На невялікім хутары Царкоўна, што недалёка ад вёскі Зябкі, жыве звычайная вясковая сям’я. Ён і яна – мясцовыя жыхары, усё жыццё шчыравалі ў калгасе, дома гаспадарку вялікую трымалі, дзетак гадавалі. Жылі, як усе людзі жывуць. Але сям’ю гэту ведалі не толькі ў раёне і вобласці, нават у рэспубліцы. А праславіліся Фядзьковічы тым, што нарадзілі і вырасцілі 16(!) дзетак: 8 дачушак і 8 сыночкаў. Цяпер у Яніны Вікенцьеўны і Івана Канстанцінавіча падрастаюць 33 унукі і 16 праўнукаў. Вось гэта багацце! Вось гэта сям’я!
Патэлефанавалі Фядзіковічам якраз напярэдадні 14 кастычніка. Калі ж яшчэ, калі не ў Дзень Маці, расказаць пра жанчыну, мацярынства якой – сапраўдны подзвіг. Бадзёры жаночы голас у трубцы адказаў: “Прыязджайце, калі вам зручней. Мы ж на пенсіі, цэлы дзень дома.” Дарога да Зябак падалася надта доўгай, мо таму, што хацелася як найхутчэй пазнаёміцца з Янінай Вікенцьеўнай. Цікава было даведацца, як гэта, быць мамай 16 дзяцей?
І вось, здаецца, прыехалі. За вёскай Зябкі, непадалёк ад шашы, як і сказала па тэлефоне Яніна Вікенцьеўна, убачыі на пагорку звячайную вясковую хату, абкладзеную цэглай. Насустрач выйшаў гаспадар, запрасіў увайсці. Яніна Вікенцьеўна і Іван Канстанцінавіч аказаліся надзвычай простымі, шчырымі і жыццярадаснымі людзьмі. Размова пачалася нібы сама сабою.
—Сваю гісторыю мы ўжо шмат каму расказвалі. Нічога ў ёй незвычайнага, — пачаў гаспадар. – Яна на ферме кароў даіла, я быў пастухом – так і пазнаёміліся. Пажаніліся маладымі зусім: было нам па сямнаццаць гадоў. Сталі жыць, дзеці пайшлі. Першы Толік нарадзіўся, праз год – Ванечка, потым Наташа, Іра, Валера, Валодзя, Света, Валя, Лена…
—Штосьці пераблыталі, парадак не той, — гаворыць Яніна Вікенцьеўна. – Давай Рыту пазавём, яна добра ведае, хто за кім. Я памятаю, што нараджаліся два хлопчыкі, дзве дзяўчынкі…
З суседняга пакоя выглядваюць сын з нявесткай (яны жывуць з бацькамі).
—Сяргей, ты дзясяты? – пытаецца бацька.
—Дзясяты, дзясяты, — пацвярджае нявестка і вядзе пералік далей: Сяргей, Пеця, Аксана, Таня, Жанна, Саша, Дзіма. Шаснаццаць? Здаецца ўсе.
—Цяжка вам было?
—А хто яго ведае. У маладосці здавалася, што цяжка, а цяпер здаецца, што не вельмі, — разважае Яніна Вікенцьеўна. – Дэкрэт быў які? Два месяцы – і на працу, не тое, што цяпер. Але спачатку маці дапамагала, потым старэйшыя даглядалі меншых. Так і выраслі ўсе, адзін за адным. Яшчэ і ўнукаў мы падгадавалі. Адзін з трох месяцаў у нас быў. Цяпер у Псуі жыве, харошы хлопец вырас.
—Дзеці ўсе ў нас добрыя, дружныя, працавітыя, — зноў уключаецца ў размову Іван Канстанцінавіч. – Яны нам, як падраслі, на ферме дапамагалі, кароў кармілі, а потым і даілі. І дома многа працавалі. Бывала, паедзем з жонкай па справах якіх у Глыбокае. Вяртаемся – гаспадарка ў парадку, у хаце ўсё чыста прыбрана, падлога вымытая, печкі вытапленыя, есці зварана. Дзеці нас сустакаюць: сядайце мама з татам клёцкі з душамі есці.
— І ўявіць складана, як такую вялікую сям’ю пракарміць? Як апрануць?
—Накарміць не проста, але мы ўсё жыццё гаспадарку вялікую трымалі: карову, каня, свіней, курэй, гусей… Ежы хапала. І апрануцца прасцей было. Гэта сёння, каб сябе ды дзяцей адзець-абуць трэба мільянерам быць.
… Цяпер Яніна Вікенцьеўна і Іван Канстанцінавіч на пенсіі. Ім ободвум ужо за семдзесят. Усе дзеці выраслі і займелі свае сем’і. Цікава, што ці не палова Фядзьковічаў засталіся на Глыбоччыне і пайшлі па слядах сваіх бацькоў – працуюць у сельскай гаспадарцы. Таццяна, Аксана, Лена, Валянціна – аператары машыннага даення. У гаспадарках раёна шчыруюць таксама Дзіма, Сяргей і Валодзя. Жывёлаводам у Шумілінскім раёне – Валерый. Старэйшыя дзеці жывуць ў Глыбокім, хтосьці застаўся паблізу, ля бацькоў, — у Зябках і Псуі. І толькі адзін з Фядзьковічаў – Пеця – асталяваўся ў сталіцы.
А вось паўтарыць подзвіг сваіх бацькоў і стаць шматдзетнымі адважыліся нямногія.
—Пяцёра дзяцей толькі ў Валянціны. А ў астатніх па адным-два, у кагосьці – тры, — гаворыць Яніна Вікенцьеўна.
—От і добра. Унукаў у нас і так, як гароху. Вы толькі ўявіце, каб усе нашы дзеці, як і мы, шматдзетнымі былі. Гэта ж паў Беларусі Фядзьковічаў! – жартуе гаспадар. – Насамрэч, самі мы з невялікіх сямей: я ў бацькоў адзін, а ў жонкі – ёсць брат і сястра.
—Можа таму і даў нам Бог многа дзетак, каб не сумавалі, — разважае Яніна Вікенцьеўна. – Ведаеце, як у нас весела, калі ўсе збіраюцца разам. Хата, як вулей гудзе – і мы шчаслівыя!
Наталля БЕЛЬСКАЯ.