ездзе. Хто, як часта і за які кошт яго павінен рабіць? Калі адзін з жыльцоў не заключыў дагавор на рамонт, ці мае права ЖКГ вылічваць з яго грошы на праведзеныя рамонтныя работы?
Такія пытанні часта задаюць нам жыхары шматкватэрных дамоў. Аб дакладнай працэдуры правядзення бягучага рамонту пад’ездаў расказвае юрыст УП ЖКГ Аляксандр Аляксеенка.
—Першае: абавязак уласнікаў жылых памяшканняў несці расходы па эксплуатацыі іх агульнай маёмасці ўстанаўлівае Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь. Другое: гэты ж абавязак за ўласнікамі жылля замацаваны Пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі №12 ад 4.06.2014 года “Аб устанаўленні пераліку відаў работ па бягучым рамонце жылфонду і парадку кампенсацыі фактычных затрат на бягучы рамонть жылфонда”. Трэцяе: памер платы за бягучы рамонт вызначаецца, зыходзячы з фактычнага кошту, які значыцца ў акце выкананых работ, у долі, суразмернай агульнай плошчы жылых памяшканняў, што займае гаспадар кватэры. Уладальнік большых квадратных метраў будзе плаціць больш. Чацвёртае: у адпаведнасці з часткай 1 пункта 5 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, адмова ад заключэння дагавора на правядзенне бягучага рамонту не вызваляе ўласнікаў, наймальнікаў, арандатараў, забудоўшчыкаў, дольшчыкаў ад унясення платы за аказаную паслугу. Сумы аплат за яе выстаўляюцца ўсім спажыўцам (жыхарам пад’езда), уключаючы тых, хто адмовіўся заключаць дагавор.
Нагодай для бягучага рамонту пад’езда можа быць нездавальняючы тэхнічны стан канструкцыўных элементаў будынка ці яго інжынерных сістэм; наяўнасць на больш чым 40% плошчы дэфектаў аздабляльнага пакрыцця: выбоін, расколін, адслаенне афарбаванага і аздобленага пакрыцця сцен ці столі, тынкоўкі, несанкцыянаваныя надпісы, якія псуюць эстэтычны выгляд пад’езда; жаданне саміх жыльцоў; перыядычнасць правядзення рамонту, які рэкамендавана рабіць не радзей, чым адзін раз у 7 гадоў. Калі жыльцы беражліва адносяцца да агульнай маёмасці, то гэты тэрмін можа быць павялічаны да 10 гадоў. Калі дом унесены ў план капітальнага рамонта, усе хібы будуць выпраўленыя падчас яго правядзення.
Калі дэфекты, напрыклад працёкі даху, водаправодаў, стыкаў сценавых панеляў, не звязаныя з дзейнасцю жыльцоў, іх рамонт праводзіцца за кошт уласных сродкаў арганізацый. Калі пад’езд нецэнзурнымі словамі распісалісалі невядомыя, і іх не затрымалі, за рамонт пад’езда будуць плаціць яго жыльцы. Калі вінаватыя ўстаноўлены, яны будуць аплачваць рамонт за ўласныя сродкі.
Яшчэ раз нагадаю, якія віды работ выконваюцца за кошт жыльцоў пад’езда: гэта расшыўка швоў, замуроўванне выбоін, сколаў на сценах, тынкоўка і аздабленне сцен і столі, у тым ліку падвясной, выраўніванне сцен і столі, узнаўленне і ўмацаванне ляпной аздобы, замена асобных элементаў смеццеправодаў, малярныя работы (афарбоўка сцен, акон, ацяпляльных прыбораў, рашотак, паштовых скрынак, поручняў), рамонт печаў і дымаходаў.
Жыльцы па ўласным жаданні могуць заключыць дагавор на правядзенне бягучага рамонту як з УП ЖКГ, так і з любой камерцыйнай арганізацыяй – гэта іх права.