Японскім просам будуць карміць кароў. Ва ўсякім разе – у трох гаспадарках раёна: у філіяле “Каралі”, у сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Яблынька”, у ААТ “Залатая падкова”, якія заняліся вырошчваннем на зялёны корм японскага проса (больш вядомая назва кармавой культуры – пайза).
Як зерневая і кармавая культура пайза культывуецца ў Кітаі, Японіі, Індыі, ЗША. На тэрыторыі Расіі паявілася ў канцы XIX стагоддзя на Далёкім Усходзе як кармавая культура. У наш час гэтую культуру вырошчваюць у Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай абласцях Беларусі. Як бачым, дабралася яна і да самых паўночных раёнаў краіны.
Адзін з лепшых механізатараў ААТ “Залатая падкова” і раёна Андрэй Федарэнка не прытойвае свайго захаплення: “Вось гэта ўраджай !”. Ягоны настрой падзяляе і дырэктар акцыянернага таварыства Аляксандр Стукан:
—Мы пасеялі пайзу з разлікам убраць яе не на зерне, а на зялёны корм, паколькі наш рэгіён – паўночны, зерне атрымаць тут больш складана. Як асноўную запраўку, унеслі 250 кілаграмаў сульфату амонію, правялі падкормку. Вільгаць і цяпло зрабілі сваю справу. Больш за трыста цэнтнераў зялёнай масы, а то і пад чатырыста атрымаем. Разам з кукурузай пайза пойдзе ў траншэі і папоўніць кармавы запас. Зерневыя культуры ўраджайнасцю не парадавалі, таму зрабілі стаўку на стварэнне трывалай кармавой базы. У гаспадарцы – вялікая шчыльнасць жывёлы, таму 27-30 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы наўрад нарыхтуем, але ўсё роўна будзем адчуваць сябе камфортна. Сена ў нас малавата, а вось сенажу сіласу будзе дастаткова.
(на здымку механізатар Андрэй Федарэнка)
—Маю інфармацыю, што з правераных сянажных траншэй кармы першага класа ёсць толькі ў філіяле “Мнюта” і ў ААТ “Залатая падкова” – траншэя на МТФ “Бабічы”.
—Пры закладцы траншэй захоўвалі патрабаванні тэхналагічнага рэгламенту: 3-4 дні – на кожную траншэю з кругласутачнай трамбоўкай.
Аўтар Алесь Жыгуноў