Гэта быў усім матчам матч! На стадыён проста праліўся лівень забітых мячоў: адзін у першым тайме, аж шэсць – у другім. Шкада, што словамі нельга перадаць напал эмоцый, радасць адных балельшчыкаў – іх была пераважная большасць і засмучэнне другіх – з Полацка прыехала група падтрымкі. Без перабольшвання – стадыён звінеў, віраваў, кіпеў ад наплыву самых розных пачуццяў. Гэтым матчам ФК”Глыбокае” пачынаў другі круг чэмпіянату вобласці, і ў госці к нам прыехала адна з мацнейшых каманд нашай падгрупы. Прыехала, каб выйграваць, бо выйгрыш у Глыбокім яшчэ больш павысіў бы шанцы палачан на лідарства ў чэмпіянаце.
Але ж і ФК “Глыбокае” не супраць таго, каб самому стаць лідарам. І пасля гэтай сустрэчы стаў: з 14 ачкамі наш клуб займае першае месца ў сваёй падгрупе. А нападаючы Віталь Стоцік, які ў матчах сёлетняга першынства забіў шэсць галоў, прэтэндуе на званне лепшага бамбардзіра чэмпіянату.
Вызначыўся Віталь і ў гэтай сустрэчы, зраўняўшы на першых мінутах другога тайма лік у сустрэчы. Так, хоць гульнявая ініцыятыва ў першай палове матча належала гаспадарам, але госці аказаліся наперадзе: з пенальці гол забіў Дзмітрый Шарабайка.
Калі шчыра, то першыя 45 мінут асабліва не ўразілі балельшчыкаў: доўгія перапасоўкі мяча ў цэнтры поля, праходы па краях і навесы ў штрафную пляцоўку не прыводзілі да ўзяцця варот ні адной, ні другой каманды. Што тычыцца пенальці, то ён стаў палачанам падарункам лёсу: чыста выпадкова ў штрафной пляцоўцы мяч трапіў у руку нашага іграка.
А вось другі тайм пачаўся няспыннымі атакамі глыбоцкіх футбалістаў. Не столькі многа і часу прайшло, а глыбачане вялі ўжо з лікам 2:1 (другі гол на рахунку Уладзіміра Брылёнка) і прадаўжалі атакаваць. Здавалася, што каманда гасцей рассыплецца і не зможа ўжо аказаць дастойнага супраціўлення. Але гэта толькі здавалася: два мячы, якія госці адзін за адным правялі ў нашы вароты (адзін – з-за няўзгодненасці ў дзеяннях варатара і абаронцы), астудзіў часам паспешлівую гарачнасць атак гаспадароў і нагадаў, што яны маюць справу з моцнай камандай. Лік стаў 3:2 на карысць гасцей.
Час матча няўмольна каціўся да завяршэння, і балельшчыкі з Полацка, паверыўшы ў перамогу любімай каманды, ад радасці прадаўжалі зрываць свае галасы. Вось толькі не ведалі яны, што ФК “Глыбокае” – валявы калектыў, які за перамогу змагаецца да апошніх хвілін. Так урэшце і сталася: спачатку Арцём Жыгулёўцаў зраўняў лік, а на апошніх мінутах сустрэчы Дзмітрый Грак галавой забіў мяч, які і прынёс перамогу нашым землякам. Дзмітрый Грак, дарэчы, у гэтай сустрэчы прызнаны лепшым іграком ФК “Глыбокае”.
Алесь Жыгуноў

2.8300
3.3000
3.7700 
