Фестывалі і “Віват” Глыбоцкага ГДК

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Лета для ўдзельніц узорнага ансамбля барабаншчыц “Віват” Глыбоцкага ГДК і яго кіраўніка Маргарыты Цветнікавай – зорны час.   Толькі ў гэтыя дні ліпеня барабаншчыцы і мажарэткі прайшлі марш-парадам па вуліцах і плошчах святочнага Глыбокага на Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, фестывальнага Віцебска падчас “Славянскага базара”, выступіўшы таксама і на “Вішнёвым фестывалі”.

– Ва ўрачыстым шэсці, якое адкрывала 25-ы юбілейны Міжнародны фестываль “Славянскі базар у Віцебску”,  удзельнічалі 220 барабаншчыц і мажарэтак з 17 калектываў Віцебшчыны. Ішлі ад плошчы Перамогі да Летняга амфітэатра. Кожны ансамбль у парадзе паказваў сваю кампазіцыю, – расказала Маргарыта Аляксандраўна. – Ля амфітэатра на плошчы Свабоды ўсе барабаншчыцы і аркестры прынялі ўдзел у цырымоніі ўрачыстага ўзняцця фестывальнага сцяга.

«Грандыёзна, эфектна, відовішчна», – так апісвалі ў СМІ зводны нумар  юных барабаншчыц. 220 барабанаў задалі рытм фестывалю ў Віцебску. Як і 340 музыкантаў духавых аркестраў вобласці, якія зводнай кампазіцыяй далі старт мерапрыемствам. Першым з іх стала абласное свята-конкурс “Віват, аркестр!”.

–   Звычайна гэты конкурс раз у два гады праводзіцца ў Лепелі. Але арганізатары вырашылі правесці яго ў рамках юбілейнага фестывалю. Нумары аркестраў і барабаншчыц чаргаваліся – атрымалася цікава і прыгожа, – дзялілася ўспамінамі Маргарыта Цветнікава. – Мы паказалі дзве кампазіцыі: вельмі складаную маршавую “Плац-канцэрт” і джазавую “Я люблю саксафон” (дарэчы, з імі “Віват” выступала на “Вішнёвым фестывалі”. – аўт.). Дзяўчаты перажывалі, баяліся, але ўсё ў іх атрымалася.  Усе нумары ансамбляў барабаншчыц з вобласці я бачыла і раней у запісах. Адзначу, што ўзровень падрыхтоўкі расце, у параўнанні з тым, калі мы пачыналі. Але ж усе калектывы створаны пры дзіцячых школах мастацтваў, “Віват” адзіны – пры Доме культуры.  Мы – не музыканты. У нас на першым месцы харэаграфія, малюнак танца, дэфіле, сінхроннасць.

Адзначым і той факт, што з барабаншчыцамі іншых калектываў займаюцца некалькі чалавек (кіраўнік, харэограф, музычны кіраўнік), функцыі якіх у глыбоцкім ансамблі выконвае Маргарыта Цветнікава.

– Вы ж геніі – выконваць усе мелодыі на слых! – захапляўся глыбачанкамі кіраўнік верхнядзвінскага ансамбля, удзельніцы якога на барабанах іграюць музыку (3-яе месца на конкурсе).

Між іншым, Маргарыта Аляксандраўна спадзяецца, што і музычную складаючую ансамбля ў хуткім часе ўзмоцняць:

– У Наваполацкім музычным каледжы на аддзяленні духавых і ўдарных інструментаў вучыцца выпускніца “Віват” Саша Грыцкевіч. Спадзяёмся, што яна вернецца ў Глыбокае.

Тым не менш, у глыбоцкага ўзорнага ансамбля барабаншчыц – 2-е месца, заваяванае ў абласным конкурсе на “Славянскім базары ў Віцебску”.  Віншуем наш любімы калектыў і яго кіраўніка!

Алена Хайноўская



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2024

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru