Ці можна разбагацець, узяўшы возера ў арэнду? Вопыт глыбачаніна

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Пра тое, што Уладзімір Верташонак – рамантык, што не ўяўляе свайго жыцця без прыроды – лесу, азёр, — даведаўся пасля нашай даўняй сустрэчы, калі ён працаваў ляснічым Псуеўскага лясніцтва. Дзякуючы яму пабываў у Галубовым садзе (цудоўная мясцінка на Псуеўшчыне!), дзе, па словах спецыялістаў, сабраны ці не ўсе травы, якія ёсць у Беларусі.

%d0%b2%d0%b5%d1%80%d1%82%d0%b0%d1%88%d0%be%d0%bd%d0%b0%d0%ba-2


Усе наступныя гады ўспрымаў Уладзіміра Міхайлавіча як чалавека слова: скажа – зробіць. І так, што хтось іншы на ягоным месцы зрабіць бы не змог.

%d0%b2%d0%b5%d1%80%d1%82%d0%b0%d1%88%d0%be%d0%bd%d0%b0%d0%ba1
І вось новая – праз гады! – сустрэча з Уладзімірам Верташонкам, цяпер ужо главой сялянскай фермерскай гаспадаркі “Бабруйшчынскае”, якая арандавала возера Белае (плошча – 41 гектар, максімальная глыбіня – 21 метр) для прамысловай лоўлі рыбы і арганізацыі платнага аматарскага рыбалоўства.
Згадзіцеся: фермераў у раёне многа. Але ў большасці сваёй яны працуюць на зямлі, а тут чалавек вырашыў узяць у арэнду возера…

%d0%b2%d0%b5%d1%80%d1%82%d0%b0%d1%88%d0%be%d0%bd%d0%b0%d0%ba-3
—Як узнікла задума стаць фермерам, узяць у арэнду возера? – з гэтага пытання і пачалася наша размова з Уладзімірам Міхайлавічам.

— Родам я з Ушаччыны, з лясной стараны, дзе, як пісаў адзін паэт, “ласі заходзяць у агароды”. Можна сказаць, што ўсе з нашай вёскі ішлі ў леснікі. Пачынаў лесарубам, затым вывучыўся ў Барысаве на лесніка, стаў на сваёй малой радзіме майстрам лесу. Пасля службы ў арміі апынуўся на Глыбоччыне, дзе ўжо 30 гадоў. І вось што атрымліваецца: 40 гадоў я аддаў дзяржаўнай рабоце, і, прызнаюся, урэшце захацелася пакіраваць самому (усміхаецца), а не выконваць чыёсьці заданне.

—Але ўзялі чамусьці не гектары зямлі, а гектары вады?

—Не хацеў адыходзіць ад прыроды, ад лесу, ад азёр, таму ў сваім лясніцтве ўзяў у арэнду возера Белае. Некалі яно было багатае, рыбнае, цяпер рыбы мала. Але я ўпэўнены, што з яго можна зрабіць нармальнае возера, умовы дазваляюць: чыстая вада, глыбіня добрая – 21 метр, дно пясчанае. Можна развесці судака, рыбу, якую вельмі любяць рыбаловы-аматары: сам працэс лоўлі цікавы, і рыба смачная. І па гэтай прычыне нашы рыбаловы едуць па судака ў іншыя раёны, нават за мяжу, таму што паблізу такой рыбы няма. Заказаў ў Новалукомлі лічынкі судака ў спецыяльных пакетах з кіслародам, па вясне будзем запускаць іх. А каб кармавая база была для драпежнікаў, якія выядаюць ікру белай рыбы, запусціў па вясне карася, ён хутка разводзіцца. Лічынкі таксама купіў у Новалукомлі.

%d1%83%d0%bb-%d0%bc%d1%96%d1%85-%d0%b2%d0%b5%d1%80%d1%82%d0%b0%d1%88%d0%be%d0%bd%d0%b0%d0%ba-022
—Карася прыносіце у ахвяру?

—Атрымліваецца, што прыношу.

—Вось вы ўзялі возера ў арэнду. Раскажыце пра свае першыя крокі, з чаго вы пачыналі?

— Работы праведзена многа. Як толькі мне перадалі возера, аб’ехаў ўсе берагі і два трохтонныя прычэпы смецця вывез – з берагоў сабраў. Каб больш не смецілі, паставіў кантэйнеры, у месцах масавага наведвання – туалеты; альтанкі пабудаваў, каб ад дажджу схавацца можна было; стаянкі для транспарту абсталяваў, каб не гналі машыны к самай вадзе; пірсы зрабіў, адзін — даўжынёй 40 метраў. У перыяд забароны, калі рыбу можна лавіць толькі на вудачку, па пірсе можна далёка прайсці, сесці за столік і рыбачыць.

—І ўсё гэта адзін?

—Чаму гэта адзін… Сябры памагалі, мае былыя работнікі па лясніцтве.

—Вось мы прыехалі з нашым вадзіцелем Мікалаем на возера. І можам адразу лавіць рыбу?

— Не адразу. На возеры ўстаноўлены інфармацыйны знак, там пра ўмовы лоўлі рыбы ўсё сказана. Для таго, каб рыбачыць, трэба купіць у мяне пуцёўку. Мясцовым жыхарам — пуцёўкі льготныя. Дзецям, школьнікам да 16 гадоў, інвалідам, ветэранам – таксама. Праблем ніякіх няма. Звоняць – сустракаемся, выдаю пуцёўкі.

—Браканьераў хапае? Канфлікты былі?

—Дробязныя – напачатку. Але ўсё хутка аціхла. З павагай ставяцца да мяне, дзякуюць: возера ж прыгажэе.

%d1%83%d0%bb-%d0%bc%d1%96%d1%85-%d0%b2%d0%b5%d1%80%d1%82%d0%b0%d1%88%d0%be%d0%bd%d0%b0%d0%ba-023
—Уладзімір Міхайлавіч, прабачце за прамое пытанне: “З возера жыць можна? Можна разбагацець?”.

— (Усміхаецца) Пакуль не, адны страты. Мне многія задаюць пытанне: “Ці выгадна табе?”. Калі шчыра, то працую не за грошы, на маю думку, працаваць за грошы сумна. Я і ў лясніцтве працаваў дзеля задавальнення. І ўвогуле, як можна шчыра працаваць, калі хтось панукае табой, дае заданні, магчыма, не зусім правільныя? Працаваць трэба не за страх, а за сумленне. Каб самому сабе быць гаспадаром. Ведаю: многія баяцца праверак. А я падчас маёй працы ў лясніцтве праверкі гэтыя любіў па той прычыне, што перад імі заўжды з’яўляліся грошы на тое, каб штось пафарбаваць, падрамантаваць. І ўсё ж перакананы: калі кепска працаваць год, два, то перад самой праверкі хібы свае, памылкі выправіць немагчыма. Працуй сумленна, тады і баяцца нічога не будзеш.

— “Пра працу не за грошы” – думка цікавая. І ўсё ж не згаджуся з тым, што вы не маеце надзеі на плённае развіццё фермерскай гаспадаркі, не разлічваеце на поспех.

—Канечне ж, разлічваю. Інакш бы не браўся за справу. Проста пакуль ідзе працэс станаўлення: трэба ўкласці сродкі, развесці рыбу, зацікавіць людзей, каб яны ехалі на возера Белае, а не на іншыя. З возера сёння не жыву. Але спадзяюся, што буду жыць заўтра.

— І якая рыба водзіцца ў возеры Белым?

— Плотка, акунь вялікі, лешч вялікі, сом, шчупакі ёсць. Возера Белае, у адрозненне ад многіх іншых, не цвіце, таму на ім можна рыбачыць з падводнымі ружжамі. І рыбачаць – з Мінска, з Падсвілля, з Пецярбурга. Пасля расказваюць мне пра двайное дно возера, пра буйныя рыбіны. Самая вялікая рыбіна, якую злавіў я, — гэта сом: 80 сантыметраў ў даўжыню, вага – 3 кілаграмы 600 грамаў. А вось шчасліўцам ўдалося злавіць сама, які заважыў 8 кілаграмаў. Тры гадзіны ваявалі яны з яшчэ буйнейшай рыбінай, але выцягнуць яе так і не змаглі. Словам, рыба ў возеры ёсць. І з часам яе будзе яшчэ больш.

—І апошняе пытанне: “Чаму сваю фермерскую гаспадарку назвалі так: “СФГ “Бабруйшчынскае”?

—Перабраў ўсё: якую назву не прыдумаю, такая ўжо ёсць. Вырашыў назваць гаспадарку па назве вёскі. Бабруйшчына колісь была цэнтрам калгаса. Вёска працвітала: сады, млыны, кузні былі. А сёння вёска не тая, у асноўным тут толькі дачнікі. . Таму хай жыве вёска ў назве сялянскай фермерскай гаспадаркі.

%d1%83%d0%bb-%d0%bc%d1%96%d1%85-%d0%b2%d0%b5%d1%80%d1%82%d0%b0%d1%88%d0%be%d0%bd%d0%b0%d0%ba-035
—Дзякуй за цікавую размову. Уладзімір Міхайлавіч.

—І вам дзякуй.

Калі быў выключаны дыктафон

Пасля гутаркі, якую мы запісалі і выклалі вышэй, Уладзімір Міхайлавіч пазнаёміў нас са сваёй гаспадаркай, з якой, як сам прызнаўся, і жыве. І тут ужо нам прыйшлося здзіўляцца і здзіўляцца. Самаробны трактарок з прычэпам, піларама, сушыльная гаспадарка, шынкавальня, якую гаспадар набыў на кансервавым заводзе пасля яго банкруцтва, сячкарня з маторам, азярко, дзе водзіцца самая розная рыба, сад, грыбная палянка, дзе гаспадар вырошчвае грыбы вешанкі ( усяго – 17 пнёў, з кожнага пня можна сабраць па вядру грыбоў), вяндлярня, дзе можна вэндзіць рыбу, басейн – гэта яшчэ не ўсё, што мы ўбачылі на прысядзібным участку Верташонкаў.

%d1%83%d0%bb-%d0%bc%d1%96%d1%85-%d0%b2%d0%b5%d1%80%d1%82%d0%b0%d1%88%d0%be%d0%bd%d0%b0%d0%ba-003
Акрамя каровы, свіней, перапёлак, курэй, цацарак, увішныя гаспадары ўтрымліваюць 5 бычкоў, якіх купілі па вясне, якіх гадуюць, каб перад Новым годам прадаць. Ну як можна назваць такіх людзей, як Уладзімір Міхайлавіч Верташонак? Працалюб, працаголік? Хіба што так.

%d1%83%d0%bb-%d0%bc%d1%96%d1%85-%d0%b2%d0%b5%d1%80%d1%82%d0%b0%d1%88%d0%be%d0%bd%d0%b0%d0%ba-008
Не пакідала нас здзіўленне і падчас наведвання возера Белае: настолькі ўсё прыгожа, чыста, светла тут: чыстыя берагі, альтанкі, пірсы, лодкі, стол для рыбы, на ім – лінейка, каб вызначыць даўжыню рыбіны…

%d1%83%d0%bb-%d0%bc%d1%96%d1%85-%d0%b2%d0%b5%d1%80%d1%82%d0%b0%d1%88%d0%be%d0%bd%d0%b0%d0%ba-010
На аўтамабілі мы аб’ехалі возера, што зрабіць было не проста: лясныя дарогі вузкія і караністыя, паслухалі расказ Уладзіміра Міхайлавіча пра звяроў, якія водзяцца ў гэтым краі (аказваецца, мы маглі сустрэцца з мядзведзем, ваўком, рыссю, на шчасце, не сустрэліся), пра адпачываючых, якіх ўлетку вельмі многа. Падзяліўся фермер і сваімі планамі: у іх – будаўніцтва Дома рыбалова (дакументы ўсе аформлены, але дазволу на будаўніцтва ўсё няма), валейбольная пляцоўка, жаданне заняцца экатурызмам — арганізацыя цікавых экскурсій, збор грыбоў, ягад (былы ляснічы добра ведае, дзе што расце) катанне на квадрацыкле па лясных дарогах, катанне на лодках. І, на маю думку, Уладзімір Міхайлавіч Верташонак зможа ўсё гэта зрабіць, бо ён не адзін, у яго ёсць надзейныя памочнікі, сябры, а таксама родныя яму людзі, у першую чаргу — дачка Алена і зяць Юра.

%d1%83%d0%bb-%d0%bc%d1%96%d1%85-%d0%b2%d0%b5%d1%80%d1%82%d0%b0%d1%88%d0%be%d0%bd%d0%b0%d0%ba-031

Калі вярталіся ў Глыбокае, наш вадзіцель Мікалай сказаў наступныя словы: “Такое адчуванне, што мы пабылі на цікавай экскурсіі”. Не мог з ім не згадзіцца.

Тэкст і фото Алеся Жыгунова.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2024

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru