Што рабіць, калі няма чым плаціць крэдыты, калі тэрмін выплат сышоў і банк напамінае аб сабе, дасылаючы “пісьмы шчасця”?
Як правільна паводзіць сябе, каб банк прыняў да ведама складаную фінансавую сітуацыю і пайшоў на ўступкі? На гэтыя пытанні адказвае намеснік начальніка аддзела рознічных паслуг разлікова-касавага цэнтра (РКЦ) №39 г. Глыбокае філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Алёна Валянцінаўна Казановіч.
—Ёсць схема атрымання і разліку па крэдытах. Перш чым пазычыць у дзяржавы грошы, грамадзянін павінен пралічыць усе “за” і ”супраць” і дапусціць ступень рызыкі, бо здарыцца можа ўсялякае: падвядзе здароўе, не будзе работы, паменшае зарплата, з’явяцца неадкладныя справы, што патрабуюць фінансавай падтрымкі.
Узяўшы крэдыт, трэба адказана падыходзіць да сваіх абавязкаў і плаціць вызначаныя сумы ў тэрмін. У горшым выпадку раскладка такая: банк выстаўляе неплацельшчыку судовы іск, у кошт пагашэння доўгу апісваецца маёмасць грамадзяніна, выканаўчыя лісты будуць дасланыя па месцы працы даўжніка. Несвоечасовыя разлікі папсуюць крэдытную гісторыю і атрымаць яшчэ адзін крэдыт стане даволі праблематычным.
Каб не абвастраць сітуацыю з банкам і з найменшымі стратамі для сябе выйсці з непрыемнай сітуацыі, трэба правільна сябе паводзіць.
Не трэба адключаць тэлефон, хавацца ад супрацоўнікаў банка, не абманваць і не абяцаць таго, што зрабіць не можаце. Інакш вы трапіце ў “чорныя спісы” і на станоўчае вырашэнне вашага пытання ўжо можна не спадзявацца: банк на ўступкі “партызанам” не пойдзе.
Не дапускайце, каб пратэрміноўка па крэдыту была большай за месяц. Ідзіце ў банк, тлумачце сітуацыю, папярэджвайце аб складанасцях, прасіце дапамогі ў спецыялістаў. Падобныя паводзіны выклікаюць давер і супрацоўнікі банкаў, убачыўшы вашу занепакоенасць, стануць больш лаяльнымі ў адносінах да вас.
Змяншайце даўгі па крэдыту кожны месяц хоць патроху. Напрыклад, калі плаціць трэба 900 тысяч, плаціце хоць па 300. Банк убачыць, што вы – чалавек дысцыплінаваны, ад сваіх абавязкаў па выплаце не адмаўляецеся, а таму можа пайсці на некаторыя ўступкі.
Якую дапамогу можа атрымаць кліент за прыкладныя паводзіны?
Калі крэдыт брала жанчына, якая знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцяці, банк можа прадставіць ёй адтэрміноўку плацяжа па асноўным доўгу ці працэнтах па крэдыту на той час, пакуль яна не выйдзе на працу.
Банк можа прадоўжыць тэрмін пагашэння асноўнага доўгу да 4 гадоў (калі крэдыт узяты на 2 гады) і знізіць у сувязі з гэтым памесячную суму плацяжа напалову (пралангацыя крэдыта).
Можна атрымаць адтэрміноўку пагашэння асноўнага доўгу і працэнтаў па крэдыту на 3-6 месяцаў (увесці мараторый), калі банк давярае кліенту і яго абяцанню, што фінансавае становішча ў хуткім часе зменіцца і ён будзе плаціць спраўна.
Банкі могуць пайсці на адзін, на два варыянты ўступак, а магчыма і на цэлую камбінацыю. З любой сітуацыі заўсёды ёсць выхад, а таму трэба не панікаваць, а пастарацца дамовіцца. Толькі памятайце, што шанцы дамовіцца з банкам зніжаюцца, калі ў кліента надта вялікая пратэрміноўка, калі шмат набраных крэдытаў у іншых банках, калі даўжнік хаваецца, праяўляе агрэсію і не жадае ісці на кантакт.