У мінулую нядзелю ў гарадскім Доме культуры прайшло свята, прысвечанае Дню работнікаў культуры. Удзельнікаў гэтага знакавага мерапрыемства павіншаваў старшыня райвыканкама Алег Морхат (віншаванне прачытала намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Малатоўнік).
Лепшым з лепшых работнікаў культуры ўручаны ўзнагароды, у іх адрас прагучалі добрыя словы, ім дарылі свой талент музыкі, спевакі, танцавальныя калектывы.
Свята запомнілася не толькі відэафільмам Уладзіславы Барылы пра самыя яркія падзеі сёлетняга культурнага жыцця Глыбоччыны, вельмі шчырай цырымоніяй узнагароджвання, вялікай цікавай канцэртнай праграмай, але і надзвычай цёплай абстаноўкай у зале, у якой прысутнічалі спецыялісты, работнікі культуры і мастацтва, кіраўнікі і педагогі дзіцячых школ мастацтваў і Дамоў рамёстваў, удзельнікі аматарскіх аб’яднанняў і мастацкай самадзейнасці.
Словам, у гэты дзень у Дом культуры прыйшлі людзі незвычайнай прафесіі, з якімі мы сустракаемся на ўсіх каляндарных, прафесійных, гарадскіх, сельскіх, дзіцячых, сямейных і іншых святах; людзі, якія дораць нам свой талент, цяпло, радасць і любоў.
І мы, шчыра ўзнагароджваючы іх апладысментамі, наўрад задумваемся над тым, як гэта не проста сёння ў час найноўшых тэхналогій быць культработнікам, словам, танцам, музыкай зачароўваць сэрцы патрабавальных гледачоў. Выйсці на сцэну – гэта яшчэ не ўсё. Трэба выйсці і выступіць так, як гэта ўмеюць нашы вядомыя калектывы “Цярэшка”, “Крынічанька”, “Vivat”, спевакі Тамара Калантай, Жанна Нарыцына, Эла Гімбіцкая, Павел Пеляёнак, Браніслаў Грамакоўскі, Дзмітрый Джаўшанашвілі (многія іншыя), так, каб кожны з прысутных у зале (або на іншай сцэнічнай пляцоўцы) адчуў, што ў яго ёсць душа, што гэтая душа жыве, хвалюецца, перажывае, што яна здольная адгукацца на прыгожае.
Зрэшты, гэта тычыцца не толькі артыстаў, якія выходзяць на сцэну: творча, самааддана працуюць многія нашы народныя майстры, мастакі, работнікі бібліятэк, музея, словам ўсе-ўсе работнікі культуры.
У Год культуры ім – наша павага і любоў.
Уявім такое: на гэтым свяце прысутнічаў чалавек, які ўпершыню трапіў у наш раён, які і чуць не чуў пра культуру Глыбоччыны. Перакананы: аднаго відэафільма, які мы прагледзелі напачатку, хапіла б, каб ён быў уражаны да глыбіні душы і шчыра ўсклікнуў: “Дык вы ж малайцы! Такога я нідзе не бачыў!”
Сапраўды: фільм уразіў тым, што змог перадаць усю разнастайнасць і высокі ўзровень правядзення святаў, якія прайшлі ў гэтым годзе на Глыбоччыне, маштабнасць іх, шматлюднасць, яркія выступленні таленавітых артыстаў. А праведзеных святаў лічыць і не злічыць: “Вясёлыя галасы”, “Песні юнацтва нашых бацькоў”, святы вёсак, “Квітней Глыбоччына”, “Вішнёвы фестываль”, “Пад зоркай Буйніцкага”, “Мядовы спас”, “Падсвільскі світанак”… Зрэшты, усе святы і не пералічыш. І не варта гэтага рабіць: яны ў памяці жыхароў горада і раёна. І ці не ва ўсіх святах прымаў самы актыўны ўдзел старшыня райвыканкама Алег Морхат. А гэта ўжо пра многае гаворыць, найперш пра тое, што Алег Віктаравіч развіццю культурнай галіны раёна надае вельмі вялікую ўвагу.
Ужо гаварыў вышэй пра вельмі цёплую абстаноўку, атмасферу ў святочнай зале: трэба было бачыць і чуць, як радаваліся прысутныя за сваіх калег, якія выходзілі на сцэну і атрымлівалі ўзнагароды.
Узнагароджаных было шмат. І па гэтай прычыне усіх назваць мы не можам. А вось трох чалавек, якія за шматгадовую і добрасумленную працу і значны ўклад ў развіццё сферы культуры Глыбоцкага раёна атрымалі падзяку Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта, назавём. Гэта ветэраны працы Генадзь Несцеравіч Шульга, Часлава Генрыхаўна Ваяводка, Сафія Мікалаеўна Жаваранак.
Генадзь Несцеравіч, якому днямі споўнілася 80 гадоў, у 60-70 гады мінулага стагоддзя ўзначальваў аддзел культуры райвыканкама, сёння ён старшыня пярвічнай арганізацыі ветэранаў у сферы культуры раёна. Актыўны ўдзельнік народнага клуба “Маналіт”, Генадзь Несцеравіч цёпла павіншаваў прысутных і пажадаў маладым спецыялістам быць дастойнымі прадаўжальнікамі слаўных культурных традыцый папярэдніх пакаленняў. Юбіляру былі ўручаны кветкі і падарунак.
Шмат чаго добрага зрабілі за гады сваёй працы на ніве культуры былая загадчыца філіяла №10 Ломашаўскага цэнтра культуры Часлава Генрыхаўна Ваяводка і былая загадчыца філіяла № 13 Івесьскага культурна-гістарычнага цэнтра Сафія Мікалаеўна Жаваранак.
Дзесяць чалавек узнагароджаны Ганаровымі граматамі Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, сямнаццаць – Ганаровымі граматамі і падзякамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Узнагароды спецыялістам і работнікам галіны культуры ўручылі намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Малатоўнік і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Тарасевіч.
На свяце цёплыя словы гучалі ў адрас як старэйшых работнікаў культуры (ветэранам працы ўручалі кветкі), так і маладых спецыялістаў. Так, на сцэну былі запрошаны маладыя, прыгожыя Кацярына Глябкоўская, Таццяна Кузьміч, Грэта Бекіш, Весна Бекіш, Таццяна Лабацэвіч, Уладзімір Бурэнь.
Сімвалічна тое, што навыкі прафесіі культработніка яны атрымалі на глыбоцкай зямлі: Кацярына Глябкоўская займалася па класе баяна ў Аляксандры Уладзіміраўны Жынь, а Таццяна Кузьміч – у Марыі Пятроўны Трацэўскай, выкладчыкаў Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў; Грэта і Весна Бекішы былі вучаніцамі Веранікі Аляксандраўны Навумёнак, выкладчыка па вакале і харавых спевах Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў; Уладзімір Бурэнь многае пераняў у Мікалая Фёдаравіча Савуліча, педагога Падсвільскай дзіцячай школы мастацтваў.
Слова на дарогу сказала ім ветэран працы, кіраўнік народнага клуба ветэранаў “Маналіт” Тамара Калантай. Яна ж уручыла маладым спецыялістам сувеніры: гіркі ( кожная, вобразна кажучы, — адзін кілаграм культуры), дзе 300 грамаў натхнення, 200 – цярпення, 150 – старання, 150 – творчасці і па 100 грамаў кіпучай энергіі і бадзёрасці.
Што тычыцца творчасці, то ўсе, хто выходзіў на сцэну ў гэты дзень, праявілі сябе найлепшым чынам.
Як вынік — адбыўся вялікі і цудоўны канцэрт!
На нашу думку, адметнасць канцэртнай праграмы заключалася ў тым, што права выступіць на свяце атрымалі як вядомыя ў раёне артысты, так і тыя, хто толькі спрабуе свае творчыя сілы на вялікай сцэне, хто набудзе вядомасць ужо ў бліжэйшы час.
Традыцыйна здзівілі сваім высокім майстэрствам барабаншчыцы ўзорнага ансамбля “VIVAT”, удзельніцы ўзорнага ансамбля эстраднага танца “ВераНіка”, узорнага ансамбля “Радасць”, музыканты дзіцячага духавога аркестра Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў; уразілі сваімі галасамі ўдзельніцы вакальнай групы “Глыбоцкія дзяўчаты” (асабліва спадабалася гледачам песня “Рэкрут”, якую дзяўчаты выканалі разам з салістам народнай эстраднай студыі “Архіў” Паўлам Пеляёнкам), Кацярына Глябкоўская, Браніслаў Грамакоўскі, Юрый Стрэльчанка, Грэта і Весна Бекішы, Марына Хрол і Дзмітрый Джаўшанашвілі, якія праспявалі дуэтам; хораша сыгралі на баяне Таццяна Кузьміч і Уладзімір Бурэнь. Парадаваў сваёй песняй вакальна-інструментальны ансамбль “Вішнёвы горад”, дастойна выступілі іншыя калектывы і выканаўцы.
Як пра цікавыя творчыя знаходкі, трэба гаварыць пра паяўленне на сцэне цара Пятра I (Аляксандр Хайноўскі), які абвясціў, што свята работнікаў культуры трэба адзначаць з шырокім размахам, Астапа Бэндэра (Юрый Стрэльчанка) , Кісы Вараб’янінава (Арцём Фамін) і Элачкі (Таццяна Бяляты), якія ў гэты дзень правялі пасяджэнне клуба “12 крэслаў” (аказваецца, у раёне – 12 чалавек, якія стаяць на чале галіны культуры і яе падраздзяленняў).
…Закончылася свята “Гімнам культработніку”, які выканалі салісты народнай эстраднай студыі “Архіў”.
Алесь Жыгуноў.
Фота Варвары Ваяводавай.